пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.

2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́жный

1. пяшчо́тны, ла́ска́вы;

не́жный взгляд пяшчо́тны по́гляд;

2. (деликатный) даліка́тны; (хрупкий) кво́лы; (тонкий) то́нкі; (мягкий) мя́ккі; (приятный) прые́мны;

не́жный го́лос прые́мны го́лас;

не́жная ко́жа мя́ккая (даліка́тная) ску́ра;

не́жный за́пах прые́мны (то́нкі) пах;

не́жный во́зраст дзіця́чы ўзрост.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

па́нцыр, ‑а, м.

1. Адзенне ў выглядзе кашулі, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў, якім карысталіся даўней для засцярогі ад удараў халоднай зброяй. Часам сталь скрабне паліцу, Часам іскрай пырсне крэмень... І хаваюцца пад дзёрнам Пікі, панцыры і шлемы, Труны царскіх слуг, ваякаў... Танк. // перан. Аб чым‑н. цвёрдым, што пакрывае што‑н. Гіпсавы панцыр. □ Цвёрды, як сталь, панцыр аўтастрады, што не паддаваўся і лому, прабіў звычайны баравічок — беленькі, далікатны! Карпюк.

2. Цвёрдае покрыва тулава ў некаторых жывёл (кракадзілаў, чарапах, ранаў). Бедная чарапаха схавалася ў свой панцыр. Маўр.

3. Металічная абшыўка ваенных караблёў, паяздоў; браня. Панцыр крэйсера.

4. Вадалазны скафандр для работы на вялікіх глыбінях.

[Ням. Panzer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уво́гуле, прысл.

1. Разглядаючы цалкам, не звяртаючы ўвагі на дробязі, прыватнае. [Палкоўнік:] — Тут сёння цяжка, а ўвогуле справы нашы ідуць вельмі добра. Новікаў. Федзя думаў аб тым, што Алесь і Валодзя ўвогуле добрыя хлопцы. Ваданосаў.

2. Заўсёды, ва ўсіх выпадках; зусім. [Стэфе] хацелася, каб свята ўвогуле не было. Савіцкі. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес. Няхай.

3. Ужываецца ў значэнні абагульняючага слова перад заключэннем, вывадам, падагульненнем. — Не, я больш не буду, — прыгубіўшы шклянку, адсунуў яе ад сябе Ваўчок. — Ды і ўвогуле ўжо хопіць, пара, мне здаецца, і па спачын. Хадкевіч.

4. у знач. пабочн. У цэлым, у выніку. [Люба:] — Не дрэнны, увогуле, хлопец, і далікатны і ўважлівы. Лынькоў. Увогуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́нкі ’невялікі па шырыні, нятоўсты, вузкі’, ’далікатны’, ’дасціпны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Вруб., Федар. 4), то́нкій ’тонкі’ (Бяльк.), то́нкый (то́нкий) ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), то́нак (то́нък) — кароткая форма прым. (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. то́нкий ’тонкі’ (XV ст., КГС). Укр. тонки́й, рус. то́нкий, стараж.-рус. тънъкыи, тьнъкыи, польск. cienki, в.-луж. ćeńki, н.-луж. śańki, чэш., славац. tenký, славен. tánek, tènek, серб.-харв. та̀нак, та̀нан, балг. тъ́нък, макед. танок, дыял. тонок, ст.-слав. тьнъкъ. З прасл. *tьnъkъ (усх.-слав. *tъnъkъjь з асіміляцыяй рэдукаванага ў першым складзе), першапачаткова *tьnъ ’тонкі’. Роднаснае да ст.-інд. tanúḥ (tánukaḥ) ’тонкі’, асец. t‘œnœg ’доўгі’, літ. tę́vas ’тонкі’, ст.-в.-ням. dunni ’тс’, ст.-англ. þynne ’тс’, нова-в.-ням. dünn ’тс’, англ. thin ’тс’, ст.-ірл. tan(a)e ’тс’, лац. tenuis ’тс’, грэч. τανύς ’доўгі’, ταναός (< ταναϝός) ’выцягнуты’. І.‑е. *tenus з першасным значэннем ’расцягнуты, падоўжаны’ ўтворана ад кораня *ten‑ ’напінаць, цягнуць’ (Фасмер, 4, 76–77; ЕСУМ, 5, 596–597; Чарных, 2, 250; Брукнер, 62; Махэк₂, 640).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́скавы і ласка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны ласкі, любві; пяшчотны. Ласкавая маці. □ Сухенькая, тоненькая, як былінка, твар увесь у зморшчынах, як печаная груша, але якая прыветная і ласкавая была гэтая бабулька! Чарнышэвіч. // Які выражае ласку, любоў, пяшчоту. Ласкавы погляд. Ласкавыя словы. □ Нарэшце з’явілася і сама Марыя Міхайлаўна. Ужо немаладая, сярэдняга росту, з прыемным і ласкавым тварам. Мяжэвіч. Адказаць не змог хлапчына На дакор дзявочы, Бо пра ўсё яму сказалі Ласкавыя вочы. Дзеружынскі.

2. Ветлівы, далікатны ў абыходжанні; прыязны. Рагіна была далікатная з твару, здатная ў постаці, спрытная да работы і ласкавая да людзей. Адамчык. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе. Прыказка.

3. перан. Мяккі, лагодны. Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў. М. Ткачоў.

•••

Будзь ласкавы гл. быць.

На ласкавым хлебе гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Аднагадовая або шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна сямейства першакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобнае аднабокае суквецце, якая цвіце ранняй вясной.

2. Тое, што і прымула.

3. Пра травяністыя расліны, якія пачынаюць цвісці ранняй вясной. Выпаўзаюць на свет Праз вільготны пясок Сінь-пралескі і тварыкі чысцяць... Добры дзень, першацвет! Чарнушэвіч.

4. зб. Цвет, які з’явіўся ўпершыню ў жыцці пэўнай расліны. — А ці помніш цяпер ты, Кандраце, Як калісь першацвет абрывалі мы ў садзе? — Помню, помню, ды з песняй яшчэ, ды з якою: Зацвітаюць сады над Бярозай-ракою. Зарыцкі. // Першы, ранні, свежы цвет. Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер і чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крат, Тры гады не удыхаў. Барадулін. Пад кронамі стаіўся вецер; баіцца патрывожыць ён галіны ў душным першацвеце, пчаліны на пялёстках звон. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мя́ккі, мя́кі, мякі́, мʼя́ккі, мя́ккій ’няцвёрды, няжорсткі’, ’тонкі, шаўкавісты, эластычны’, ’далікатны’, ’падатлівы на апрацоўку’, ’прыемны для ўспрымання’, ’свежы’, ’не зусім выразны’, ’хісткі’, ’нястрогі’, ’лёгкі’, ’цёплы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; віл., Нар. сл.), ст.-бел. мяккий ’гнуткі, не цвёрды’, ’лянівы’, ’бесклапотны’, ’ілжывы, здрадлівы’ (Булахаў, Гіст., 128). Укр. мʼягки́й, рус. мя́гкий, мя́гок, польск. miękki, палаб. mąkė, mątkė, н.-луж. měki, в.-луж. mjehki, чэш. měkký, славац. mäkký, славен. méhek, mékek, mehak, серб.-харв. мѐк, макед. мек, мекан, балг. мек, ст.-слав. мѧкъкъ. Прасл. mękъ(kъ), да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. minkyti ’мяць, мясіць’, mìnkštas ’мяккі’, лат. mîksts, mĩkus ’тс’, mîkt ’размягчацца’, mîcît ’мяць’, ст.-інд. mácaté ’раздрабляе’, ст.-грэч. μάσσω ’мяшу’, алб. mekë ’слабы’. Да і.-е. *men(ə)k‑ ’мяць, драбіць’. Іншая ступень чаргавання асновы — му́ка, мука́ (гл.) (Бернекер, 2, 42–43; Траўтман, 184; Буга, Rinkt, 1, 463; Мее, Études, 326; Брукнер, 327; Фасмер, 3, 28; Скок, 2, 400–402; Бязлай, 2, 176; БЕР, 3, 719–720). Паводле Махэка₂ (358), прасл. mękъkъ утворана ад ужо не існуючага дзеяслова męk‑ati, męką (як славац. šibký ад šibati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

намёк, ‑у, м.

1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.

2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вернуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Перавярнуць унутраным бокам наверх. Вывернуць навалачку. □ Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.

2. Варочаючы, выняць, выцягнуць; вырыць. Вывернуць пянёк з коранем. □ І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крот, — Тры гады не ўдыхаў. Барадулін. // Падаць неўласцівы паварот; вывіхнуць. Вывернуць нагу.

3. Разм. Выліць, высыпаць, перакуліўшы пасудзіну; вываліць, выкуліць. Вывернуць вядро вады. □ За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў у гэтай мясцінцы яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. С. Александровіч. // Выкуліць з саней, лодкі і пад. [Янка:] — Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі! Чарот.

•••

Вывернуць душу — падзяліцца з кім‑н. сваімі перажываннямі, думкамі і пад.; расказаць усё да канца, выказаць самае запаветнае. Поўны трывогі,.. [Скуратовіч] меў патрэбу вывернуць перад кім сваю душу. Чорны. Мне хацелася гаварыць і гаварыць, нават душу вывернуць, каб Марылька паверыла кожнаму майму слову. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)