кляймо́, а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.

1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).

2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.

3. Прылада, якой кляймуюць.

•••

Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.

2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. страхаваць (у 1, 2 знач.).

2. Страхавая кампенсацыя. Да Шаманскага .. [Шаблонскі] паставіўся вельмі па-сяброўску. — Лён ты заары, Павел Паўлавіч, хоць страхоўку атрымаеш. Дуброўскі.

3. Разм. Страхавы плацеж, узнос. На самым днечку скрыначкі ляжалі даваенныя акладныя лісты і квітанцыі на аплату страхоўкі. Пальчэўскі.

4. перан. Сродак засцярогі ад чаго‑н. непрыемнага, непажаданага. [Капітан:] — Для страхоўкі дзіця прыхапілі, каб больш верагоднай была версія. А што, калі мы не паверым у вашу версію. Сабаленка. Нават Андрэй, маўклівы канспіратар, не стрываў — пекануў дыскутанта адпаведным настрою матам, дадаўшы ў канцы, для страхоўкі, па-нямецку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упрэ́гчы 1, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., каго.

1. Запрэгчы ў павозку, воз і пад. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, шпарка ўпрог у аглоблі кабылу і рушыў на двор ратушы. Чорны.

2. перан. Разм. Уключыць у работу, прымусіць многа працаваць. Вы, Павел Андрэевіч, відаць, па злосці мяне ў дакладчыкі ўпісалі. — Прафесар зірнуў Будніку ў твар. — Я ж разумею, даклад вам даручалі, а вы і мяне ў яго ўпрэглі. Галавач.

упрэ́гчы 2, упрагу, упражэш, упражэ; упражом, упражаце, упрагуць; пр. упрог, упрэгла; заг. упражы; зак., што.

Тое, што і упражыць. Упрэгчы боб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапі́цца, хаплю́ся, хо́пішся, хо́піцца; зак.

1. Зак. да хапацца (у 1–3 і 5 знач.).

2. Агледзеўшыся, спахапіцца, раптоўна заўважыць што‑н. Мы спяшаемся. Неба на ўсходзе Ружавее. Дарога Выйшла з вёскі. Хапіўся Мікіта: На вяселлі ватоўка забыта. Куляшоў. [Гэля:] — Баюся, Павел. Жандармерыя — не камендатура. Калі хопяцца, возьмуць бацьку. Навуменка. Пан Войцех хапіўся, што няма курыва, і папрасіў мяне спусціцца на першы паверх, купіць у кіёску папярос. Карпюк.

3. каго-чаго. Успомніўшы, пачаўшы шукаць, раптоўна выявіць адсутнасць каго‑, чаго‑н. Праз які дзень з фермы знік славак Юлік. Яго хапіліся раніцою, калі трэба было запрагаць коні. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шво, ‑а, н.

1. Месца злучэння сшытых кавалкаў тканіны, скуры і пад. Парвацца ў шве. // Спосаб шыцця, вышыўкі. Няроўнае шво. Сцябліністае шво. □ Усё гэта [адзенне] было пасшывана суровымі ніткамі, шво скрозь было буйное, раскідзістае. Чорны.

2. Месца злучэння частак чаго‑н. Шво цаглянай кладкі. // У тэхніцы — месца шчыльнага змацавання зваркай, кляпаннем і пад. асобных частак якіх‑н. канструкцый, збудаванняў і пад. Шво шырокае, заўважае Павел Клімко, тарэц крыху змешчаны з восі бэлькі. Мыслівец. // У хірургіі — месца сшывання краёў раны рассечанай тканкі. Разышліся швы.

•••

Рукі па швах гл. рука.

Трашчаць па ўсіх швах гл. трашчаць.

Трымаць рукі па швах гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.

Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Матэрыял, які прышываецца, прымацоўваецца з ўнутранага боку адзення або якога‑н. вырабу. Шаўковая падкладка. Футравая падкладка. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. Пасля.. Гарасім паказаў мне сшыты лямец — падкладку і падсядзёлак. Якімовіч.

2. Прадмет, які падкладаецца пад што‑н. Падкладкі пад ножкі стала. □ Парадны бок [будынка] — аднапавярховы, з чатырохкалонным порцікам. Калоны — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».

3. перан. Скрытая, але сапраўдная прычына якіх‑н. дзеянняў, з’яў. Наўрад ці мелі .. [бандыты] ў сваіх душах што ад ідэі, хоць мерыліся падкладаць пад свае крывавыя справы ідэйную падкладку. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папярэ́днік, ‑а, м.

1. Той, хто займаў якую‑н. пасаду, выконваў якія‑н. абавязкі раней каго‑н., перад кім‑н. Кожны новы старшыня сходу стараўся абмеркаваць тое ці іншае пытанне .. лепш, чым яго папярэднік. Паслядовіч. Прыехаўшы ў Любчу пяць год таму назад, Павел Арсеньевіч пасяліўся ў значна большым доме, дзе жыў яго папярэднік. Брыль. // Той, хто сваёй дзейнасцю падрыхтаваў дзейнасць каго‑н. іншага. У нясвіжскім «Катэхізісе» .. [Будны] прыводзіць цэлыя вытрымкі са скарынінскіх выданняў, не называючы, праўда, імя свайго вялікага папярэдніка. Алексютовіч. Працу ў жанры байкі Я. Купала, як і яго папярэднікі, пачаў з перакладаў. Казека.

2. Сельскагаспадарчая культура, якая займала поле перад пасевам якой‑н. культуры. Шматгадовыя травы — найлепшы папярэднік ільну-даўгунцу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)