чу́ткі, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны добра ўспрымаць што‑н. слыхам, нюхам. — Спі, — гаворыць Яворскі, — сабакі ў мяне чуткія і злыя — абудзяць, калі што. Колас. // Які хутка рэагуе на знешнія раздражненні (гук, дотык і пад.). А ўначы ўсё навокал скоўваў амаль касмічны холад, і чуткія сейсмографы адзначалі, як недзе ў гарах трашчаць скалы. Шыцік.
2. Уражлівы, успрыімлівы. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала. Першым затрапятала чуткае лісце асіны. Шамякін.
3. Лёгкі, неглыбокі. Чуткі сон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вон,
1. прысл. Прэч, на двор. Выгнаць з хаты вон.
2. выкл. Ужываецца ў значэнні загаду выйсці. Вон адсюль! — Вон, каб мае вочы вас не бачылі!.. Ракітны.
•••
Вон з вачэй — прэч.
Дух вон з каго гл. дух.
(Хоць) душа вон гл. душа.
З рук вон — а) дрэнны; вельмі дрэнны. Ледзь Морж прыпоўз назад і — плюх! — у мора. Адлежваўся, бядак, нямала дзён. Каханне атрымалася — з рук вон. Корбан; б) вельмі, надта. Абстаноўка, шчыра кажучы, з рук вон дрэнная. Дзенісевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знячэ́ўку, прысл.
Разм.
1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. Пытанне застала Віцю знячэўку. Ён схамянуўся і зірнуў у вочы Мікалаю Пятровічу. Нядзведскі. Каханне прыйшло ціха і знячэўку. Марціновіч. // Раптоўна. Рашэнне прыйшло знячэўку, і я паскорыла хаду. Савіцкі.
2. Выпадкова, мімаволі, незнарок. Аднойчы, будучы ў вельмі добрым настроі, Ігнась скакаў, абапіраючыся на парты рукамі, і знячэўку выліў чарніла Лазоўскай Анелі. Чарнышэвіч. А неяк выйшла аднаго разу, што Наташа, вылазячы з машыны, быццам бы зусім знячэўку, прыхінулася да шафёра. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рама́н, ‑а, м.
1. Літаратурна-мастацкі апавядальны твор, звычайна ў прозе, са складаным і развітым сюжэтам. Гістарычны раман. □ У рамане К. Чорнага «Сястра» даецца характэрная для моладзі 20‑х гадоў спрэчка аб будучым лёсе літаратуры і мастацтва. Перкін.
2. Разм. Любоўныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай. [Сітнік:] — У мяне быў раман. Мне было сорак пяць гадоў, а ёй дваццаць. Ермаловіч.
•••
Рыцарскі раман — твор заходнееўрапейскай сярэдневяковай літаратуры пра каханне і незвычайныя подзвігі рыцараў.
Круціць раман з кім гл. круціць.
[Фр. roman.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
закаха́ны, ‑ая, ‑ае.
Які адчувае каханне да каго‑н.; улюбёны. Ліпа добра разумела настрой Чапідзе, ведала, што ён закаханы ў яе. Хомчанка. Як закаханыя людзі на час не зважаюць, Так падарожныя календароў не чытаюць. Куляшоў. / у знач. наз. закаха́ны, ‑ага, м.; закаха́ная, ‑ай, ж. [Нара] кахала [Якіма] і сама не ведала за што, як звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі. // Які выражае закаханасць, захапленне. Закаханы позірк. □ Зося ўсё яшчэ ўсхліпвала і не зводзіла з сяброўкі радасных закаханых вачэй. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узды́біцца, ‑біцца; зак.
1. Стаць, узняцца на дыбкі. [Стась] выцяў варанога пад бакі. Жарабец уздыбіўся і памчаў. Грамовіч. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Лынькоў. // перан. Развар’явацца. — Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся, — каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь. Ваданосаў.
2. Падняцца ўгору, падняцца дыбам. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў і лугоў. Краўчанка. Вагоны з лязгатам уздыбіліся і паляцелі адзін за адным пад адхон. Няхай. Зрэдку пасівелыя валасы пана Даўнаровіча крыху ўздыбіліся, твар раптам нейк схуднеў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацямні́ць, ‑цямню, ‑цемніш, ‑цемніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць цёмным, засланіўшы святло; засланіць святло каму‑, чаму‑н. [Сасоннік] засланіў лінію, зраўняў лес, знішчыў мяжу, зацямніў квартал. Пташнікаў. Цень зацямніў святло. Маўр. // перан. Засмуціць, замаркоціць. Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая .. апанавала [Васіля]. Шамякін. // Замаскіраваць святло. Зацямніць горад. Зацямніць вокны.
2. перан. Зацьміць, адсунуць каго‑, што‑н. на задні план. Аўтар высунуў на першы план няўдалае каханне юнакоў да Тані, якое зацямніла ўсё астатняе. «ЛіМ».
3. перан. Зрабіць незразумелым; заблытаць. Зацямніць ідэйны сэнс твора. // Пазбавіць здольнасці ясна разважаць, мысліць. Зацямніць розум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.
2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спява́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спецца.
2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.
3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.
4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)