Та́ра 1 ’ўпакоўка тавару’, ’вага ўпакоўкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.). З ням. Tára ’тара; упакоўка; вага ўпаковачнага матэрыялу’, якое з італ. tara ’тара; зніжка, вылік, адлічэнне’ < араб. ṭarḥ ’зніжка, вылік, адлічэнне’ < ṭáraḥa ’ён адсунуў, адклаў’ (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517; Чарных, 2, 228; Голуб-Ліер, 477).
Та́ра 2 ’плыток для пераезду’ (ТС). Гл. тар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Санда́л ’вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства сандалавых’ (ТСБМ). Ст.-рус. сандалъ ’тс’. З рус. санда́л ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88). Апошняе праз грэч. σάνταλον з араб. s̥andal ад ст.-інд. candanas ’сандалавае дрэва’, candrás ’бліскучы’ (Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 556). Фасмер (там жа) дапускае пасрэднасць тур. sandal (параўн., напрыклад, блізкія формы ў Радлава (4, 305) і Міклашыча (Türk. El. Nachtr., 2, 155).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таргу́н ’расліна агурочнік, якую кладуць у агуркі, калі нарыхтоўваюць іх на зіму’ (Растарг., Расл. св.). Параўн. укр. дыял. тургу́н ’эстрагон, Artemisia dracunculus L.’, торгу́н ’птарміка, Achillea ptarmica’, рус. таргу́н, тургу́н ’эстрагон’, польск. tarhun, torhon, toruń ziele ’тс’. Запазычана з тур. tarhun ’тс’, што з араб. tarhun (tharkun) ’тс’ (Брукнер, 21; ЕСУМ, 5, 679), шляхі пранікнення няясныя (Папоў, Из истории, 73).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́ца ’паднос’ (Некр. і Байк.), ’хлебніца’ (Сцяшк. Сл.), тац ’паднос’ (Шпіл.), ст.-бел. таца ’кубак, чаша’ (Ст.-бел. лексікон). Праз польск. taca ’від плоскага начыння’, ’чаша, чарка, міска’ (з XVI ст.) запазычана з ням. Tatze ’паднос’, што, у сваю чаргу, з італ. tazza ’шклянка’ < араб. ṭasa ’шклянка, міса’ (Борысь, 625), апошняе выводзяць з перс. täšt ’чаша, сподак’ (ЕСУМ, 5, 529).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ізумруд. Першакрыніца: грэч. σμάραγδος. У ст.-бел. шмарагдъ, шмаракгдъ (1518 г.) с ст.-польск. szmaragd (Булыка, Лекс. запазыч., 141; Гіст. лекс., 94). Ст.-бел. смарагдъ, змарагдъ, измарагдъ < ст.-рус. смарагдъ, змарагдъ, измарагдъ (Булыка, там жа). Ізумруд нясе адбітак цюрк. пасрэдніцтва: ст.-рус. изумрудъ < тур. zümrüd < перс.-араб. zumurrud < з грэч. Гл. Праабражэнскі, 1, 226; Фасмер, 2, 123–124; Шанскі, 2, I, 44.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бэ́та ’нячыстая, ганебная справа, звязаная з махлярствам, круцельніцтвам’ (КЭС, лаг.). Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. бета ’ўмельства’ (а гэта, відаць, скарачэнне з кебе́та ’ўмельства, здольнасць’ < тур.-араб., гл. Крымскі, Др.-киев. говор, 12). Іншая этымалогія: сувязь з карцёжным тэрмінам польск. bet, labet (< франц. bête, la bête), укр. лабе́ти (пійматися в лабети), рус. попасть в лабе́т ’трапіць у няёмкае становішча’. Гл. падрабязна Балецкі, SSlav., 9, 358.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мы́цка 1 ’круглая шапка, ярмолка’ (Федар. 6), ст.-бел. мыцка ’тс’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. mycka ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 107), якое з с.-н.-ням. mutze < с.-лац. almutia ’шапачка для духоўных асоб’ < араб. al‑mustaqah ’кажух, футравае паліто’.
Мы́цка 2 ’мыза’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Да мыса (гл.). Магчыма, ‑ц‑ у выніку кантамінацыі мыса (ці мыза) і пыца (ці пыка) ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саці́н ’баваўняная або шаўковая тканіна, якая мае гладкі бліскучы правы бок’ (ТСБМ), саці́на ’тс’ (Ян.), саці́навы ’які мае адносіны да саціну’ (ТСБМ, Бяльк.), саці́нкаву ’тс’ (ТС). Праз рус. сати́н ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) з ням. Satin або франц. satin ’атлас’, якія тлумачаць з араб. zaitūnî ’з кітайскага горада Цзяадун’, г. зн. тканіна названая па месцу паходжання. Гл. Локач, 171; Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 565.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калі́бр (Сержп.: чэрці ўсялякага калібру); калибиръ ’размер’ (Нас.). Відавочнае запазычанне, фанетычны крытэрый не вельмі пераканаўчы, паколькі такая форма магла натуральна ўтварыцца на бел. глебе з першаснага калібр, гэта дазваляе меркаваць, што запазычана з польск. kaliber ’памер, велічыня’. Польск. слова хутчэй за ўсё да ням. Kaliber, якое з італ. calibro, а гэта з араб. kâlib. Аднак і арабская лексема ўзыходзіць да грэч. καλοπόδιον ’форма, узор’, гл. Фасмер, 2, 166.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)