Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жытамалаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́ць ’сцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃bti ’мацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стукаць, стукацца, пастукваць, ляскаць, біць, біцца, цокаць; стукацець, стукатаць, грукаць, грукатаць, грукацець, тарахцець, ласкатаць, тукаць, тукатаць, тухкаць, тахкаць, цюкаць, бухаць, гопаць, гупаць, цупаць, лопаць, ляпаць, лескатаць, лапацець, лязгаць (разм.); барабаніць, бубніць, бубнець, малаціць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescanмалаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

біць, збіваць, удараць, сцёбаць, сцябаць, катаваць, лупцаваць, перыць; хвастаць, жарыць, латашыць, лупіць, таўчы, шпыляць, куксаць, калашмаціць, акладаць, батожыць, пісажыць, шлёгаць, шалёстаць, гасіць, гахаць, пярэсціць, дубасіць, джвагаць, гваздаць, бамберыць (разм.); частаваць, хрысціць, сячы, паласаваць, малаціць, мясіць, грэць (перан.) □ лічыць скабы, даваць кухталёў

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

есці, з'ядаць, карміцца, жывіцца, харчавацца, спажываць, сталавацца, закусваць, перакусваць / што-небудзь смачнае: ласавацца / пра жывёлу: жыраваць, жыравацца; сілкавацца, падсілкоўвацца, падмацоўвацца (разм.) / вадкую яду: хлыстаць (разм.); гамаць (дзіц.); жэрці, жраць, зжыраць (груб.); уплятаць, аплятаць, упісваць, умінаць, церабіць, малаціць, пытляваць (перан.) □ браць у рот

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

сці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Ціскам зменшыць аб’ём чаго‑н.; згусціць. Сціснуць гаручую сумесь пад поршнем. □ Бацька сажмурыўся і тут жа спытаў: — А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Карпаў. // Разм. Скараціць. Сціснуць тэрміны будаўніцтва.

2. Здушыць. Сціснуць у натоўпе. Сціснуць у перапоўненым вагоне.

3. Моцна, шчыльна абхапіць каго‑, што‑н. Сціснуць у абдымках. □ [Таня] моцна сціснула дзіця, і яно зноў расплакалася. Шамякін. [Старая] сціснула рукамі скроні і заплакала. Чорны. Наручнікі, што скінуць ён жадаў, Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці, І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў. Сіпакоў. // Узяўшы, моцна трымаць што‑н. (у руках, зубах). Пасуровеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Лынькоў. [Ева:] — Ну, адно [цяля] хутка навучыцца піць, а ў другога і дзясны зацвярдзеюць, а яно не ўмее. Сцісне другі раз дзяснамі палец... Палтаран. Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Колас. // Шчыльна акружыць, абступіць з усіх бакоў. Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі. Пташнікаў. Аўтаматчыкі сціснулі кальцо вакол трайчапцаў, і афіцэр праз перакладчыка спытаў: — Дзе партызаны? Пальчэўскі. // Звузіць якую‑н. прастору; сцясніць. [Піліп:] — Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і нікнуць нельга. Чарнышэвіч. І неўзабаве, як толькі асталіся ззаду паплавы, а раку сціснулі паміж сабой падмытыя абрывістыя берагі, туману зусім не стала. Чыгрынаў. // перан. Заглушыць, прыглушыць. І Агапа сціснула ў сабе ўласніцкія матчыны жаданні, аддала іх на ахвяру маладога кахання. Мурашка. Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе. Зарэцкі.

4. Здушыць, сцясніць (горла, грудзі). Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. Адамчык. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Хвядос глянуў на ўнучка, на дзяўчынку, на Апанасіху, і ў горле яго сціснула, як абцугамі. Скрыпка. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, у сэрцы). Нядобрае прадчуванне сціснула .. сэрца [Максіма]. Машара.

5. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). Доктар сціснуў губы і працёр акуляры. Чорны. Андрэй сціснуў зубы і не адказаў. Чарнышэвіч. Лявон сціснуў у кулак вузлаватыя жалезныя пальцы і, строга гледзячы на хлопцаў, паўтарыў: — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек. Б. Стральцоў. // Насупіўшыся, зблізіць (бровы). Вольга па хвіліну сціснула бровы і прыкрыла вочы... Пестрак.

6. Схапіць, працяць (марозам, холадам). Зямлю сціснуў мароз. □ Холад на імгненне сціснуў .. [Сяргея] у сваіх абдымках, сухое калючае паветра зацяло дыханне. Шыцік. // Прыціснуць (пра мароз). [Мірон:] — Віна добрая.. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Скрыган.

•••

Сціснуўшы зубы — тое, што і сцяўшы зубы (гл. сцяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлеб, ‑а, м.

1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі. Пшанічны хлеб. Кілаграм хлеба. □ У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. Як пернік смачны, У руцэ Трымаў я хлеб жытні калісьці — Спадыспаду не ў муцэ, А на кляновым лісці. Аўрамчык. Ідзеш на дзень — хлеба бяры на два. Прыказка. Ядуць на свеце хлеб траякі: чорны, белы і ніякі. Прыказка. // Такі прадукт у выглядзе вырабаў пэўнай формы. Круглы хлеб. Бохан хлеба. // Цеста, прыгатаванае для выпечкі хлебных вырабаў. Хлеб падышоў. □ [Жонка:] — Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ. Якімовіч. // а таксама мн. (хлябы́, о́ў). Выпечка. У дзежцы стаяла яшчэ крыху мукі. Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлябы. Чорны.

2. Зерне, якое мелецца на муку для выпякання хлеба. Абмалочаны хлеб. □ Большасць сабранага хлеба калгаснікі.. падзялілі паміж сабой на працадні. Шамякін.

3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані. — Цёзка, ці не бачыш, што ў нас у гэтым годзе хлеб радкаваты? — запытаў яго, сеўшы побач, калгасны брыгадзір Кузьма Стрыж. Дуброўскі. Хлеб па хлебу сеяць — ні малаціць, ні веяць. Прыказка. / мн. хлябы́, о́ў. Разм. Жыта там родзіцца на дзіва: Як едзеш між хлябоў вясною, У іх конь хаваецца з дугою. Колас.

4. толькі адз.; перан. Разм. Сродкі для існавання, заробак. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкулы яму не ставала часу і, да таго ж, ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. М. Стральцоў. У сенцах сустрэліся з гаспадыняй — баба што печ, на ўсе дзверы. Клім спыніўся і з усмешкаю кіўнуў Шэмету на жонку: — На старшынёўскіх хлябах. Лобан. / Пра жыццё, долю. Ох, дачушка, хлеб твой горкі, горка твая доля! Колас.

•••

Барадзінскі хлеб — асобы гатунак паштучнага заварнога хлеба, які выпякаецца з шатраванай жытняй і пшанічнай мукі і мае прыемны саладкаваты прысмак.

Мінскі хлеб — хлеб з жытняй пытляванай мукі з кменам.

Украінскі хлеб — хлеб з жытняй шатраванай мукі з дабаўленнем пшанічнай мукі другога гатунку.

Аб сухім хлебе — без вадкай стравы (жыць).

Без хлеба сядзець — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.

Гэта мой (твой, яго, яе, наш, ваш, іх) хлеб — пра чый‑н. занятак.

Дарэмна хлеб есці гл. есці.

Даць салдацкага хлеба (груб.) — даць выспятка; даць каленам пад зад.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезенай дадому з лесу, лугу і пад., якую прапануюць з’есці дзецям.

З хлеба крошак шукаць гл. шукаць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

І то (гэта) хлеб — ёсць нейкая карысць каму‑н.

І хлеб і да хлеба — усяго многа, дастаткова (прадуктаў харчавання).

Карміць хлебам гл. карміць.

Кусок (кавалак) хлеба гл. кусок.

Лёгкі хлеб — пра лёгкую працу, без клопатаў, турбот, без напружання сіл.

Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.

На ласкавым хлебе — быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні, з чыёй‑н. ласкі.

Не вялікі хлеб — а) не вельмі добра; б) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.

Пасадзіць на хлеб і ваду — пакараць голадам, абмежаваць каго‑н. у ядзе.

Перабівацца з вады на хлеб (з хлеба на квас) гл. перабівацца.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Сесці на хлеб чый гл. сесці.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Хлебам не кармі гл. карміць.

Хлеб ды соль! — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).

Хлеб есці з чаго гл. есці.

Хлеб-соль — пачастунак. — Гэта ж во госцік дарагі, Алёша Іванавіч, з мае роднае вёскі.. Заехаў.. укусіць хлеба-солі!.. Брыль.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Цяжкі хлеб — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.

Шукаць лёгкага хлеба гл. шукаць.

Шукаць як хлеба гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)