бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз 1, ‑у; мн. разы, ‑оў; м.

1. У спалучэнні з колькаснымі і неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі або без іх абазначае аднакратнасць дзеяння. Раз на тыдні прыязджаў бацька, прывозіў харчы. Мурашка. Тры разы на дзень Вася мяняе ваду, чысціць клетку. Пальчэўскі. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. Лепш, адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Прыказка. // З парадкавымі лічэбнікамі і з прыметнікамі ўказвае, каторы раз адбываецца дзеянне. [Рыбак:] — Закінуў другі раз вудку. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Якімовіч. [Валя] чакала, .. што Мішка нарэшце пачне, скажа ёй тое, што яна ўжо мо тысячны раз (ды дзе там тысячны!) кажа яму ўсёй душой. Брыль. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў. Асіпенка.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і ўказальнымі займеннікамі ўказвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў. У мінулы раз. □ Стрэльбу [Лаўрэну] пан купіў новую — на гэты раз двухстволку. Якімовіч. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль.

3. У спалучэнні з прыназоўнікам «у» і колькаснымі або неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта або аб’екта дзеяння, якой‑н. уласцівасці і пад. [Лясніцкі:] — Трэба дабіцца, каб да мая месяца мы выраслі ў шмат разоў, арганізавалі новыя атрады. Шамякін. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады.. трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль.

4. нескл.; у знач. кольк. ліч. (пры падліку). Адзін. «Раз... два... тры» — лічыць Цімох і раптам .. грымнуў выбух. Колас. / у знач. пабочн. [Толя:] — Адзін я ўсё роўна сажалкі не выкапаю. Гэта раз. А па-другое, жывучы разам, адной сям’ёй, хіба можна думаць толькі пра сябе? Рунец.

•••

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — а) пры любых абставінах. Ва ўсякім разе ў партызана павінна быць вінтоўка і шырокі патранташ, які замяняе яму папругу. Якімовіч; б) (у знач. пабочн.) усё-такі.

Вось табе і раз гл. вось.

Другі раз — тое, што і іншы раз.

Другім разам — калі-небудзь, не цяпер.

За раз — у адзін прыём.

Іншы раз — часам, у некаторых выпадках.

Не раз (і не два) — многа разоў, неаднаразова.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах; ніколі.

Па той раз — пасля таго; з таго часу (не паўтараецца што‑н.).

Раз-два і гатова — вельмі хутка, зараз жа.

Раз-другі — некалькі разоў (пра невялікую колькасць).

Раз за разам — тое, што і раз-пораз.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, рашуча, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

Раз плюнуць гл. плюнуць.

Раз-пораз; раз-поразу — бесперапынна, пастаянна, зноў і зноў.

Раз у раз — у такт, адначасова.

Самы раз; у самы раз — а) тады, калі трэба, у час, у патрэбны момант. — Няйначай, як папаўненне. А добра, у самы раз! Лынькоў; б) каму якраз падыходзіць хто‑н. або што‑н. [Настаўнік:] — І пра зямлю ў іхняй праграме так як след сказана. У самы раз мужыку гэтая партыя. Галавач; в) добры, такі, як трэба; добра, так, як трэба. Два акны на вуліцу, тры ў двор, самы раз хата. Ермаловіч. — Каля акна яно бывае холадна, а вось тут самы раз. С. Александровіч.

У такім разе — у такім выпадку, калі ўжо так выйшла.

раз 2, прысл.

Аднойчы. — Вось неяк раз прапала ў пана пара валоў. С. Александровіч. Раз убачыў Толяк: бялявы .. хлапец пайшоў з Зосяю раней, як заўсёды. Чорны.

раз 3, злучнік умоўны.

Ужываецца ў даданых умоўных сказах, у якіх умова з’яўляецца абгрунтаваннем таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то», «дык»); калі (у 2 знач.). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Колас. [Слімак:] — Я закону заўсёды падпарадлуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыць і выконваю. Лынькоў. — Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым свет стаіць і стаяць заўсёды будзе. Чорны. І ў спалучэнні са злучнікамі «а», «і», якія ўзмацняюць, падкрэсліваюць умову. [Перагуд:] Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)