Браск ’досвітак’ (Мар. дыс.). Марозаў, там жа, лічыць, што гэта паланізм. Параўн. польск. brzask ’тс’. Хоць тэарэтычна браск можа быць і бел. словам (параўн. рус. брезг ’тс’, бре́зжит ’світае’, чэш. břesk, ст.-слав. пробрѣзгъ і г. д. — слав. *brězg‑; аб слав. словах гл. Фасмер, 1, 211), усё ж на бел. глебе яно ізаляванае (акрамя таго, у бел. мове было б брэск). Укр. дыял. бряск ’бляск’ таксама з польск. (гл. Рыхардт, Poln., 37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

-ба суфікс, вядомы ва ўсіх слав. мовах. Праслав. ‑ьba (суфікс, які ўтвараў nomina actionis ад дзеясловаў на ‑iti‑, ‑ěti): параўн. бел. варажба, ганьба, служба, хадзьба і г. д. Гл. Мейе, Études, II, 271–275; Остэн–Закен, IF, 26, 307–324; Вондрак, Vergl. Gr., І, 604–605; Атрэмбскі, LP, 3, 170–173. Пытанне аб паходжанні ‑ьba (іменны ці дзеяслоўны суфікс) спрэчнае. Пра ‑ба ў бел. мове падрабязна гл. Вярхоў, Бел. лінгв. зб., 164–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарчэ́ць ’рабіцца горкім’ (БРС, Нас., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. горча́ть, укр. гірча́ти, серб.-харв. го̀рчати ’тс’ і г. д. Прасл. *gorьčati ’тс’ (утварэнне ад *gorьkъ ’горкі’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 52. У бел. мове развіўся другасны па паходжанню вакалізм у тэме дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дакла́д ’даклад’ (БРС). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 157), бел. дакла́д (як і балг. докла́д) запазычана з рус. докла́д ’тс’. Рус. слова ўтворана бязафіксным спосабам словаўтварэння ад дзеяслова докладати ’дакладваць’. У рус. помніках яно вядома з 1474 г. Сюды адносяцца і дакла́дчык, дакла́дчыца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дырыжо́р ’дырыжор’ (БРС). Запазычанне з рус. дирижер ’тс’ (у рус. мове гэта новаўтварэнне з пачатку XIX ст. ад дзеяслова дирижи́ровать). Фасмер, 1, 515; падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 127–128. Таксама, відаць, узята з рус. дирижи́ровать (< франц. diriger ’тс’) і бел. дырыжы́раваць ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дысцыплі́на ’дысцыпліна’ (БРС). У сучасным значэнні, відаць, з рус. дисципли́на ’тс’ (< польск. dyscyplina < лац.). Фасмер, 1, 516; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 137. Ст.-бел. дисциплина, дысцыплина ’дысцыпліна; бізун’ (Булыка, Запазыч.) і дыял. дысцыплі́на ’строгае выхаванне’ (Сл. паўн.-зах.) запазычаны прама з польск. dyscyplina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каха́нак ’любы, каханы’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Нас. і г. д.), каха́нка ’любая, каханая’. Гэтыя словы засведчаны ўжо ў ст.-бел. мове: коханка, коханокъ. Дзеяслоў кохати ў ст.-бел. мове Булыка (Запазыч., 173) адносіць да паланізмаў. Зразумела, што і вытворныя, якія маюць адпаведнасці ў польск. (kochanek, kochanka), хутчэй за ўсе таксама запазычанні. Няясна, з якіх прычын коханка, коханокъ Булыка адносіць да ўтварэнняў, якія ўзніклі ўжо ў бел. мове (гл. с. 15, дзе гаворыцца, што пасля экземпліфікацыі прыводзяцца дэрываты, утвораныя на бел. глебе). Параўн. Кюнэ, Poln., 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бузіна́ ’Sambucus nigra L.’ (Кіс., БРС, Шат.), бузі́на (Сцяшк. МГ). Рус. бузина́, буз, боз, укр. бузина́, боз; у значэнні ’бэз, Syringa’ — бел., укр. буз, бузо́к, польск. bez, чэш. bez, балг. бъз, серб.-харв. баз, ба́за і г. д. Слав. *buzina, *buzъ, *bъzъ ’бузіна, Sambucus; бэз, Syringa’ лічыцца роднасным з і.-е. словамі, якія азначаюць ’дуб’ і ’бук’: лац. fāgus ’бук’, грэч. φηγός, φᾱγός дуб’, ст.-ісл. bók, ст.-в.-ням. buohha ’бук’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 233; Бернекер, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарба́ты ’гарбаты’. Рус. горба́тый, укр. горба́тий, польск. garbaty, чэш. hrbatý, балг. гърба́т, серб.-харв. грба̀т і г. д. Прасл. *gъrbatъ (*gъrbatъjь) ’гарбаты’. Прасл. утварэнне суфіксам ‑аtъ ад *gъrbъ ’горб’. Падрабязны агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 198–199. Прасл. характар мае і бел. дыял. гарба́ч ’гарбаты’ (Бяльк.: гырба́ч); параўн. рус. дыял. горба́ч, укр. дыял. горба́ч (два гэтыя словы з некалькі іншай семантыкай), чэш. hrbáč, славен. grbač і г. д. (прасл. *gъrbačь; гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 198: пад *gъrbačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гра́біць ’грабіць’ (БРС). Параўн. рус. гра́бить, укр. гра́бити, польск. grabić, балг. гра́бя, ст.-слав. грабити і г. д. Прасл. *grabiti ’хапаць, грабіць, браць; зграбаць і да т. п.’ Да і.-е. *ghrōbh‑; параўн. ст.-інд. grāháyati ’прымусіць схапіць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 97; Фасмер, 1, 449–450; Траўтман, 95–96; Бернекер, 1, 344; Слаўскі, 1, 333–334. Ад гэтага прасл. дзеяслова ўтворана *grabja, *grabji ’граблі, грэбень’ (’тое, чым зграбаюць’): бел. гра́блі, рус. гра́бли, укр. граблі́, польск. grabie, чэш. hrábě і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)