памя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць няроўным, нягладкім; змяцца. Краўчанка неўзабаве асвойтаўся, а агледзеўшы сябе ў гэтых люстрах, знайшоў, што шынель ягоны не такі ўжо і стары, праўда, крыху памяўся ў вагоне, трэ было б скатаць, тады б разгладзіўся. Мікуліч. [Гаранскі] не садзіўся, нібы баючыся, што памнуцца, пакарабацяцца канцікі на ягоных штанах. Сабаленка.
2. Пераступаючы з нагі на нагу, патаптацца на адным месцы. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку. Колас. [Госць] устаў, памяўся крыху на нагах. Чорны.
3. перан. Разм. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць; павагацца. — Добра, так і дамовімся — адзін я не пайду, буду чакаць цябе. Толькі... — Я трохі памяўся. — Як жа ты жыць цяпер будзеш там, на ферме? Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перане́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. перанёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. перанясіся; зак.
1. Хутка перамясціцца куды‑н. Агонь перанёсся ў лес, патрэсквала сухое сучча, чырвоныя істужкі пераскоквалі з дрэва на дрэва, пакідаючы рыжавата-чорныя плямы. Гурскі. Нібы птушка, адарваўся [алень] ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крыл[ах]. В. Вольскі. // Распаўсюдзіцца на што‑н. другое, перамясціцца ў іншае асяроддзе. Пачалося ўпартае змаганне за сцэну. Змаганне перанеслася ў школу, дзе сярод вучняў было многа гурткоўцаў. Галавач.
2. перан. Перанесці сябе ў думках, уяўленнях у іншае месца, іншае асяроддзе і пад. Перанесціся ў мінулае. □ [Маша] перанеслася ў думках на палі сваёй брыгады, пераходзіла з ўчастка па ўчастак, любавалася маладою рунню. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Стукаць некаторы час; стукнуць некалькі разоў. З дзіцячай цікаўнасцю.. [сын] аглядаў і мацаў кожную рэч. Пакратаў шторы, пастукаў пальцамі па сцяне. Шамякін. Дзед пастукаў па цэбры драўляным малатком. Бядуля. Кветачкі пальцаў цвёрда, нібы ў лад думкам, пастукалі аб стол. Мележ. // Стукам (у дзверы, акно і пад.) даць знаць аб сваім прыходзе, просячы ўпусціць куды‑н. Вось Мікіта звярнуў направа, адчыніў брамку і нясмела пастукаў у шыбу. Скрыпка. Я мінуў перакошаныя і парысаваныя бартамі грузавых машын бетонныя слупы і пастукаў у парадныя дзверы. Карпюк. У акно моцна пастукалі. Лынькоў. // Падаць сігнал, стукнуўшы некалькі разоў; паведаміць аб чым‑н. стукам. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́яцца, сеецца; незак.
1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.
2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.
3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.
4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́са, прысл.
1. Скасіўшы вочы; збоку. Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Маўр. Чэмпіён, не зважаючы ні на кога і сам скоса любуючыся сваімі значкамі, ганарыста прайшоў да піянерважатага. Скрыпка. Майка не павярнулася на, крокі, а калі .. [Алесь] пазваў яе, скоса ўскінула на яго дзікаватыя і нібы разгневаныя вочы. Караткевіч.
2. перан. Недаверліва, падазрона, недружалюбна. Ходзячы па двары, па хаце, заўважыў Агей, што пазіраюць сыны [адзін на аднаго] скоса, не па-людскому. Галавач. Мне здалося, што гнеў старога трошачкі адпаў, хоць ён і скоса глянуў на мяне, як на якога злачынцу. Сабаленка.
3. Па дыяганалі, пад вуглом да прамога напрамку. Ад святла, што скоса падае ў акно на Валіны рукі, абгортка марожанага падобна на бліскучы і туманны кавалак лёду. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снава́ць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.
1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.
2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.
3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.
4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцяг, ‑а; мн. сцягі, ‑оў; м.
1. Умацаванае на дрэўку палотнішча рознай формы і афарбоўкі з надпісамі, упрыгожаннямі і пад., якое служыць эмблемай дзяржавы, арганізацыі ці вайсковай часці, злучэння, карабля. Калоны за калонамі Пад сцягамі чырвонымі Ідуць, як хвалі рэк. Колас. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго! Нібы з іскры гарачай, з таго сцяга — Прабітага — па ўсіх зямных абсягах Забушавала полымя сцягоў. Панчанка.
2. перан.; чаго. Ідэя, якая служыць асновай адзінства дзеянняў якой‑н. групы, арганізацыі; светапогляд, праграма. Пад сцягам міру. Пад сцягам свабоды. □ Хай сцягам служыць слава. Дзяліць паміж сабой Яе не маюць права Ні бог і ні герой! Непачаловіч.
•••
Падняць (узняць) сцяг гл. падняць.
Трымаць высока сцяг гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узры́ў, ‑рыву, м.
1. Хімічны распад рэчыва і ўтварэнне нагрэтых газаў, якія суправаджаюцца моцным гукам і разбурэннем чаго‑н.; выбух. Гэта тут грымелі ўзрывы аманалу, а цяпер спакой і толькі блакітныя дыябазавыя сцены .. сведчаць пра тое, з якімі цяжкасцямі быў збудаваны гэты шлюз. Галавач. // Выбух, выбуховая хваля. Паветра раздзерлі гулкія, цяжкія ўзрывы — некалькі .. гранат разнеслі .. сцены штабнога дом[а]. Лынькоў. Нібы вогненнае рэха, частыя ўзрывы трэслі аэрадром. Шахавец.
2. Разбурэнне, знішчэнне чаго‑н. выбуховым рэчывам. — Хто з вас возьмецца за ўзрыў завода? — паставіў пытанне Паддубны. Пестрак. [Кацярына] загінула смерцю храбрых пры выкананні складанага задання па ўзрыву чыгуначнага моста. Кавалёў.
3. перан. Раптоўнае бурнае праяўленне чаго‑н. [Барташэвіч] .. валіўся на брызент, ажно грымела падлога, а ў зале выбухаў новы ўзрыў весялосці. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.
1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.
2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)