руся́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Блізкі да русага, светла-русы (пра валасы). Была .. [Лена] даволі прыгожая, з карымі вачамі, з доўгімі русявымі косамі, якія ў тыя гады былі модныя. Дубоўка. На галаве [Сюзаны] пушыстая вязаная хустка, з-пад якой выбіваецца пасмачка русявых валасоў. Навуменка. // Які мае такія валасы. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы.. мужчынка, даўно няголены. Брыль. — А ты тутэйшы? — увязаўся ў гаворку русявы чырвонаармеец. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распа́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распаліць.
2. у знач. прым. Моцна нагрэты; вельмі гарачы. Распалены прас. □ Сонца як не плавілася. Здавалася, з яго, як з распаленага жалеза, не промні ліліся, а сыпаліся іскры-апаліны, быццам па ім білі молатам. Сабаленка. Ад яе [печкі] распаленых сцен па ўсёй старожцы разліваецца прыемная цеплыня. Ігнаценка.
3. у знач. прым. Моцна ўзбуджаны, расхваляваны; разгарачаны. [Таццяна] стаяла сярод баб распаленая, вясёлая, прыгожая і ўсміхалася Зеленюку. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскі́даны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскідаць.
2. у знач. прым. Размешчаны ў беспарадку, звычайна на вялікай прасторы. Вёска, дзе нарадзіўся і правёў дзяцінства Веньямін, невялікая, раскіданая, але надзвычай прыгожая. Навуменка. Дрыжыць у руцэ аловак, і літары выходзяць з-пад алоўка няроўныя, раскіданыя. Галавач.
3. у знач. прым. Беспарадачны, хаатычны. [Кох] узмоцнена цёр лоб, намагаючыся прывесці да ладу свае раскіданыя думкі. Лынькоў. Як на першае беглае прачытанне, дык апавяданне Адамчыка здаецца раскіданым, несабраным у сюжэтным сэнсе. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.
2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
любава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; заг. любуйся; незак., кім-чым і на каго-што.
Разглядваць каго‑, што‑н. з захапленнем, задавальненнем. Маша часта ў апошні час любавалася .. [Алесяй] і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!». Шамякін. Мы часта любуемся Месяцам, падоўгу ў ясныя ночы назіраем за ім. Гамолка. // Адчуваць задавальненне, захапленне, наглядаючы чыю‑н. дзейнасць, учынкі. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца. Лынькоў. Я захапляўся спрытнымі людзьмі, якія баранілі слабых, любаваўся мужчынскай сілай, адвагай і сумленнасцю людзей прэрый. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параўнава́ць 1, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.
1. што. Зрабіць роўным, гладкім. Параўнаваць асфальт катком. □ Пад церніцамі гурбамі ляжала кастрыца, трэба было яе рассунуць, параўнаваць. Чарнышэвіч.
2. што. Зрабіць роўным, аднолькавым па даўжыні, вышыні і пад. Параўнаваць канцы вяроўкі. // перан.; каго. Зрабіць аднолькавымі, падобнымі ў чым.‑н. — А цяпер жа ні беднякоў, ні сераднякоў, ні заможнікаў, усіх параўнаваў калгас. Мурашка.
параўнава́ць 2, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго і без дап.
Раўнаваць некаторы час (гл. раўнаваць 2). [Ніна:] Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ганарлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Перакананы ў сваёй вартасці, годнасці; горды. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны. [Галіна], ганарлівая і прыгожая, пазірала на людзей і ішла, высока ўзняўшы сцяг. Галавач.
2. Ганарысты, фанабэрысты. Іван — малады яшчэ хлопец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Па натуры .. добры, не ганарлівы, бо з людзьмі размаўляе ахвотна і ветліва. Кулакоўскі. // Які выражае гонар (у 2 знач.), поўны гонару. Ганарлівая ўсмешка. Ганарлівая самаўпэўненасць. □ — Жахліва, жахліва! — паўтараў.. [Вейс] і схіляў галаву. Куды падзелася ганарлівая звычка пазіраць на ўсіх з высока ўзнятай галавой? Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
істо́та, ‑ы, ДМ ‑тоце. ж.
Жывы арганізм; чалавек або жывёліна. Навокал быў зусім невялікі свет жывых істот і рэчаў, якія я ўмеў назваць. Брыль. Выявілася, што гэта істота ёсць жанчына, ды яшчэ маладая і прыгожая. Чорны. // (з азначэннем). Чалавек, жывёліна як носьбіт пэўнай уласцівасці, якасці. Часта выяўлялася.. непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху. Колас. // (звычайна з займ. «уся»). Ужываецца для абазначэння сукупнасці ўсіх фізічных і душэўных сіл і ўласцівасцей чалавека. Хацелася нечага большага, важнейшага, такога, што б магло захапіць усю істоту. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мя́цца, мнуся, мнешся, мнецца; мнёмся, мняцеся; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца няроўным, нягладкім, збірацца ў складкі, маршчыны. Тканіна з шэрсці, ільну і бавоўны, дзе прымешаны лаўсан, не мнецца, прыгожая і трывалая. «Беларусь».
2. Таптацца, пераступаючы з нагі на нагу. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў. Колас. Максімка мяўся на адным месцы і маўчаў. Чорны.
3. перан. Разм. Праяўляць нерашучасць, саромецца, вагацца. Хлопец топчацца і мнецца, А нарэшце прызнаецца. Колас. Ахтан мяўся, цягнуў. Проста і ясна не мог адказаць на пытанне. Алешка.
4. Зал. да мяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да увіцца.
2. Разм. Вярцецца каля каго‑, чаго‑н., неадступна хадзіць за кім‑н. У хаце, аднак, было ціха, толькі кот, відаць, увіваўся каля некага і вымагаў спажыву. Кулакоўскі. // Дагаджаць каму‑н., дамагаючыся чаго‑н. [Іван Фёдаравіч:] — Малайчына, Магнат... Твой гэты Шмыг нешта ўвіваецца каля старшага майстра. Мыслівец. Ля начальніка ўвівайся, Кожны крок яго прадбач. Ён смяецца — ты ўсміхайся, Ён надзьмецца — ты заплач. Корбан. // Пастаянна знаходзіцца пры кім‑н., заляцацца да каго‑н. Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. Савіцкі.
3. Зал. да увіваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)