самалю́бства, ‑а, н.

Пачуццё ўласнай годнасці, якое звычайна спалучаецца з раўнівымі адносінамі да думкі пра сябе іншых людзей. Мужчынскае самалюбства. □ А цяпер.. [Платон], бадай, з аднаго самалюбства, хацеў давесці, што і ў яго галава не так сабе на плячах. Ракітны. З-за самалюбства, баючыся, каб не стаць смешным, Кузьма таіў сваю рэўнасць, нічым не выказаў яе нават Веры. Дуброўскі. // Нястрымная прага да славы. Хворае самалюбства нараджала хворыя думкі... Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.

2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.

3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапато́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі даўні, старажытны, які быццам бы існаваў яшчэ да міфічнага біблейскага патопу. Насельнікамі.. лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцяя зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі». Маўр.

2. Разм. жарт. і іран. Які выйшаў з ужытку; устарэлы, старамодны. Дапатопныя уяўленні. □ Па новых вуліцах спяшаецца трамвай, І зніклі здані дапатопнай копкі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.

2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.

3. і без дап. Паліць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.

2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамантава́цца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Знаходзіцца ў рамонце. Прыбыткоўскаму штосьці не падабалася ў тым, што каля яго хаты бадай штодзень рамантуецца аўтобус. Чорны. // Разм. Займацца рамонтам свайго жылля, машыны, гаспадарчых прылад і пад. [Леаніда Пятроўна:] — А чаму б гэтае пытанне не абмеркаваць нам на агульным сходзе? Пагаварыць пра тое, што нашы трактарысты працуюць якіх шэсць-сем месяцаў, а ўвесь астатні час рамантуюцца альбо прастойваюць пад навесам? Паслядовіч.

2. Зал. да рамантаваць ​1.

рамантава́цца 2, ‑туецца; незак.

Зал. да рамантаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разлічыць.

2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць рып; рыпець. Сям-там рыпалі дзверы, калодзежныя жураўлі. Чарнышэвіч. Рыпаў калодзежны вочап, бразгалі кацялкі і булькалі біклажкі. Грахоўскі. // чым. Утвараць рып, рыпець чым‑н. Бацька з Колем выйшлі на двор. Даўгавата там стукалі тапаром, рыпалі варотамі ў хлеў. Мыслівец.

2. Разм. Іграць непрафесійна на якім‑н. музычным інструменце (звычайна на гармоніку). На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка. Звычайна, нудна, усюды адну і тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)