дрот, ‑у, М дроце; мн. драты; м.

Металічны выраб у выглядзе гібкай ніці або тонкага прута. Медны дрот. Калючы дрот. □ Дрот на слупах гуў і звінеў. Чорны. Федзя яшчэ здалёк убачыў, што клямка дзвярэй прыкручана да прабою дротам. Ваданосаў. // Разм. Драцяная загарода. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Брыль.

[Польск. drut з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Добразычлівы, гасцінны; ветлівы. Крышачку ўзрушаныя, узаемна прыветлівыя, настаўнікі жартамі сустракалі кожнага свайго калегу. Шамякін. // Які выяўляе добразычлівасць, гасціннасць. Прыветлівая ўсмешка. Прыветлівыя словы. □ Малады настаўнік з прыветлівым тварам і вясёлым, добрым смехам адразу спадабаўся Міхасю. Колас. // перан. Які прыцягвае, вабіць да сябе. Святлом прыветлівым, знаёмым [агні інтэрната] Мігаюць, вабячы здалёк. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыві́ць, крыўлю, крывіш, крывіць; незак., што.

Рабіць крывым, перакошаным, выгнутым. Крывіць туфлі. // Перакошваць у грымасе (твар, губы, рот). Не то ад дыму вусны [Рыгор] крывіць і вока правае прыжмурвае, не то здалёк яшчэ прабуе ўсміхацца Аўдолі. Крапіва. «Следчы» паціскае плячамі. Злая ўсмешка крывіць яго губы. Колас.

•••

Крывіць душой — быць няшчырым, наўмысна не гаварыць праўды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вылуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да вылучыцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выразна праяўляцца, выступаць. Дзве тоўстыя чорныя касы цяжка спадаюць на спіну і здалёк вылучаюцца на чырвоным шоўку блузкі. Васілевіч. На суровым твары [вартаўніцы] была туга, боль, ад чаго яшчэ выразней вылучаліся маршчыны. Гурскі.

3. Зал. да вылучаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустэ́льня, ‑і, ж.

Тое, што і пустыня. Вярблюды ідуць, вярблюды Павольна адмерваюць крок, Па гліне сухой, па грудах — Пустэльняй ідуць здалёк. Хведаровіч. Пайшоў, як волат, праз пяскі Пустэльняю Турксіб. Броўка. Направа ўзнімалася зялёнае ўзгор’е вялікага кургана. Гэта быў аазіс у пагібельнай пустэльні балот. Самуйлёнак. Перад намі на поўначы дзікай У пустэльнях растуць гарады. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымайстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Разм.

1. Прыладзіцца, размясціцца дзе‑н. Каму ўрачы не дазвалялі выходзіць з палат, тыя прымайстраваліся на вокнах, каб хоць здалёк зірнуць на героя. Дудо. Сяляне паселі каля плота, іншыя прымайстраваліся на бярвенні. Чорны.

2. Уладкавацца куды‑н., атрымаць якое‑н. месца, пасаду. Некалькі чалавек нават прымайстраваліся на працу ў горадзе. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балабо́н, ‑а, м.

Разм.

1. Кругленькі званочак у выглядзе шарыка. Аднекуль здалёк прыляталі глухія гукі балабонаў — відаць, пасвіліся на балоце коні. Лынькоў. Адна, мусіць, самая збродлівая [карова], з балабонам: нагне галаву, каб да травіны дастаць, — балабон звініць. Сіпакоў.

2. перан. Балбатун, пустаслоў. Не, ён не з тых, хто менціць языком, у балабонаў рукі такімі мазолістымі не бываюць. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ша 1, ‑ы, ж.

Частка штаноў, якая надзяваецца на адну нагу; калашына. Падкасаць калошы. □ Голыя пяты блішчалі здалёк з-пад даўгіх нагавічных калошаў. Чорны. Борздзенька нацягваеш на сябе кашулю, штаны — ногі не трапляюць у калошы, і злуешся. Сачанка.

кало́ша 2, ‑ы, ж.

Порцыя матэрыялаў (коксу, руды і флюсу), якая засыпаецца за адзін раз у доменную печ, вагранку і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

добразычлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць добразычлівага. Добразычлівасць гаспадароў. □ — Вястун прыляцеў! Сардэчна просім! — у голасе Пятра — добразычлівасць і ласка. Новікаў. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Я зараз жа адагнаў ад сябе добразычлівасць — гэта такім мая маці заносіла ў горад усё да кроплі малако, такія абыходзіла мяне ў пачатковай школе здалёк, не хацелі сядзець за адной партай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сказі́ць, скажу, сказіш, сказіць; зак., што.

1. Змяніць, перайначыць; выставіць у няправільным, памылковым святле. Сказіць сэнс. □ Вульгарызатарская крытыка намагалася сказіць воблік паэта, прыпісваючы яго творчасці песімізм і эстэцтва. Майхровіч. [Сігнал] прыйшоў аднекуль здалёк, прабіўшыся праз камету. Магчыма, гэта і сказіла яго. Шыцік.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна змяніць, надаць ненатуральны, ненармальны выгляд (пра твар). Грымаса сказіла твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)