апусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць пустым, пазбавіцца таго, што змяшчаецца, напаўняе. Федзя сачыў за.. [бычком], не адрываючы вачэй, аж пакуль не апусцела вядро. Гамолка. // Стаць пустым, голым. Не пужайся, што бедная ніва Апусцела з канца да канца. Купала.

2. Стаць бязлюдным, пустым, нежылым. Хіма спехам выбралася са сваімі пажыткамі, і Гарасёў падворак апусцеў назаўсёды. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́лішча, ‑а, н.

Месца, занятае пабудовамі, гародамі, садамі; сядзіба. Рабіла.. [Галена] яшчэ ў бацькі, але жыць перайшла ўжо на новае сваё з Костусем хатняе аселішча. Чорны. Адсюль, з дзедавага двара, добра відаць ранейшае Міцева аселішча — палявы пераезд, будка, сасна. Навуменка. // Прытулак, месца жыхарства. Ішоў гэты чалавек [Санкоўскі] праз жыццё з клункам за плячамі, не маючы сталага аселішча. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асканда́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Разм. Трапіць у няёмкае, непрыемнае становішча; зняславіць сябе, набрацца сораму. Спевакі баяцца аскандаліцца перад новым чалавекам, ды яшчэ валасным пісарам, і трымаюць галасы ў граніцах пэўнай дысцыпліны. Колас. [Анісім:] — Тры дні, братцы, я хадзіў за дзікам. А яго няма і няма. «Ну, — думаю, — аскандаліўся». Адно ж сёння ўсё ж асачыў яго. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ацале́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які аказаўся цэлы сярод разбуранага, уцалелы. Шура скора знайшла гэты дом — у цэнтры горада, адзін з ацалелых дамоў на цэнтральнай плошчы. Арабей. Адразу ж за вёскаю пачынаецца лес. І не проста лес, а даўні, ацалелы ад сякеры і пілы. Кавалёў. // Які захаваўся, не загінуў. Напаўжывыя ў вёску мы прыбеглі, Мы, ацалелыя падлеткі-пастухі. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Неадлучнае дзяжурства па ахове бяспекі на суднах; варта. Заступіць на вахту. Начная вахта. // Адказнае дзяжурства наогул. Невялікі калектыў [метэастанцыі] удзень і ўначы нясе вахту — сочыць за атмасфернымі з’явамі, фіксуючы любую нязначную змену надвор’я. «Маладосць».

2. перан. Праца, якая вызначаецца высокім энтузіязмам або надзвычай адказная ці ганаровая. Працоўная вахта. Вахта міру.

[Гал. wacht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

відаво́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Яўны, прыкметны. Відавочная мана. □ Колькі за хвіліну нараджаецца ў галаве думак? Сотня, дзве? Яны змяняюць адна другую, і няма паміж імі ніякай відавочнай сувязі. Навуменка.

2. Ясны; бясспрэчны. Нестабільнасць капіталізму становіцца ўсё больш відавочнай. Брэжнеў. [Лабановіч:] — І наогул гэта справа [са ссыпкай] такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вірлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які віруе, бурліць. Вірлівы паток. □ След вірлівы вясла за кармою бяжыць. Зарыцкі. // Вірысты. Дняпро шырокі, вірлівы, увесь у поймах. Лупсякоў.

2. перан. Бурлівы; кіпучы. З вагона, калі пачалася сумятня пасажыраў, я выйшаў.. і апынуўся ў вірлівай людской гушчыні. Сабаленка. Вірлівая маладосць і чыстае сумленне не давалі.. [Ліпанавай] заседжвацца на адным месцы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора. Шамякін. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». // Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.

•••

Воднае пола гл. пола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да азірнуцца.

2. перан.; на каго-што і без дап. Быць асцярожным, дзейнічаць з асцярогай, узгадняючы свае ўчынкі з чыімі‑н.; аглядвацца. Азірацца на аўтарытэт. Азірацца на старэйшых. □ [Банадысь:] — І не абсячэ ніхто ад студні, гэтак намерзла! А-яй, што за людзі. Кожны ўсё на другога азіраецца. Чорны.

3. Зал. да азіраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выслухо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і выслухваць. Начальнік цэха гаварыў надзвычай разважліва, лагодна, цярпліва выслухоўваў кароткія справаздачы, нікога не перабіваючы рэплікамі. Шыцік. Доктар.. падышоў да хворай і ўзяў яе за руку, потым прыклаў трубку да грудзей і пачаў выслухоўваць. Скрыпка. [Цёця Каця пра Зёлкіна:] Бач, ласы які да бабскіх плётак! У самога вушы вялікія, хадзі ды выслухоўвай! Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)