узбагаці́цца, ‑гачуся, ‑гацішся, ‑гаціцца; зак.

1. Разм. Стаць багатым, разбагацець.

2. перан. Папоўніцца чым‑н., набыць што‑н., стаць больш багатым па саставу, зместу і пад. Бібліятэка ўзбагацілася новымі выданнямі. Узбагаціцца вопытам. □ Прамысловасць горада ўзбагацілася прадпрыемствамі, якіх тут не было да вайны. Хадкевіч. Наша мастацкая проза рабіла першыя крокі тады, калі руская літаратура ўзбагацілася бессмяротнымі творамі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мазо́к, ‑зка, м.

1. Адзін рух пэндзля пры накладанні фарбы, а таксама слой фарбы, накладзены такім спосабам. Кожны мазок, пакладзены на палатно, сведчыў аб паспешлівасці аўтара. Асіпенка. // перан. Штрых, мастацкая дэталь. Сябра .. ні разу яшчэ не расшчодрыўся на .. расказ [пра падполле]. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей. Шамякін.

2. Тонкі слой вадкага выдзялення (слізі, крыві і пад.), нанесены на шкло для мікраскапічнага даследавання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разьба́, ‑ы, ж.

1. Вырэзванне ўзораў, малюнкаў на цвёрдых матэрыялах. Мастацкая разьба.

2. Узор, малюнак, выразаны на цвёрдых матэрыялах. Хаты не проста цяп-ляп, а шаляваныя, з разьбой на белых ці блакітных ліштвах. Брыль.

3. Вінтавая нарэзка. Унутраная разьба. Знешняя разьба. □ Я глянуў на Тарасюка. Ён закручваў вечка біклагі і ніяк не мог трапіць на разьбу. Рукі ў яго дрыжалі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

індывідуа́льнасць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць характэрных, адметных рыс, якія вылучаюць якую‑н. асобу або з’яву. Мастацкая індывідуальнасць паэта. Індывідуальнасць стылю. □ У аповесці «Сонца пад шпалы» Хе. Шынклер выявіў сябе як пісьменнік са сваім почыркам, са сваёю творчаю індывідуальнасцю, са сваім стылем. Арабей.

2. Чалавек як уладальнік і носьбіт асабістых, характэрных для яго рыс, асаблівасцей; асоба. Гераізм мас у.. паэме раскрываўся праз паказ гераізму індывідуальнасцей. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крытэ́рый, ‑я, м.

Прызнак, на аснове якога праводзіцца ацэнка, азначэнне або класіфікацыя чаго‑н.; мерка. Пытанне аб сутнасці і назначэнні мастацтва служыць у класавым грамадстве крытэрыем падзелу мастакоў на два лагеры. У. Калеснік. Мастацкая літаратура служыць крытэрыем, на які прыходзіцца раўняцца пры адборы ў літаратурную мову розных моўных выяўленчых сродкаў. Шакун.

•••

Крытэрый ісціны (кніжн.) — мерка для вызначэння правільнасці, дакладнасці нашых ведаў, адпаведнасці нашых адчуванняў, уяўленняў, паняццяў аб’ектыўнай рэальнасці.

[Ад грэч. kritērion — сродак для суджэння, рашэння.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экано́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які прытрымліваецца эканоміі (у 1 знач.), беражліва, ашчадна расходуе што‑н. Колішнія невядомыя жыхары Плутона, відаць, былі эканомныя і не раскідваліся сваімі рэчамі. Шыцік. // перан. Дакладна разлічаны, скупы. Рухі ў .. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыманыя. Карпаў. // Стрыманы, умераны ў праяўленні чаго‑н. Эканомны ў словах і ўчынках.

2. Які патрабуе меншых затрат, дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю чаго‑н.; эканамічны. Мастацкая дэталь — гэта найбольш эканомны сродак раскрыцця думак. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заключэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. заключаць — заключыць (у 1 знач.).

2. Вывад, суджэнне, меркаванне, зробленыя на падставе чаго‑н. Зрабіць заключэнне. Прыйсці да заключэння. Заключэнне ўрача. □ А Сцёпка вывеў з гэтага такое заключэнне, што і перабор меры таксама нядобры, як і недабор. Колас.

3. Апошняя, заключная частка твора, прамовы і пад. Дысертацыя складаецца з уступу, трох глаў і заключэння. □ У заключэнні перадачы выступае калгасная мастацкая самадзейнасць. «Звязда».

•••

У заключэнне — пад канец, заканчваючы што‑н. У заключэнне хор выконваў песню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Публічнае паведамленне на пэўную тэму. Справаздачны даклад. Даклад на міжнародную тэму. Чытаць лекцыі і даклады. □ Увечары ў клубе, пасля даклада, была мастацкая частка. Ермаловіч.

2. Вуснае ці пісьмовае афіцыйнае паведамленне кіраўніку, начальніку і пад. Маёр Раманенка хутка выскачыў яму насустрач з дакладам: — Таварыш палкоўнік!.. Палкоўнік махнуў рукою: «Не трэба». Шамякін.

3. Паведамленне аб прыходзе наведвальніка. — Прашу мяне не турбаваць і без даклада не ўваходзіць. Дубоўка.

дакла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Дадатковы матэрыял (падкладка, гузікі і пад.) для шыцця адзення, абутку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самадзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.

2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)