хіто́н, ‑а, м.
1. Мужчынскае і жаночае адзенне старажытных грэкаў — доўгая і шырокая сарочка часцей без рукавоў, якая падпяразвалася з напускам. [Юстын] насіў белую доўгую палатняную світку, якая нагадвала хітон афінян. Бядуля. / Разм. Пра шырокую, свабодную адзежу. Апрануў нейкі хітон.
2. Касцюм танцоўшчыцы класічнага балета з глыбокімі разрэзамі па баках.
[Грэч. chitōn.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хітру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Вельмі хітры чалавек. Заўважыўшы ў поцемках людзей, хітруга гэты адразу ж накіраваўся проста на іх. Дуброўскі. / Пра жывёл, птушак. — От хітругі, пранюхалі, што кукурузу будзем тут сеяць, — скардзіцца на гракоў Тася. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цапу́-лапу́, прысл.
Разм. Спехам. [Кісяленка:] — Трэба тут без спеху, з пачуццём, толкам і расстаноўкаю. А вы цапу-лапу — і няма! Так можна ўвесь бохан злопаць і не адчуць смаку. С. Александровіч. // Пра хуткае і неахайнае выкананне якой‑н. работы. Спярша сядзіць рукі склаўшы, а пасля ўжо цапу-лапу. Янкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвэ́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ледзь жыць, ліпець (пра стан здароўя). Жонка памерла, і ён ледзь цвэгае. // Жыць у нястачы. Не згадзіліся браць балота-сенажаці. Каб менш было выкупу.. І гэтак цэлы век. Бо трэба было ўсё ж такі жыць. І жылі. Цвэгалі-жылі без свайго сена. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ці́каць, ‑ае; незак.
Ціха і мерна пастукваць (звычайна пра гадзіннік і гадзіннікавы механізм). Будзільнік спакойна цікаў на стале. Гроднеў. Ледзь чутна цікаў гадзіннікавы механізм заведзенай міны. Шамякін. // Утвараць гукі, падобныя да цікання гадзінніка. Ці помніш, сцежка ціхая, Абцасікі вясёлыя? Трывожна сэрца цікае, З тугой гляджу наўкола я. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэ́бар, ‑бра, м.
Шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі. Пасля абеду мама з Юзікам .. панеслі карове ў хлеў цэбар з паранкай. Пальчэўскі. Вада ў цэбры пакрылася тоненькім ільдом. Асіпенка. // Разм. пагард. Пра вялікую галаву чалавека. Улан у хаце Баўтрука сядзеў, Падпёршы п’яны цэбар-галаву. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́мця, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.
Разм. Пра няспрытнага, непаваротлівага, нерухавага чалавека. Злосны і на ўвесь свет, і на самога сябе — «Цёрся, цямця, а тут і заняло!» — ён сеў і паехаў памалу. Брыль.
•••
Цямця-лямця — тое, што і цямця.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дае, утварае цень (пра расліны). Спакойна гамоняць Цяністыя вербы. Хведаровіч.
2. Такі, у якім шмат ценю, багаты ценем. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. // Які знаходзіцца ў цяні, заценены. У парку ёсць адна асабліва прыгожая цяністая дарожка. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыстапро́бны, ‑ая, ‑ае.
Найвышэйшай пробы, найвышэйшай якасці, без дамешак (пра золата, серабро). Чыстапробнае золата. // перан. Іран. Які мае ўсе прыкметы, якасці (звычайна адмоўныя); сапраўдны. Чыстапробны нягоднік. □ [Субяседнік:] — Так і жывём і нікога не баімся, нават самога паліцэйскага, бо ў нас патэнты і мы не хто іншыя, як чыстапробныя бізнесмены. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ю́р’еў, ‑ева.
У выразе: Юр’еў дзень — у старажытнай Русі да канца 16 ст. — права пераходу сялян ад аднаго памешчыка да другога адзін раз у год, пасля заканчэння сельскагаспадарчых работ, у дзень святога Георгія (Юрыя).
•••
Вось табе, бабка, і Юр’еў дзень — пра нечакана страчаную надзею, спыненне свабоды дзеянняў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)