тысячаго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рачане́цгадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́сяча, ты́сеча, тысіча ‘лік і лічба 1000’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Вруб.; ашм., Сл. ПЗБ); ‘напасць, смерць’: кап цябе тысяча ўбіла (маг., Рэгіян. асабл., 4), ты́сячы ‘мноства чаго-небудзь, вялікая колькасць’, ‘вялікія грошы, капітал’ (ТСБМ), ці́сяча ‘безліч, многа’: грымаціць, бы там цісяча гармат смаліць (Сержп. Прымхі), císiaczy мн. л. ‘тс’ (Пятк. 3), ст.-бел. тысяча, тисеча, тисяча, тысеча, тысеща, тысяща ‘тысяча’, ‘вялікая колькасць’ (ГСБМ) з перавагай формы тисяча (Карскі 1, 237). Параўн. укр. ти́сяча, рус. ты́сяча ‘тысяча’, стараж.-рус. тысяча ‘апалчэнне, якое дзялілася на сотні’, ц.-слав. тысѫща, тысѧща, польск. tysiąc, н.-луж. tysac, tysec, в.-луж. tysac, чэш. tisíc, ст.-чэш. tisúc, славац. tisíc, славен. tísoč, харв. tȉsuća, балг. старое ти́сеча, ст.-слав. тысѧщи, тысѧща і тысѫщи, тысѫща. Прасл. *tysętja, *tysętjь, *tysǫtja, *tysǫtjь, роднасныя прус. tusimtons (В. скл. мн. л.); апошняя форма, як і літ. tū́kstantis, лат. tũkstuotis, гоц. þūsundi, ст.-в.-ням. dūdundt, нова-в.-ням. Tausend ‘тс’, выводзяцца з і.-е. *tu‑kʼm̥t‑ia ‘вялікая сотня’ < пра-і.-е. *teū‑ > *tūs‑ ‘набрыняць, пухнуць, таўсцець’ + *kʼm̥tom ‘сто’ (Махэк₂, 643; Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 474; Фасмер, 4, 133; Чарных, 2, 275–276; Брукнер, 590; Борысь, 659; Сной, 766; ЕСУМ, 5, 574; Арол, 4, 126). Меркаванні пра запазычанне з германскіх моў (Ваян, RÉS, 24, 184 і інш.) спрэчныя, балтыйскія і германскія формы паралельныя да славянскіх, але не ідэнтычныя ім (Мілеўскі, Teoria, 318); балтыйскія формы, за выключэннем старапрускай, хутчэй запазычаны з ранніх прасл. *tūcentjā, *tūcontjā (Трубачоў, Слав. языкозн. VIII, 311). Славянскія формы з палаталізаваным пачатковым складам утварыліся ў выніку асіміляцыі з наступнымі мяккімі зычнымі, параўн. ESJSt, 17, 1003. Сюды ж тысячагалоў ‘смолка, Vaccaria pyramidata’ (ТСБМ), тысячагоддзе ‘прамежак часу ў 1000 год’, ‘гадавіна тысячагадовай даўнасці’, тысячано́жка ‘мядзведка’ (Мат. Гом.), тысячанышка ‘сараканожка, мнаганожка’ (драг, Сл. Брэс.), ты́сяцкі ‘начальнік ваеннага апалчэння на Русі’, ‘галоўны распарадчык у вясельным абрадзе’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)