Пяля́сы (пеля́сый) ’паласаты, з белымі па цёмнаму або чорнаму полю ці чорнымі па светламу полю палосамі’ (Нас.), піля́сый ’тс’ (Бяльк.), сюды ж пелесова́ць ’сцябаць пугай, паласаваць скуру біццём; вытоптваць (пра луг або пасевы)’, пелесо́ваный ’жорстка пакараны’ (Нас.), пялёсіны ’пісягі ад дубцоў’ (Наша Слова, 1992, 12 лют.), параўн. рус. пелёсый ’плямісты (пра жывёл)’, польск. pelasy ’тс’, славен. pelésast ’тс’. Роднаснае ст.-слав. пелѣсъ ’пярэсты, у кропачкі’, чэш. pelesa ’від кузуркі’, славен. pelès ’гатунак вінаграду’ і пад., якія параўноўваюць з літ. pelėsis, мн. л. pelė̃siai, pelėsiaĩ ’плесня’, грэч. πελιδνος, πελιτνός ’цёмны, шэры, бледна-сіні’, гл. Фасмер, 3, 229; Махэк₂, 445; Бязлай, 3, 23; ESJSt, 11, 635. Параўн. перапялёсы, пялёсы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ц1 ’падоўжанае паглыбленне, зробленае кім-небудзь на гладкай паверхні’, ’след на целе пасля загоенай раны або ад пабояў’, ’шво пры сшыванні двух кавалкаў тканіны, скуры і пад.’, ’руб’ (ТСБМ), ’выступ, край’ (ТС), рубцава́ты ’з рубцамі’, рубцава́цца ’гаіцца, утвараючы рубцы (пра раны, язвы і пад.)’ (ТСБМ). Укр. рубе́ць, рус. рубе́ц ’рубец’, серб.-харв. ру̑б ’рубец (на адзенні)’, славен. rob ’тс’, польск. rąbek ’рубчык’. Стараж.-рус. рубьць ’рубец’. Гл. руб.

Рубе́ц2 ’самы вялікі аддзел страўніка жвачных жывёл; ежа, прыгатаваная з гэтай часткі страўніка’ (ТСБМ). Да папярэдняга слова, у аснове значэння — знешняе падабенства.

Рубе́ц3 ’спінка ложка’ (вілейск., Нар. сл.). Да руб (гл.), значэнне ’кант; цвёрды край прадмета’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

род, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Асноўная грамадская арганізацыя першабытнаабшчыннага ладу, аб’яднаная сваяцтвам і агульнасцю гаспадаркі.

Старэйшына роду.

2. Рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка, а таксама ўвогуле пакаленне.

Са знатнага роду.

Весці свой р. ад каго-н. (паходзіць ад каго-н.). Родам гараджанін. 3 роду ў р. (з пакалення ў пакаленне). Без роду, без племені (пра чалавека невядомага паходжання; уст.). Ні роду ні племені (пра чалавека адзінокага, без родных; уст.). Гэта ў іх у родзе (па спадчыннасці). Р. чалавечы (людзі).

3. У сістэматыцы жывёл і раслін: група, якая аб’ядноўвае некалькі відаў, што валодаюць агульнымі прыметамі.

Ад (з) роду (разм.) — ад самага нараджэння.

На раду напісана што (разм.) — прадвызначана.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

несапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае законнай сілы. Шлюб з псіхічна хворым прызнаецца ў адпаведнасці з законам несапраўдным. «Маладосць».

2. Падроблены; штучны. Несапраўдны брыльянт. □ Увесь цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў, — усё гэта здавалася на[й]граным, несапраўдным. Лынькоў.

3. Ужываецца як састаўная частка назваў раслін, жывёл і пад. Несапраўдны скарпіён.

4. Які толькі вонкава падобны да чаго‑н. сапраўднага. Здавалася, .. што і бомбы рвуцца несапраўдныя, і кулямёты лапочуць толькі для таго, каб нарабіць траскатні і нажахаць нас. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіны, ‑дзін; адз. няма.

Спосаб жыцця; сукупнасць дзеянняў. Культурным паводзіны. Этычныя нормы паводзін. □ Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі. Гартны. Прад вачыма [Кірылы] паўстаў схуднелы твар маці, якая стала негаваркой і абыякавай да яго паводзін. Кавалёў. // Манера трымаць сябе, рабіць што‑н.; характар учынкаў. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду. Самуйлёнак. Хлопцы прамаўчалі, цікуючы за паводзінамі брыгадзіра. Якімовіч. // Выкананне правіл ўнутранага распарадку. Правілы паводзін у школе. Адзнакі па паводзінах. // Рэакцыя арганізма на якое‑н. уздзеянне. Вывучаць паводзіны жывёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наха́бны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца нахабствам; бесцырымонны, бессаромны. Нахабныя дамаганні. □ [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. // Назойлівы, неадчэпны (пра жывёл, птушак, насякомых). Дзверы ў сенцы яшчэ не адчынены, ды каля парога, на траве, стракаціць ужо і настойліва кланяецца хаце вечна галодная, нахабная арава качак. Брыль. // Які выражае нахабства. Нахабны тон. Нахабны выгляд. □ Лена адвярнулася: вельмі ж нахабны позірк у гэтага «казла», як называлі Вадзягу ў сяле. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).

2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ласт 1, ‑а, М ‑сце, м.

1. Відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл, птушак (марскіх чарапах, пінгвінаў, цюленяў і пад.), пальцы якой злучаны перапонкай. Маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі. Маўр.

2. пераважна мн. (ла́сты, ‑аў). Прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой, якое надзяваецца на ногі плыўца. Віця прыладзіў да ног белагаловага [хлопчыка] ласты .. і падаў, нарэшце, маску. Гамолка.

ласт 2, ‑а, М ‑сце, м.

Адзінка вымярэння вагі карабельнага грузу, неаднолькавая ў розных краінах і ў дачыненні да розных грузаў.

[Ад гал. last — груз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́ц, ‑зца, м.

1. Рэжучы інструмент для апрацоўкі металу, дрэва і іншых цвёрдых матэрыялаў. — [Жалеза] плыве пад разцом лёгка і мякка. Кулакоўскі. Пакуль не ступілася джала разца І рукі ад працы не зморацца, Я мушу пакінуць адбітак жыцця На камні, жалезе і золаце. Танк.

2. перан. Пра майстэрства, манеру, стыль якога‑н. скульптара.

3. Пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл. Губы прывычна сціскаюцца за разцамі, вушныя ракавіны шчыльна закрываюцца і, адапхнуўшыся ад берага моцнымі заднімі нагамі, .. [бабёр], як калодка, потырч бухае ў ваду. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыць, рыю, рыеш, рые; незак., што.

1. Капаць, раскопваць што‑н. рыхлае, сыпкае (лычом, рылам). Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Колас. // Капаючы, даставаць што‑н. з зямлі; вырываць. Рана ўстане [дзядзька], а дзік, вялікі, як капіца сена, ужо рые бульбу. Карпюк.

2. Вымаючы, выкідаючы зямлю, рабіць паглыбленне, яму (пра жывёл). [Віктар:] — Калі .. [барсукі] рыюць сабе норы, значыцца, яны маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Маўр.

•••

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім‑, чым‑н., пагарду да каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)