адрадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Аднавіць пасля перыяду разбурэння, заняпаду, часовага знікнення; выклікаць уздым, росквіт чаго‑н. Адрадзіць прамысловасць, гаспадарку. Адрадзіць традыцыі. □ Тое, што.. [Наталля Пятроўна] так хвалюецца, адрадзіла ў Сяргея надзею, якая амаль ужо згасала. Шамякін. [Андрэй:] «Ты сваім лістом усхвалявала мяне да апошняга, адрадзіла ўсё, што было між намі». Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.

1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.

2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.

3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.

4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбудава́цца, ‑будуюся, ‑будуешся, ‑будуецца; зак.

1. Пабудавацца нанава; аднавіць тое, што было разбурана, знішчана. Сяло Гарадзішча, дашчэнту спаленае ў часе вайны фашыстамі, цяпер адбудавалася. Гурскі. [Кастрыца] — У нас жа ніводнай хаты не засталося, ні каровы, ні пеўня .. Ну, дзякаваць, адбудаваліся скора. Марціновіч.

2. Старанна, усё прадугледзеўшы, пабудавацца. Як папрыгажэў горад! Як адбудаваўся! Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбудава́ць, ‑будую, ‑будуеш, ‑будуе; зак., што.

1. Пабудаваць нанава, аднавіць што‑н. пасля разбурэння. Родны горад! Нашае багацце! Мы хвіліны дарма не патрацім, Мы сваёй не пашкадуем працы — Адбудуем светлыя палацы! Броўка.

2. Вельмі странна, усё прадугледзеўшы, пабудаваць. Яны прыйшлі на з’езд партыйны, Каб вырашыць, абмеркаваць, Як лепш адбудаваць краіну, Заводы новыя ўзняць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддыхну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Аднавіць сілы, перамяніўшы або зусім спыніўшы дзейнасць, работу, занятак і пад.; адпачыць. [Мікалай Патапавіч:] — А потым, калі ўжо аддыхнула галава, прасвятлелі думкі, стаў я патрошкі абмяркоўваць сваё становішча. Кулакоўскі. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апра́віцца, апраўлюся, аправішся, аправіцца; зак.

1. Паправіцца, ачуняць; аднавіць свае сілы. Але гэтым разам не памёр стары, аправіўся. Гарэцкі. Андрыяну Цітавічу хацелася нешта такое гаварыць, нешта такое рабіць, каб Уладзік хутчэй аправіўся ад гора, ад пакутлівых перажыванняў. Марціновіч. // Дасягнуць ранейшага або блізкага да ранейшага стану. Аправіцца ад вайны.

2. Разм. Спаражніцца. Параўняўшыся з.. [вярбою], Булякін весела, жартаўліва скамандаваў: — Стой! Аправіцца, пакурыць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дамалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Закончыць маляванне чаго‑н. Дамаляваць партрэт. // перан. Закончыць апісанне, абмалёўку чаго‑н. □ — Мне здаецца, трэба дапісаць, дамаляваць тое месца, дзе.. герой падымаецца на гераічны ўчынак. Мележ. // перан. У думках дапоўніць, аднавіць што‑н. Паэт, няхай сабе абагулена, стварыў выразны сацыяльны тып, і наша ўяўленне дамалюе рысы, якіх бракуе ў індывідуальным абліччы героя. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бо́рзды ’быстры, спрытны’. Траўтман (40) лічыў, што бел. слова прадстаўляе прасл. варыянт да bъrzъ ’тс’ і рэканструяваў прасл. bъrzъ (ва ўсіх слав. мовах, акрамя бел.) і bъrzdъ (бел. мова). Гэта апошняе стаіць вельмі блізка да літ. burzdùs, bruzdùs ’рухавы’, што дае магчымасць аднавіць балта-слав. праформу *burzdu‑. Форма bъrzdъ захоўваецца яшчэ ў серб.-харв. брздѝца ’быстрына ў ручая’. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176–177. Форму bъrzъ адлюстроўваюць, напр., рус. бо́рзый, бел. бо́рза, польск. bardzo ’вельмі’, barzy (ст.) ’хуткі’, чэш. brzý, серб.-харв. бр̂з ’хуткі’. Параўн. яшчэ Скок, 1, 222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прываро́т ’прычароўванне, варажба; чароўная сіла варажбы’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), ’тое, што можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (Нар. Гом.). Сюды ж пры́воротынь ’піжма звычайная’ (Сіг.), прывараті́ть ’прываражыць’ (Растарг.), прываро́тны ’ў забабонных уяўленнях — які можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (ТСБМ), прыва́ратны карэнь ’корань для чаравання, любчык, любіста’ (Др.-Падб.), нарэшце, прываротны́й ’добразычлівы, прыхільны’ (Клім.) са стратай базавай семантыкі. Да прывараці́ць ’прычараваць’ < вараці́ць (гл. варо́чаць) з семантыкай (і практыкай) рытуальнага дзеяння, накіраванага на вяртанне аб’екту магічнага ўздзеяння, параўн. ст.-бел. приворотитиаднавіць, вярнуць’, приворотитися ’апамятацца, апрытомнець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.

•••

Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)