упе́рціся, упруся, упрэшся, упрэцца; упромся, упрацеся; пр. упёрся, уперлася; заг. упрыся; зак.

1. Уперці частку свайго цела або які‑н. прадмет для апоры, супраціўлення, адштурхвання. Абхапіўшы разеілку вершаліны, дзяўчынка ўперлася нагамі ў снег і пацягнула. Гарбук. [Бабёр] моцна ўпёрся ў сценкі прахода і не хацеў вылазіць. Самусенка. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. [Макар] стаў пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі. Чорны. // перан. Разм. Утаропіцца ў каго‑, што‑н. Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў .. [Сотнікава] вострым позіркам і чакаў. Быкаў. Девін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачыма ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк. // Прыняць пэўны напрамак (пра вочы, позірк). Мае вочы ўперліся ў .. блішчастыя гузікі на мундзіры [паліцыянта]. Дамашэвіч.

2. Наткнуцца ў час руху на якую‑н. перашкоду, уткнуцца ў што‑н. Ззаду загрукацелі колы.. З разгону.. добры конь упёрся грудзьмі ў палукашак нашага воза. Брыль. — Ідзі, чалавеча, проста, аж пакуль пяройдзеш сенажаць. Там упрэшся ў рэчку,.. — адказаў той, што стаяў ля шула. Крапіва. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Гартны. Мінула некалькі хвілін, і прамень ліхтара ўпёрся ў перашкоду. Шыцік. // Распасціраючыся ў якім‑н. напрамку, наблізіцца да чаго‑н. Нарэшце луг упёрся ў невялікі лес, толькі рэчка, агінаючы яго справа, пабегла некуды далей, на поўдзень. Шчарбатаў. // перан. Разм. Накіравацца ўвысь, узвысіцца. А побач з убогімі будынкамі ўперліся ў неба панскія палацы. Пшыркоў. У хмары ўперліся стагі кудлатымі галовамі. Ставер. // перан. Наткнуцца на якія‑н. цяжкасці, перашкоды пры ажыццяўленні чаго‑н. Справа ўперлася ў непрадбачаны фармалізм. □ Часамі пішучы ўпрэшся ў што-небудзь, не ўдаецца. А далейшае ўжо выразна малюецца, думка думку падказвае. Лужанін. // Разм. Сканцэнтравацца на чым‑н. адным. Як упруцца [дагматыкі] ў што-небудзь, дзяўбуць адно і тое ж дзесяткі год. Прокша.

3. Аказаць супраціўленне чаму‑н., не захацець згадзіцца з чым‑н., уступіць каму‑н. — Асабліва не гарачыся, калі Пятрусь упрэцца, — гаворыць.. [Ярыне] маці. Бажко. [Кулагін:] — Я быў за тое, каб табе першую прэмію аддалі. Настойваў нават. Дык члены праўлення ўперліся, парторг таксама. Гаўрылкін. Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Колас. // Занаравіцца. Конь упёрся і ні з месца. □ — Ну ідзі, ідзі, Лысачка! Пашчыпай у рове трохі травы... — кажа Зося карове. Але Лыска ўперлася — і ні з месца. Каліна.

4. Разм. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці, пранікнуць куды‑н. І — нібы згаварыліся — следам за .. [Мікітам] упёрся ў хату камляваты дзядзька Тодар Малахаў. Зарэцкі. // Улезці ў што‑н. Зарагатаў над ім другі Партнёр, — Упёрся ў багну — сам і вырабляйся! На дапамогу, друг, не спадзявайся... Забудзь на дагавор! Валасевіч.

•••

Упёрся як баран — пра ўпірыстага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уступі́ць 1, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. Стаць членам якой‑н. арганізацыі, таварыства. Уступіць у прафсаюз. Уступіць у кааператыў. □ Калі пачалася калектывізацыя, бацька мой і іншыя малазямельныя аднавяскоўцы першымі ўступілі ў калгас. Кулакоўскі.

2. Пачаць якое‑н. дзеянне, прыняць удзел у чым‑н. Уступіць у спрэчку. Уступіць у перагаворы. □ Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. Першымі ў барацьбу ўступілі лыжнікі. «Звязда». // Перайсці ў які‑н. стан, перыяд развіцця. Уступіць у шлюб. □ Прамінула наша маладосць, І мы ўступілі ў сталыя гады. Глебка. З самага пачатку 1860‑х гадоў Расія ўступіла ў новы перыяд вызваленчага руху. Ларчанка.

3. Увайсці, уехаць куды‑н. Як толькі Чырвоная Армія ўступіла ў горад, Банда з польскім войскам пайшла далей на Захад. Карпюк.

4. Стаць нагой у што‑н. Уступіць у лужыну. □ [Ларыса] хуценька пацягнула кароценькі чырвоны сарафанчык, уступіла ў сандалікі і, грукнуўшы дзвярыма, выбегла з хаты. Арабей.

5. Ступіць, наступіць на каго‑, што‑н. Уступіць на нагу.

•••

Уступіць у (свае) правы — праявіцца ў поўную меру, сілу.

Уступіць у сілу — стаць законным.

Уступіць у строй — пачаць дзейнічаць.

уступі́ць 2, уступлю, уступіш, уступіць; зак.

1. каго-што. Добраахвотна адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць іншай асобы. Міхал уступіў асірацелым пляменнікам Сёмку і Марце сваю хату і перабраўся жыць да зяця. С. Александровіч. Бабуля ўступіла.. [Ніне] свой ложак каля печы, а сама курчыцца на лаве за сталом. Брыль. // (пераважна з адмоўем «не»). Паступіцца чым‑н. Хто — каго, хто здасца першы? Але ніхто не хацеў уступіць пяршынства. Шамякін.

2. каму-чаму і без дап. Пайсці на ўступкі, згадзіцца з чым‑н., перастаць супраціўляцца. Уступіць просьбам. □ Характар у [дзяўчыны] памяркоўны, ураўнаважаны. Такая, дзе трэба за сябе пастаяць — пастаіць, а дзе трэба ўступіць — уступіць. Пальчэўскі.

3. каму-чаму. Не вытрымаць параўнання ў якіх‑н. адносінах, аказацца горшым за каго‑, што‑н. [Яўген:] — Наш Лявон Махавік кажа, што драніца нават не ўступіць гонтам. Баранавых.

4. каго-што. Прадаць каму‑н. дзешавей назначанай цаны. Уступіць тавар за паўцаны. □ [Гаспадыня:] — Дзвесце рублёў, шаноўная. Але як такой студэнтачцы — за паўтараста ўступлю. Грамовіч. // Згадзіцца збавіць частку цаны пры продажы. Бялову нарэшце надакучыла «чытаць мараль», паспешліва падышоў і стаў поплеч, любуючыся жарабком. — За дванаццаць тысяч, каб яму добра ікнулася. Стары друг, а ні капейкі не ўступіў. Шамякін.

•••

Уступіць дарогу каму — тое, што і даць дарогу каму (гл. даць).

Уступіць месца чаму — змяніцца, замяніцца чым‑н. Дарога ўсё падымалася ўгару. Парослая травой, яна ніяк адразу ўступіла месца пясчаным россыпам, якія не паспеў нават схапіць трыліснік. Асіпенка. Толькі ў сярэдзіне красавіка зіма ўступіла сваё месца вясне. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. □ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. □ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву, жывеш, жыве; жывём, жывяце; пр. жыў, ‑ла, ‑ло; незак.

1. Быць жывым, існаваць. — Гані ад сябе дрэнныя думкі, Таня, — сказаў Васіль Раманавіч, гледзячы ёй у вочы. — Чалавек будзе жыць, калі ён прагне жыцця. Новікаў. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я, Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч. // Тварыць, дзейнічаць; карыстацца жыццём. Мы шляхам сонечным ідзём Перамагчы — і жыць. Наш кліч запаліцца агнём На новым рубяжы. Багун. Глушко.. не губляе гумару і добрага настрою. Суседзі лічаць — умее жыць, не прападзе ні пры якіх пераменах. Навуменка. // перан. Існаваць (пра нежывыя прадметы). Магутнасць вясны жыла ў лясах і ў полі. Чорны. У фальклоры словы сапраўды жывуць, змяняюцца, узбагачаюцца новым зместам, набываюць адценні, шліфуюцца, перайначваюцца. Шкраба.

2. перан.; чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым‑н., поўным руху. Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Ноч жыла ранейшымі гукамі — ні на хвіліну не змаўкалі трактары, заліваліся салаўі ў аддаленні. Хадкевіч.

3. Быць захопленым кім‑, чым‑н.; лічыць што‑н. галоўным у жыцці. Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец. Тры гады ён табою адною жыў, Заслужыў на сустрэчу салдацкае права ён. Панчанка.

4. Весці той або іншы спосаб жыцця, знаходзіцца ў пэўных умовах існавання. Жыць багата. □ І ўсе жылі ў згодзе, без сваркі. Колас. // чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым‑н. Нам плацілі бульбай, Бульбай мы жылі. Бядуля. Нідзе на службе.. [Іван Пятровіч] цяпер не быў па старасці год, а жыў з пенсіі. Якімовіч.

5. Знаходзіцца, пражываць дзе‑н. Жыць у вёсцы. □ —Тут жыве Гарус? — запытаўся.. госць. Чорны. // Насяляць што‑н., вадзіцца дзе‑н. На тэрыторыі СССР жыве шмат нацыянальнасцей. Зубры жывуць у Белавежскай пушчы.

6. Пражываць сумесна з кім‑н., сярод каго‑н. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека, — Стронен жыў адзін, Алёша жыў з людзьмі. Чорны. З ваўкамі жыць — па-воўчаму выць. Прыказка. // з кім. Разм. Знаходзіцца з кім‑н. у любоўных сувязях. — Гэта была адзіная жанчына, з якой я жыў да таго, як ажаніўся. Шамякін.

7. перан. Існаваць, мець месца (пра адцягненыя паняцці, вобразы і пад.). Жыць у легендах. □ [Наталля:] Чалавек жа хоча жыць і пасля смерці... у сваім патомстве, у сваіх справах. Крапіва.

•••

Жыць з мазаля — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць можна — нічога сабе, так сабе (пра пасрэдныя, цярпімыя ўмовы).

Жыць сваім розумам — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках.

Жыць сягонняшнім днём — не клапаціцца пра будучае.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) бог жыве гл. бог.

У горы жыць ды з перцам есці — пра жаданне мець што‑н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цягну́цца, цягнуся, цягнешся, цягнецца; незак.

1. Размяшчацца дзе‑н., працягваючыся, выцягваючыся (пра канат, вяроўку і пад.). Цягнуліся густыя правады. Адамчык. // Распаўсюджвацца, размяшчацца ў якім‑н. напрамку (пра шэраг прадметаў). Агарод цягнуўся паўз дарогу. Чорны. // Размяшчацца на вялікай адлегласці, прасторы. На далёкія вёрсты цягнецца лес. Скрыган. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. Адразу за вёскаю пачынаўся і цягнуўся па абодва бакі дарогі на некалькі кіламетраў сад. Сачанка.

2. Мець уласцівасць павялічвацца ў даўжыню, шырыню. Рызіна цягнецца. Скура цягнецца.

3. Працягваць руку, галаву да каго‑, чаго‑н., падавацца ўсім корпусам у якім‑н. напрамку. Палкоўнік паволі ўзнімаўся на сваім крэсле і, ухапіўшыся рукамі за край стала, цягнуўся да твару Васіля. Лынькоў. Да папярос цягнуліся мазолістыя пальцы, і каробка ўмомант пусцела. Шамякін. Цягнецца ручка, каб месяц забраць: Добра, каб з небам у хатцы гуляць! Грамыка. // Выцягвацца, імкнуцца ў якім‑н. напрамку пры росце (пра расліны). Шумяць бары, І сосны, як прамяні, цягнуцца да сонца. Танк. [Сцяпан:] — Я гляджу, жыта нішто будзе. І лён добра цягнецца. Гіль.

4. Мець схільнасць, імкнуцца да каго‑, чаго‑н. Людзі цягнуцца да культуры. «ЛіМ». [Уля] бачыла, як цягнуўся.. [Мікола] да яе, зусім малады і нявопытны. Паўлаў. Дачка шчырэла з году ў год, Цягнулася да ведаў. Барадулін.

5. Разм. Станавіцца навыцяжку (перад начальствам; пра ваенных).

6. З цяжкасцю ісці; ледзь перастаўляць ногі, плесціся. Нібы разбіты паралюшам, ледзь валочачы ногі і спатыкаючыся, Мікалай цягнецца дадому. Дамашэвіч.

7. Заставацца пасля руху (пра след). А след мой цягнецца істужкай. Журба. Імчацца МАЗы ў цемнату Ад вечара да раніцы, І пыл за імі на хаду Бясконцым шлейфам цягнецца. Грахоўскі.

8. Рухацца ў адным напрамку цугам, чарадой. Цягнуцца доўгім ланцугом абозы. Шынклер. Праязджаеш далей і бачыш, як цягнуцца ў поле адна за адной фурманкі, гружаныя мінеральным угнаеннем. Краўчанка. // Наплываць (пра думкі). І думкі цягнуцца нясмела — і сумна, сумна на душы. Машара. Цягнуцца дзедавыя думкі тоненькай доўгай ніткай. Бядуля.

9. Павольна распаўсюджвацца слабым струменем (пра дым, пах і пад.). Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Мележ. Дым не ўзнімаўся ўгору, а слаўся па балоце, цягнуўся доўгімі пасмамі. Шамякін.

10. Быць адстаючым; адставаць па якіх‑н. паказчыках. Падумаць толькі: Коля Раманаў, які ледзь цягнуўся на тройках, раптам атрымлівае пяцёрку. Рунец. Саўгас сапраўды карыстаўся дрэннай славай, цягнуўся ў хвасце. «Звязда».

11. Працягвацца, праходзіць марудна, доўга (пра час). Дзень улетку вялікі. Доўга цягнуўся ён, пакуль цень ад ціхай ночы не лёг на зямлю. Чорны. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Паслядовіч. Час цягнуўся пакутліва доўга. Калодзежны.

12. Раздавацца, гучаць (пра мелодыю, песню). Цягнуўся альт, Грымеў басіла. Глебка.

13. Струменіцца. Ад акна да падлогі цягнуўся сіняваты пучок промняў. Беразняк.

14. Валачыся па зямлі. Лейцы цягнуліся па зямлі.

15. Зал. да цягнуць.

•••

Цягнуцца на нітку — старацца з апошніх сіл.

Цягнуцца (плесціся) у абозе — адставаць ад іншых, быць у хвасце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́сці 1, нясу, нясеш, нясе; нясём, несяце; пр. нёс, несла і нясла, несла і нясло; заг. нясі; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. [Людзі] неслі на насілках хворага. Якімовіч. Стары нёс за плячыма маленькі куфэрак. Чорны. // Дастаўляць, адносіць куды‑н. І нясуць, і нясуць транспарцёры На-гара, на-гара сільвініт. Хведаровіч. І нясуць у прасторы раскутыя міжпланетныя караблі Нашы вымпелы пяцікутныя. Бураўкін. // перан. Перадаваць каму‑н.; распаўсюджваць. Несці культуру ў масы. Несці веды народу.

2. каго-што і без дап. Перамяшчаць сілай свайго руху (пра вецер, плынь вады і пад.). Вецер нясе па небе хмары. □ Спакойна і павольна, як у зачарованым сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Колас. / у безас. ужыв. З усяго поля дзень і ноч дзерла снег і пясок і несла ў вёску. Пташнікаў. // Імкліва рухацца, імчаць; везці. Лодка ўвечар нас чакала, Несла нас ракою плыннай. Зарыцкі. Коні шпарка неслі па наезджанай саннай дарозе. Быкаў.

3. каго-што (толькі ў 3 ас., пераважна ў пытальных і клічных сказах). Разм. Прымушаць каго‑н. ісці куды‑н.; цягнуць. [Сымон:] — Куды гэта вас бог нясе? Лынькоў. Ажно млосна Саўку стала, Аж яго затрэсла: — А што цябе ў карак гнала? Куды цябе несла? Гілевіч.

4. Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.). Мяккі снег лятае пухам, І канца яму няма, І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма. Колас. / у безас. ужыв. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык. // пераважна безас. Перадавацца па паветры, быць адчувальным (пра пах, цяпло і пад.). Пажарышча далёка відаць — на многа вёрст. Нясе гарам. Бядуля.

5. перан.; што. Выконваць якія‑н. даручэнні, абавязкі па службе і пад. Несці вахту. Несці ахову. Несці адказнасць. □ Сваю абходчыцкую службу Птах шануе і нясе спраўна, але не дае маху і на старане. Навуменка.

6. перан.; што. Пакутаваць ад чаго‑н.; мець страты. Несці кару. □ На стыку трох рэспублік Насыпаны курган. Тут біліся без страху І рускі, і латыш. Мы неслі разам страты, Салдаты і браты. Панчанка.

7. што. Прыносіць з сабою як вынік; выклікаць што‑н. Восень нясла смугу і доўгія ночы. Чорны. Хачу, каб славілі мы ўсе Паход, што людзям мір нясе. Куляшоў. Вайна заўсёды боль нясе. Броўка.

8. перан.; што. Разм. Гаварыць што‑н. недарэчнае, бязглуздае.

9. перан.; што. Мець, змяшчаць у сабе. Кожны сённяшні дзень нясе ў сабе крупінку дня ўчарашняга. «Маладосць». // Быць носьбітам чаго‑н. (якіх-н пачуццяў і пад.). Будзе ў сэрцы з веку ў век Несці творчай працы радасць Непакорны чалавек. Глебка.

10. што. Спец. Быць аснашчаным чым‑н. Карабель нясе шэсць гармат.

•••

Несці ахінею — гаварыць, пісаць і г. д. глупства.

Несці крыж — цярпліва пераносіць пакуты, выпрабаванні.

Несці сябе (высока) — трымаць сябе ганарліва. Які ён гога! які дока! Як ён сябе нясе высока! Колас.

Ногі не нясуць гл. нага.

не́сці 2, нясе; пр. несла і нясла; незак., што.

Класці яйцы (пра птушак). — [Куры-афрыканкі] нясуць малюсенькія і вельмі ж моцныя яйкі. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́снуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. каго-што і на што. Налягаць сваім цяжарам на каго‑, што‑н. [Паранены:] — Здыміце процівагаз, ён цісне плячо мне. У процівагазе бінт, дастаньце яго... але раней вы можа дасталі б вады мне... — ціха гаварыў ён засмаглымі, пачарнелымі ад пылу губамі. Лынькоў. // З сілай налягаць на каго‑, што‑н.; націскаць. Жанчыны аднастайна згіналі нагу ў палене, з усёй сілы ціснулі ёю на тупы, загнуты край рыдлёўкі, потым увішна пераварочвалі чорны пласт зямлі. Асіпенка. Мікалай Сямёнавіч не стаў адразу ціснуць на запалую ў гняздзе кнопку званка. Пінчук. // Спец. Дзейнічаць сілай напружання. Газ цісне на сценкі пасудзіны. // Сілаю, цяжарам набліжаць да чаго‑н.; прыціскаць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў.. [Адама] да зямлі, як каменная гара. Паслядовіч. Да Міколы падсаджваецца тоўсты чалавек, і Мікола адчувае, як нахабна цісне ён яго да сцяны. Гаўрылкін. // перан. Прыгнятаць, выклікаць адчуванне цяжкасці. А сум цісне і цісне сэрца, і я супастаўляю створаныя мною характар і вобраз жанчыны з вобразам тае, з якой мы апынуліся на розных берагах. Дуброўскі. Надвор’е неяк цісне на цябе, псуе настрой. Васілёнак. // перан. Аказваць уплыў на каго‑н., звычайна непажаданы. — Ты ж ведаеш, што на мяне таксама ціснулі. Таму і кажу: самае вернае — нейкі разумны кампраміс. Савіцкі.

2. каго-што. Сціскаць, мяць. Насця Закрэўская.. ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў. Чорны. // Моцна абнімаць. Сябры ціснулі адзін аднаго ў абдымках. Кухараў. І ціснуў да сябе Пятрусь дзяўчыну. Нікановіч. // Перашкаджаць дыханню (пра адчуванне болю ў грудзях, сэрцы). Цісне кашаль грудзі — Маці занядужала. Глебка. / у безас. ужыв. Нясцерпна ціснула ў грудзях, калола пад лапаткай. Кандрусевіч.

3. што і без дап. Быць цесным, сціскаць цела (пра адзежу, абутак). Новыя чаравікі ціснуць. □ Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

4. што. Выціскаць (сок). Ціснуць сок з яблыкаў. // Разм. Рабіць (віно, гарэлку) саматужным спосабам; гнаць. Насадзіўшы вінаград, [Ной] Ціснуў сам і піў віно. Крапіва.

5. каго-што. Наступаючы, прымушаць здаваць свае пазіцыі, адступаць (пра войскі). — Зводка — цуд! — радасна ўсклікнуў Косця. — На ўсіх франтах нашы ціснуць фашыста. Курто.

6. Павялічвацца, узмацняцца (пра холад, мароз). Ціснуў мароз, і па ўсім было відно, што зіма, не ў прыклад мінулым, будзе суровая. Лупсякоў.

7. Разм. Ужываецца для абазначэння інтэнсіўнага, энергічнага руху або дзеяння. Цяпер наш дзядзька не чытае, А больш пад ногі паглядае Ды кіне вока, ці не блісне Жаданы шнур, ды далей цісне. Колас. [Марат:] — А ты сябруеш з ім [Санеевым]. Давай, Алег, не адкладвай. Цісні да яго. Ярашэвіч.

8. каго-што. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, друкаваць. Ціснуць артыкул. // Канчаць, завяршаць якую‑н. творчую работу. Ціснуць дысертацыю.

•••

Ціснуць капейку — а) зарабляць грошы. [Буднік:] — Казённай службы саромецца не трэба. Служы, Мікіта! Цісні капейкі! Галавач; б) збіраць грошы, не траціць.

Ціснуць на (усе) педалі — прыкладаць усе намаганні для дасягнення, выканання чаго‑н.

Ціснуць руку — а) націскаць руку пры сустрэчы, развітванні. Я матулю сваю абдымаю, Свайму бацьку я цісну руку. Астрэйка; б) віншаваць. Кастуся віншавалі. Давалі яму хто што мог. Прыходзілі камандзіры, ціснулі руку. Ваданосаў.

ці́снуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ціскаць (у 1 знач.).

2. Зак. да ціскаць (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Ударыць, звычайна са стукам. [Госць] стукнуў кулаком аб стол так моцна, ажно пасуда зазвінела на розныя галасы. Бядуля. Цар стукнуў сваім царскія посахам аб падлогу. Якімовіч. Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню,.. [стары] нечакана стукнуў посудам па стале і ўстаў. Брыль. / Пра біццё, штуршок сэрца. Толькі ціха стукнула сэрца. Толькі крыкнуў тужлівы птах. Дайнека. // Ударыць каго‑н. Дастаткова .. [Саўку] было самага раз’юшанага быка ўхапіць за рогі, стукнуць кулаком па галаве, як той валіўся на зямлю. Гурскі. Тады .. [Стафанковіч] нацягнуў рукаў свайго кажушка і знячэўку стукнуў Сашку па карку. Чорны. / у безас. ужыв. — Ой, Цэзар, — гаварыла маці. — Быць манцёрам зусім не цікава. Ды і токам можа стукнуць. Ты ў нас будзеш музыкантам! Арабей. // перан.; па кім-чым. Разм. Зрабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія папрокі, заўвагі; папракнуць каго‑н. за што‑н. Стукнуць па безгаспадарчасці. // каго. Разм. Забіць або раніць. У асінніку дзіка стукнулі. □ [Злобіч:] — Кожны дзень, кожную ноч дзе-небудзь ды і стукнем [фрыца]. Вось і сёння... М. Ткачоў. — Каюк усім нам, — уголас гаворыць Аўсянік. — Ладуцьку стукнулі, ясна. Навуменка. / у безас. ужыв. Вось тады мяне і стукнула, — [Доўбік] паказаў на сваю пераносіцу. Гроднеў. // перан. Падзейнічаць на галаву або на органы руху. Пракоп даўно ўжо не піў гарэлкі, і хмель наймацней стукнуў яму ў галаву. Колас. / у безас. ужыв. Твар .. [Зосі] пабялеў, стукнула ў вушах. Чорны.

2. Учыніць стук, шум пры ўдары, штуршку. Зноў стукнула брамка. Таня зірнула з-за сцяны. Ішоў Вадзім. Паўлаў. Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача. Колас. / у безас. ужыв. Не па возеры стукнула, а недзе ў напрамку Прыпяці. Краўчанка. // Ударыць маланкай, моцна загрымець. Жыла [Фроська] і сумавала, а больш ад страху калацілася: пярун мог стукнуць, нядобры чалавек зайсці. Лобан. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

3. Ударыць (у акно, дзверы і пад.), падаючы стукам сігнал аб прыходзе, просьбе ўпусціць і пад. Тройчы стукнуць у акно — такі ўмоўны знак. Кулакоўскі. // Раптоўна, нечакана або з сілай пачацца, пастаць (пра з’явы прыроды). Перад самымі калядамі раптам стукнуў .. мароз. С. Александровіч.

4. каго-што і без дап. Знянацку напасці, раптоўна атакаваць. Рухавей павялі сваю работу ваенныя штабы,.. намацвалі найболей слабыя і балючыя цэнтры свайго праціўніка, камбінавалі, строілі планы, каб увесці яго ў аблуду і пры першым жа зручным выпадку стукнуць па ім там, дзе ён меней за ўсё спадзяецца. Колас. [Архіп:] — У раку [легіянеры] не палезуць. Пусціш у пастку і стукнем з трох бакоў. Грахоўскі.

5. Разм. Наступіць (пра час, падзеі). У кнізе падрабязна разглядаюцца прычыны крызісу каталіцызму: для яго даўно ўжо стукнуў той час, калі бунтуюць не толькі асобныя ўплывовыя тэолагі, але і цэлыя епархіі. «Полымя». // безас. каму. Мінуць, споўніцца (пра гады). Мне стукнула шаснаццаць гадоў, я лічыўся дзесяцікласнікам, мяне кахала самая прыгожая ў класе дзяўчына. Навуменка.

6. Разм. Выпіць (чарку). Рыгор-хурман хадзіў без дзела,.. Хадзіў і лёганька хістаўся: Ён трохі стукнуў — ці не з гора? Колас.

7. Прымусіць стукнуцца. [Рыгор:] — Будзеце задзірацца — стукну ілбамі так, што рогі вырастуць! Ваданосаў.

8. перан. Разм. Перадаць што‑н. пры дапамозе якіх‑н. сродкаў сувязі. [Дзед Астап:] — Ты ўжо стукні па тэлеграфе на раз’езд. Лынькоў.

•••

Палец (пальцам) аб палец не стукнуць — тое, што і палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (гл. ударыць).

Стукнуць у галаву; у галаву стукнула каму — нечакана прыйшла думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)