край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́ку, прысл.

1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры.

З. ад дарогі.

Стаць з.

2. З месца, аддаленага ад каго-, чаго-н.

Адысці ўбок і назіраць з.

Калі глядзець на гэта з., дык здаецца, што ўсё тут добра (перан.).

3. у знач. прыназ. з Р. Побач з кім-, чым-н., паблізу каго-, чаго-н.

З. дарогі.

Збоку прыпёка (разм.) — пра каго-, што-н. пабочнае, лішняе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

надрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., што.

Разрэзаць крыху зверху, з краю, не да канца. Надрэзаць яблык. □ Пад аднастайны перастук калёс Мікалай расказаў [брату] аб сваім плане.. У першую ноч ледзь паспелі надрэзаць край дошкі.. Пятніцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Абмяняцца адно з адным кім‑, чым‑н. Мы памяняліся месцамі. Яна села ля акна. Я сеў з краю. Грамовіч. Цяпер ужо Кандрат Назарэўскі павёў сястру — яны памяняліся ролямі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыгадзі́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да брыгадзір (у 2 знач.). Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўніўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі, А гармонік грае, грае. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памя́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад памянуць.

2. у знач. прым. Упамянуты, названы. Хоць шмат прайшло з памянутых часін, Хоць выгляд краю роднага змяніўся, Ніколі не забудзеш тых мясцін, Дзе ненавідзець ворага вучыўся. Кляўко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́нца ’абадок (пасудзіны); абадок, кольца’ (БРС, Шатал.). Укр. ві́нця мн. л., н. р. ’край пасудзіны’. Можна меркаваць, што гэта слова ўзнікла метафарызацыяй да *věnъkъ, *věnъkъ. Параўн. рус. дыял. ве́нчик ’тоўсты аплёт па верхняму краю снеткавага каша’, вене́ц ’горны хрыбет кругам, паўкругам; край высокага стэпу і г. д.’ Параўн. Рудніцкі, 1, 430–431.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзко́м, прысл.

Прыпадаючы тулавам да паверхні, паўзучы. Да пярэдняга краю прыйшлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі. Мележ. Толькі паўзком, па-пластунску, можна было пераадолець кіламетровы прамежак ад узлесся да першых вясковых хлявоў. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадаўгава́ты, ‑ая, ‑ае.

Падоўжаны; большы ў даўжыню, чым у шырыню. У вузкім, прадаўгаватым пакоі паўзмрок, на стале, з краю, лямпа, вокны завешаны шчыльнай чорнай паперай. Навуменка. Свежыя, зялёныя, прадаўгаватыя — адзін у адзін — .. [агуркі] радавалі вока гаспадыні і госця. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыбіня́, -і́, мн. глыбіні, -бінь, ж.

1. Адлегласць ад паверхні да дна або ад якога-н. месца ў напрамку да нізу.

Г. возера.

2. чаго. Прастора ўнутр ад мяжы, ад краю чаго-н.

У глыбіні лесу.

3. перан., чаго. Сіла, ступень праяўлення чаго-н.; змястоўнасць.

Г. пачуцця.

Г. думак.

Да глыбіні душы — вельмі моцна (крануць, уразіць).

У глыбіні душы — пра пачуцці, перажыванні людзей, схаваныя ад іншых.

|| прым. глыбі́нны, -ая, -ае.

Глыбінная бомба.

Глыбінная вёска.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)