размагні́ціцца, ‑нічуся, ‑ніцішся, ‑ніціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пазбавіцца магнітных уласцівасцей. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк.

2. перан. Разм. Стаць бязвольным, бяздзейным. [Стараста:] — Размагніціўся хлопец — на заняткі вунь на колькі позніцца. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свісту́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Невялікі свісток, зроблены з саломы, травы і пад.; пішчалка. На стале лугавіну гартаем, Ні травінкі марна не знішчылі: На свістульку прыдасца вунь тая, А вось гэтая пойдзе на пішчык. Зуёнак. // Дзіцячая цацка-свісток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; зак.

1. чаго і без дап. Узараць нейкую колькасць зямлі. [Іван Пятровіч:] — Пакуль гэта .. [яравое] паспее, дык пад азіміну вунь колькі наараць можна. Пальчэўскі.

2. што. Разм. Узняць араннем. Завішнюк успомніў, што гэта града, колішняя пагранічная града, якую нааралі ў лонаўскіх лясах у дваццатым годзе. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая тонкая пласцінка, кавалак, адколаты па слаі дрэва; трэска. Напалавіну ў шчэпкі пакрышыла, Напалавіну полымем пайшла. Як быццам хата ў тым і саграшыла, Што гэтак доўга хатаю была. Чэрня. [Алёшка:] — Глядзі вунь [Грышка], колькі дробных шчэпак ля камля. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апастыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., з кім і без дап.

Разм. Лаяцца, сварыцца. [Таццяна:] — Вунь.. [мужыкі] стаяць, маўчаць, як вады ў рот набраўшы. Хай дурныя бабы крычаць, хай апастыляюцца, а мы, разумненькія, памаўчым, паглядзім, як яно куды. Зарэцкі. // Задзірацца, трымаць сябе задзірліва. [Сымон:] — Нам апастыляцца з немцам з-за якога глупства няварта. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нячы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, пакрыты пылам, граззю. — Ну, ну, адвяжыся, гультай... Вунь стрэлкі нячышчаныя, а ён бадзяецца дзе. Лынькоў.

2. Пакрыты лускою, з лушпінамі. Толькі крывілася [дзяўчына], што рыба была нячышчаная, у попеле, без солі ды без хлеба. Маўр. Што варылі? Цяжка было разабраць: бульбу, бручку, буракі — усё нячышчанае. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Разм. Натаміць, натрудзіць да болю цяжкай працай, доўгай хадзьбой і пад.; пашкодзіць. Павярэдзіць рукі. □ Летась вунь дзік некаму, казалі, нагу павярэдзіў... Сачанка. Праўда, .. [Сотнікаў] не надта ўдарыўся, толькі павярэдзіў нагу — уваччу пацямнела, захлынулася дыханне, і ён не адразу, пакутна пачаў ўставаць з долу. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скапы́ціць, ‑пычу, ‑пыціш, ‑пыціць; зак., каго-што.

Разм.

1. Зак. да капыціць.

2. перан. Збіць з ног (пра чалавека). [Казак], як мяшок, асеў на зямлю. .. Народ .. здзіўлена пераклікаўся: — Бачылі, як [Сяргей] казака скапыціў? Адным махам рукі! Машара. // Прынізіць, пазбавіць ранейшага становішча. [Старая:] — Спірыдон вунь як выжыльваўся ды стараўся. А што? Усё роўна скапыцілі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак.

Разм.

1. Выконваць абавязкі стоража. — Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч. — Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж. Колас.

2. каго-што. Вартаваць каго‑, што‑н., пільнаваць каго‑, што‑н. «Прыпушчу, думаю, на часінку [пасвіцца каня], не канешне ж Лаўрэну цягнуцца тут, у яго вунь якія абшары старажаваць». Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суме́сны, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца супольна, разам; агульны. Сумесная работа. □ З якой замілаванасцю ўспамінаў .. [Вася] гады сумеснай вучобы ў школе, вясёлыя калгасныя вечарынкі. Краўчанка. Вунь колькі год мінула, а ўсё ж не забываюцца тыя сустрэчы ў вулачцы і сумесны паход у поле. Лупсякоў. Усе цёмныя бакі іх [Хадкевіча і Аксаны] сумеснага жыцця забыліся. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)