пазі́цыя, ‑і, ж.

1. Месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Дайшоўшы да краю паляны, я спыняюся і займаю пазіцыю за кустом ядлоўцу. В. Вольскі. Лепшай пазіцыі для.. [школы], як паміж дзвюх невялічкіх вёсачак, здаецца, нельга было і знайсці. Колас. // перан. Роля, месца каго‑, чаго‑н. у галіне якой‑н. дзейнасці. Міжнародныя пазіцыі дзяржавы. □ Больш моцную пазіцыю [у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў.

2. Месца распалажэння войск, вайсковых груп у баі. З самай раніцы перад нашымі пазіцыямі з’явіліся нямецкія танкі і аўтаматчыкі. Няхай. Партызаны, заняўшы загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, сустрэлі ворага дружным агнём. Сабаленка. Ноччу на трэцяе лістапада часці занялі зыходныя пазіцыі для наступлення на Кіеў. Мележ. // Месца, падрыхтаванае для стральбы з якой‑н. зброі. Мінамётная пазіцыя. □ Як на далоні відны былі ўспышкі на агнявых пазіцыях артылерыйскіх батарэй — і нашых, і нямецкіх. Новікаў. // звычайна мн. (пазі́цыі, ‑ый). Раён баявых дзеянняў.

3. Палажэнне, пастава цела; поза. Сядзець у нязручнай пазіцыі. // У спорце, музыцы, танцах — пэўнае палажэнне цела, рук, ног, пальцаў. Стартавая пазіцыя спрынтэра. Пазіцыі класічнага танца.

4. перан. Пункт погляду, думка, прынцыповыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Асноўнае пытанне эстэтыкі — аб адносінах мастацтва да рэчаіснасці — Купала вырашаў з пазіцый філасофскага матэрыялізму. Івашын. Гаспадар зашморгаў .. запалкамі, але Саша папярэдзіў: — Агню не трэба .. Ваенныя ў вёсцы ёсць? Спытаў знарок няпэўна, каб выявіць пазіцыю гаспадара: за каго ён. Новікаў. [Бародку] было цяжка: упершыню за ўсю яго шматгадовую работу члены бюро не падтрымалі яго, першага сакратара.. І таму пазіцыя членаў бюро страшэнна яго абурала. Шамякін.

5. Размяшчэнне (пра фігуры ў шахматах, шашках і інш.). Выйгрышная пазіцыя. // У граматыцы — пра месца моўнай адзінкі. Кожная фанема ў залежнасць ад сваёй пазіцыі ў слове можа відазмяняцца. Юргелевіч.

•••

З пазіцыі сілы — пра адносіны да чаго‑н., заснаваныя толькі на ваеннай, эканамічнай і пад. перавазе. Палітыка з пазіцыі сілы.

[Ад лац. positio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Дасягнуць чаго‑н., паразіць якую‑н. цэль (пра кулю, снарад, што‑н. кінутае і пад.). Адна бомба трапіла ў лазню, запаліла страху. Кулакоўскі. У руках у Пракопа былі кветкі. Ён узмахнуў імі, і букет, апісаўшы дугу, трапіў у акно. Карпаў. // Пацэліць у што‑н., метка кінуўшы, стрэліўшы. Выхапіла [Зіна] з кабуры пісталет і, не цэлячыся, стрэліла тры разы запар. Трапіла ці не? Ваданосаў. // перан. Угадаць што‑н., трапна, дарэчы сказаць што‑н.

2. Увайсці, пранікнуць куды‑н. Трапіць у хату. // Прыйсці куды‑н., знайсці тое, што шукаў. Праблытаўся .. [Сцёпка] досыць доўга па незнаёмых вуліцах, покі трапіў на вадакачку, адтуль і на рабфак. Колас.

3. Апынуцца ў якіх‑н. умовах, абставінах (звычайна неспрыяльных). І Чыжык рашыў гаварыць тое, што чуў не аднойчы: часць трапіла ў акружэнне, хто-ніхто вырваўся, і ён во прыйшоў. Лупсякоў. Блінкоў расказваў пра сябе. Ён — музыкант, у першыя дні вайны трапіў у палон. Васілеўская. Я праклінаў сябе, як апошняга баязліўца, але нічога не рабіў, каб памагчы Хрысціне выбавіцца з ямы, у якую яна трапіла па сваёй ахвоце. Асіпенка.

4. Уладкавацца на работу, вучобу і пад.; стаць кім‑н. [Стэфа:] — Скажы, Міхась, а як ты трапіў у плытагоны? Савіцкі. Пазней, між іншым, адзін з .. [сяброў] трапіў у авіяцыю, а другі прысвяціў сябе медыцыне. Аўрамчык. / у перан. ужыв. Вось — бядняк. Ці траплю стаць на ногі? Ці акрыяю сам? У калектыў вядуць мае дарогі — Я — сіла буду там! Колас.

5. Аказацца дзе‑н. у патрэбны момант. На гэтую размову ў рэдакцыю якраз трапіў Ігнат Дварчанін. Машара. // Апынуцца дзе‑н. У пошуках спосабу жыць .. сям’я [Бумажкова] на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася [на] Беларусь. Чорны. Куды б ні трапіў я — ізноў вярнуся, Разблытаўшы дарожныя вузлы, У гэты край, Што клічуць Белай Руссю, Дзе шпацыруюць белыя буслы. Дукса.

6. Знянацку наступіць на што‑н., уступіць у што‑н., зачапіць што‑н. Трапіць нагой на патарчаку. □ Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч. Раптам нага Кузняцова трапіла ў глыбокую каляіну. Пташнікаў.

7. Папасці, надарыцца. І вось у рукі .. [Васіля], якраз у тыя дні, калі мы, маладыя сябры, забаранілі яму прыніжаць сваю чалавечую годнасць, трапіла неяк бывалая кніга, без вокладак. Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост трапіла гл. лейцы.

Трапіць па вочы (вока) каму — тое, што і папасціся на вочы (вока) каму (гл. папасціся).

Трапіць на вудачку — тое, што і папасціся на вудачку (гл. папасціся).

Трапіць на кручок — папасціся ў чым‑н., даць магчымасць сябе ашукаць.

Трапіць на лаву падсудных — тое, што і сесці на лаву падсудных (гл. сесці).

Трапіць на сваю жылу — знайсці любімую справу.

Трапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).

Трапіць на той свет — памерці.

Трапіць на шапачны разбор — прыйсці пад самы канец чаго‑н., на заканчэнне чаго‑н.

Трапіць на язык каму — стаць прадметам гутаркі, абгавораў.

Трапіць пад агонь — быць абстраляным кім‑н.

Трапіць пад агонь крытыкі — падвергнуцца крытыцы.

Трапіць пад гарачую руку — папасці ў такі момант, калі хто‑н. узбуджаны, злосны.

Трапіць пад кулю — быць забітым, застрэленым.

Трапіць пад нож — быць аперыраваным.

Трапіць пад руку каму — выпадкова апынуцца паблізу, побач.

Трапіць пад сукно — быць адкладзеным на доўгі час (пра якую‑н. справу).

Трапіць пальцам у неба — тое, што і папасці пальцам у неба (гл. напасці).

Трапіць па назначэнню — быць там, куды назначылі, накіравалі.

Трапіць у абцугі — а) папасці ў акружэнне праціўніка; б) аказацца ва ўмовах, што скоўваюць, заціскаюць.

Трапіць у вір — а) утапіцца; б) апынуцца ў цэнтры якіх‑н. падзей.

Трапіць у газету — а) быць надрукаваным у газеце; б) быць заўважаным; в) быць раскрытыкаваным.

Трапіць у залежнасць — быць абумоўленым якімі‑н. прычынамі.

Трапіць у кіпцюры каму — аказацца, быць пад уладай каго‑н.

Трапіць у лапы каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў лапы каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у ласку да каго — займець чыю‑н. прыхільнасць.

Трапіць у (непрыемную) гісторыю — мець непрыемнасці, быць заблытаным у нядобрай справе.

Трапіць у нерат — знянацку, нечакана апынуцца ў безвыходным становішчы.

Трапіць у няміласць — страціць прыхільнасць каго‑н.

Трапіць у палон чаго — быць, знаходзіцца пад моцным уздзеяннем чаго‑н.

Трапіць у пастку — папасці ў небяспечнае, безвыходнае становішча.

Трапіць у пераплёт — аказацца ў складаным, цяжкім, небяспечныя або непрыемным становішчы.

Трапіць у поле зроку — быць заўважаным, убачаным.

Трапіць у рукі каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў рукі каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у (самую) кропку — тое, што і папасці ў (самую) кропку (гл. папасці).

Трапіць у тон — сказаць або зрабіць што‑н. прыемнае, пажаданае для каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)