наспе́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца спелым, паспець. Прыйшло лета залатое, Поўны колас наш паспеў. Русак. // Напоўніцца гноем (пра нарыў).

2. перан. Развіўшыся, стаць надзённым, патрэбным. Неабходнасць у шырокай прапагандзе ідэй аховы прыроды паспела. «Звязда». // З’явіцца, узнікнуць. [Дзед:] — Ну, расказвай! кажы смела, Мой музыка малады: Што ў цябе там зноў паспела? Можа песня для дуды? Колас.

3. перан. Надысці, настаць. Наспела рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Мельнікаў:] — Хацеў .. [Лугавец] і сам з намі прыехаць, ды раптам паспелі неадкладныя справы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасця́к, ‑а, м.

Разм. Прастадушны, бясхітрасны і недалёкі чалавек. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абыйсці цябе цішком... Валасевіч. Галаўня паступова мяняў думку наконт Сцяпана. «Ён не які-небудзь прасцяк. Бач якімі доказамі шпурляе». Гроднеў. Аўтару вадэвіляў і гумарыстычных апавяданняў, Міхасю Чароту былі зразумелыя пажаданні Міровіча, тым больш, што і ў «Хатцы», і ў Галубка ён сам іграў на сцэне вясёлых прасцякоў. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.

1. Пабяліць нанава, яшчэ раз. А што я зрабіў кепскае? Столь упрыгожыць кветкамі хацеў? Дык я ж мог сам перабяліць, калі б сказалі. Нядзведскі.

2. Пабяліць усё, многае. Перабяліць усе пакоі ў доме.

3. Разм. Сапсаваць празмерным бяленнем. Перабяліць палотны хлёркай.

4. Перапісаць з чарнавіка начыста. — От я зараз усыплю вам абодвум, — сказаў.. [Канстанцін Міхайлавіч], пачынаючы нешта накідваць алоўкам. Потым перабяліў напісанае на двух аркушыках і адсунуў убок. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Разм. Люлька для курэння. Стары сядзеў на прызбе ў кажусе і пасмоктваў сваю піпку, якой ён ніколі не выпускаў з рота, хіба толькі тады, калі садзіўся за стол пасілкавацца або калі спаў. Колас. Банэдык ішоў шырокімі крокамі, сам доўгі, як жардзіна, з ліпкай у зубах і без шапкі. Чарнышэвіч. Дзядзька Апанас выняў з зубоў сваю неразлучную піпку, пастукаў ёю аб пазногаць вялікага пальца. Якімовіч.

[Ад фр. pope — люлька.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́радзе,

1. прысл. На некаторай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Ірына ішла паперадзе. Чорны. Тарыел, ідучы паперадзе, на кожным кроку чуў, як спатыкаюцца людзі. Самуйлёнак.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперадзе» вырашае прасторавыя адносіны: паказвае на становішча перад кім‑, чым‑н. Ідзе войска, сцягі ўюцца, Кроў бурліцца ў жылах, А паперадзе ўсіх едзе Сам Клім Варашылаў. Купала. За паўвярсты паперадзе фурманкі ішоў па лесе Максім Ус з наганам і гранатай. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

1. Пакрыць або насыціць фарбай ці іншым фарбавальным рэчывам. [Зыбін:] — Пабялілі наш дом, сам бачыў. Падлогу пафарбуюць, — тыдзень, другі і, калі ласка: уваходзь, гаспадыня!.. Мележ. [Гэлька] адрэзала метровай даўжыні кавалак палатна, пафарбавала пад колер летняга ранішняга неба. Сташэўскі.

2. Надаць чаму‑н. які‑н. колер. Пафарбавала восень пазалотай Над возерам заспаныя лясы. Астрэйка. Сорам пафарбаваў у чырвонае Любіны шчокі. Мурашка. За вокнамі ўжо чырвоным заравам пафарбавала сонца небакрай. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траі́ць, траю, троіш, троіць; незак., што.

1. Разм. Дзяліць на тры часткі. Траіць бервяно.

2. Злучаць у адно з трох. Траіць ніткі. Траіць рады.

3. Спец. Тройчы пераворваць зямлю. Неяк пад восень, калі Аркадзь траіў папар у сваім калгасе, да яго на матацыкле пад’ехаў гэтакі ж малады, як і ён сам, хлопец. Сабаленка. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Прыказка.

4. Страляць, удараць і пад. па трох адначасова. Траіць з ружжа. Траіць на більярдзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устро́іцца, устроюся, устроішся, устроіцца; зак.

1. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, пасаду. Кулік, які пераходзіў якраз на завочнае, прыняў на сябе ўсю віну і гэтым самым выратаваў таварышаў. Сам ён устроіўся ў школу, але адразу ж зрэзаўся з дырэктарам. Дамашэвіч.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы існавання. Устроіцца на кватэру. □ [Сцяпан Жыхар:] — А-а-а, Пятух... Не блага ўстроіўся... А я думаў, ты са мной адлучышся. Чарку зрабілі б... Пташнікаў. // Размясціцца, распалажыцца. Устроіцца спаць на канапе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.

1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.

2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарто́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чорта. Чартоўскае насланнё. □ Увішны-то увішны, але калі браць на маштабы, дык напроці .. [Сёмкі Фартушніка] Хурс, напрыклад, быў увішны не як чорт, а як сам старшыня ўсяго чартоўскага кодлішча. Чорны. // Такі, як у чорта; злы.

2. Пракляты, ненавісны, страшэнны. І хочацца вельмі Андрэю шпурнуць Гранату ў чартоўскую гэтую хату. А следам за ёй і другую гранату. Зарыцкі.

3. Разм. Незвычайна моцны, вялікі па ступені праяўлення. Чартоўская вышыня. Чартоўская хуткасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)