пазараста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Зарасці якой‑н. расліннасцю — пра ўсё, многае. Дарога ішла паўз лясное возера. Летам па ёй амаль ніхто не ездзіў, і каляіны пазарасталі высокай травой. Чыгрынаў. Травою ярына пазарастала. Корбан.
2. Пакрыцца валасамі, поўсцю і пад. — пра ўсіх, многіх. Светлагаловы хлопчык босы бяжыць да дубровы, страчаецца з мужнымі воінамі, якія пазарасталі бародамі, схуднелі, змарнелі ў цяжкім вандраванні. Бялевіч.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Разм. Зажыць, зарубцавацца — пра ўсё, многае. Пазарасталі раны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.
1. Сагнуўшы калені, апусціцца. Воддаль прайшоў паўз бераг рудавалосы высокі хлопец, і дзяўчаты прыселі ў вадзе. Ваданосаў. Ткнуўшы ў зубы папяроску, ён, шукаючы кагосьці, паглядзеў вакол, прысеў на кукішкі і пацягнуўся ў агонь. Ракітны. Параход так раўнуў, што Сашка ад неспадзеўкі аж прысеў. Даніленка.
2. Тое, што і сесці (у 1 знач.); сесці на нядоўгі час. Стафанковіч.. раптам прыціх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў і зноў устаў. Чорны. Можа першы раз за дзень і прысела Ульяна: яна і абедала звычайна, стоячы ля прыпечка. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.
1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.
2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.
3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
1. Агародная расліна, лісце якой звіваецца ў качаны, а таксама самі качаны, якія ідуць у ежу. Садзіць капусту. Шаткаваць капусту. □ Усе лета вазілі [калгаснікі] агуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Тут жа на лабяку паўз дарогі жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі.
2. Вараная страва з крышанага качана гэтай расліны. Шчаслівая цётка Палашка тым часам падае на стол міску гарачай капусты. Якімовіч.
•••
Зайцава капуста — тое, што і кісліца.
Марская капуста — марскія водарасці, якія ўжываюцца як ежа і як лячэбны сродак.
Цвятная капуста — асобы від капусты, суквецце якой ідзе ў ежу.
Крышыць на капусту гл. крышыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каляя́, ‑і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.
1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.
2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.
•••
Выбіцца з каляі гл. выбіцца.
Выбіць з каляі гл. выбіць.
Увайсці ў каляю гл. увайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аго́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад агаліць.
2. у знач. прым. Без адзення; голы. Сумны, паніклы і ў той жа час суровы ў сваім маўчанні, з аголенай галавой,.. [вайсковец] доўга аглядаў запусцелае селішча. Ракітны. // Пазбаўлены покрыва. Аголенае карэнне дрэў. // Пазбаўлены верхняга слоя; бачны, не прыкрым. Аголеныя горныя пароды. // Пазбаўлены расліннасці (пра мясцовасць). Неба абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісла над аголенай зямлёй. Колас.
3. у знач. прым. Выняты з ножнаў. Казакі з аголенымі шаблямі, з гіканнем праімчаліся паўз яго [Юткевіча]. Мікуліч.
4. перан.; у знач. прым. Відавочны па сваёй сутнасці, непрыкрыты. Аголены цынізм. Аголеная праўда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убаку́, прысл.
1. У некаторым аддаленні ад каго‑, чаго‑н. Пакрыўджаны Якім стаяў убаку, пакуль не прайшлі ўсе касцы паўз яго. Дуброўскі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Там, крыху ўбаку ад вуліцы, расла высачэзная таполя. Чарнышэвіч. [Уладзя] мінуў родную мясціну, прайшоў ад яе ўбаку за пяць кіламетраў. Чорны.
2. перан. Па-за асноўным напрамкам дзейнасці, па-за агульным шляхам развіцця. [Дзмітрый Аляксандравіч:] А дакуль лабараторыя будзе стаяць убаку? Не, не! Няхай і яна падключаецца. І — неадкладна. Нам патрэбны аналізы без затрымкі. Савіцкі. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. [Паэма «Сымон-музыка»], як і «Новая зямля», не засталася ўбаку ад магістральных тэм нашай эпохі. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыгу́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыгуну (у 1 знач.). Чыгуннае ліццё. Чыгунная чушка. □ Запасы ржавага жалеза — даўжэзныя прэнты, найцяжэйшыя колы, ўсялякі чыгунны лом — ляжала ўсё гэта паўз глухія сцены цэхавых карпусоў. Чорны. // Выраблены, выліты з чыгуну. Чыгунная агароджа. □ Схіліўшы цяжкую галаву на ўзорыстую спінку чыгункай лаўкі, Крысціна задрамала. Васілевіч. Ахоўнік павёў .. [Вольгу] ў барак; у пакоі, дзе палілася чыгунная печка і было душна, прадставіў тоўстаму начальніку. Шамякін. // перан. Цяжкі, цвёрды, як чыгун. А ці не так, зямлянін, ты? Было і ёсць. Свінцовы дождж. Чыгунны крок. І ўсё ж, і ўсё ж, Пакуль кароткі перадых, Адтае сэрца. Губ тваіх Не згасне спёка. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гна́цца, ганюся, гонішся, гоніцца; пр. гнаўся, ‑лася; незак.
1. Бегчы, імчацца за кім‑, чым‑н. следам, каб дагнаць або злавіць. Сабака гнаўся за зайцам. □ — Дзяржы, дзяржы яго! Каравул! — крычалі.. [Вірка і Бруй] і гналіся за Саўкам. Колас. / Пра з’явы прыроды, гукі і пад. І прайшла паўз мяне сінявокая, А за крокамі гналася рэха. Глебка. // перан. Спрабаваць зраўняцца з кім‑н. у якой‑н. справе. Гнацца за перадавікамі вытворчасці.
2. за чым. Спакушацца чым‑н., дамагацца чаго‑н. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі — Цэлы свет — маё багацце. Панчанка.
3. Зал. да гнаць (у 1–6 знач.).
•••
Гнацца за доўгім рублём — шукаць лёгкага вялікага заработку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разміну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Ідучы адзін другому насустрач, не сустрэцца; разысціся. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. А Жэня магла б і размінуцца з калонай, не заўважыць чалавека ў цывільным. Кулакоўскі.
2. Разысціся пры сустрэчы, не дакрануўшыся адзін да другога; не зачапіўшы адзін другога. — Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц, — падайцеся крыху набок, і мы пройдзем паўз вас, размінёмся. Чорны. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі. // Прайсці міма, не прыпыняючыся адзін каля другога. Глянулі [падпольшчыца і Клумаў] адзін на аднаго, ён пазнаў яе, не гледзячы на «маскарад», кіўнулі адзін аднаму — і размінуліся. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)