Каўчу́к ’каўчук, эластычнае рэчыва, якое здабываецца з млечнага соку некаторых трапічных раслін або штучным спосабам і выкарыстоўваецца для вырабу гумы’ (ТСБМ, БРС). Паводле Фасмера, 2, 211, запазычана з ням. Kautschuk або франц. caoutchouc. Шанскі (2, К, 100) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова ўзята з франц. на пачатку XIX ст. і ўпершыню фіксуецца ў слоўніку 1816 г. Франц. слова ўзята з мовы лацінаамерыканскіх індзейцаў. Паводле Фасмера, там жа, крыніцай з’яўляецца слова cahuchuc з індзейскай мовы майнас. Не абгрунтаваны пункт погляду аб запазычанні слова з англ. крыніцы. Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́така, па́тыка ’густое, цягучае, салодкае рэчыва’ (ТСБМ, Нас.), ’нектар’ (Анох.), ’рэдкі мёд’ (Вешт., Маш.), слаўг., шчуч. ’чысты мёд, які выцек з сотаў’ (Яшк., Бел. лекс., 167). Укр., рус. па́тока ’цукровая патака’, ’мёд без воску’, польск. patoka ’мёд, які выцек з воску’, ’патака’, чэш. patoky ’благое піва, якое ўжо выдыхалася’, ’гушча з соладу’, славен. pátoka ’слабое віно’, серб.-харв. па̏тока ’слабая (апошняя) самагонка’, балг. патока ’слабая ракія, сівуха’. Прасл. patoka, утворанае пры дапамозе прыстаўкі pa‑ (< прасл. po‑) ад tekti > цячы́ (гл.) (Мее, Études, 255; Міклашыч, 347; Фасмер, 3, 217; Махэк₂, 438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́дзерны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ядра (у 1, 2, 5 і 6 знач.). Ядзернае рэчыва. Ядзерная абалонка. Ядзерная частка клеткі. // Які змяшчае ў сабе ізатопы радыеактыўнага рэчыва. Ядзернае паліва.

2. Які мае адносіны да працэсаў, што адбываюцца ў атамным ядры, звязаны з гэтымі працэсамі. Ядзерная рэакцыя. Ядзерны распад. Ядзернае выпрамяненне.

3. Заснаваны на выкарыстанні энергіі атамнага ядра. Ядзерная зброя. Ядзерная электрастанцыя. // Звязаны з выкарыстаннем энергіі атамнага ядра, атамнай зброі. Ядзерныя выпрабаванні. Ядзерная палітыка.

4. Які валодае тэхналогіяй выпрацоўкі і выкарыстання энергіі атамнага ядра. [Дэлегат] прапанаваў: давайце запішам, што ядзерныя дзяржавы абавязваюцца не прымяняць ядзернай зброі супроць другіх дзяржаў. Кавалёў.

•••

Ядзерная тэхніка гл. тэхніка.

Ядзерная фізіка гл. фізіка.

Ядзерная хімія гл. хімія.

Ядзерная электроніка гл. электроніка.

Ядзерная энергетыка гл. энергетыка.

Ядзерная энергія гл. энергія.

Ядзерны рэактар гл. рэактар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элеме́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. Састаўная частка чаго-н.; кампанент.

Культура складаецца з многіх элементаў.

2. Доля, некаторая частка ў складзе чаго-н.

Інтэрнацыянальныя элементы ў беларускай тэрміналогіі.

3. мн. Асновы, пачатак чаго-н. (кніжн.).

Элементы матэматыкі.

4. Пра чалавека, асобу як члена якой-н. сацыяльнай групы.

Прагрэсіўныя элементы грамадства.

5. Простае рэчыва, якое не раскладаецца на састаўныя часткі звычайнымі хімічнымі метадамі (спец.).

Перыядычная сістэма элементаў (Мендзялеева).

6. Хімічная крыніца электрычнага току.

Гальванічны э.

|| прым. элеме́нтны, -ая, -ае (да 1 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адсы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак.

Аддзяліць частку якога‑н. сыпкага рэчыва або дробных прадметаў, перасыпаўшы куды‑н. Адсыпаць мукі. □ — А ты не бядуй, — уцешыла дзяўчынка Косціка, — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Тады набярэш поўны. А зараз дай я табе трохі адсыплю. Даніленка.

адсыпа́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да адсы́паць.

адсыпа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адаспа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.

1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.

2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ана́ліз, ‑у, м.

1. Метад навуковага даследавання, які заключаецца ў расчляненні цэлага на састаўныя часткі. Аналіз філасофскага паняцця прычыннасці. Аналіз заканамернасцей развіцця капіталістычнага грамадства. Статыстычны аналіз. Навуковы аналіз. // Разбор, разгляд чаго‑н. Аналіз творчасці пісьменніка. Аналіз чалавечых узаемаадносін.

2. Вызначэнне саставу і ўласцівасцей рэчыва. Аналіз крыві. Якасны аналіз. □ Быстрым позіркам Міхал акінуў калонку лічбаў на дошцы з дадзенымі хімічнага аналізу. Карпаў.

[Ад грэч. analysis — раскладанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка прыліпае, прыстае; клейкі. Ліпкі грунт. Ліпкае павуцінне. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. // Пакрыты слоем клейкага рэчыва. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Неадчэпны, назойлівы. Ліпкі позірк. □ Міхась наліваў па шклянцы, і на душу яго зноў пачыналі капаць цёплыя, ліпкія кроплі Капейкавых слоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лы́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы. Сталовая лыжка. Чайная лыжка. □ На прыпечку стаялі гліняная міска, чыста вымытая, а ў ёй дзве драўляныя лыжкі. Кулакоўскі. // Колькасць рэчыва, якое можа ўмясціцца ў лыжцы. Чайная лыжка солі. □ Якуб сёрбае лыжак колькі капусты і зноў гаворыць. Якімовіч.

•••

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ста 1, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Рэчыва, якое мае выгляд вязкай цестападобнай масы (прымяняецца ў медыцыне, касметыцы, кулінарыі і пад.). Зубная паста. Таматная паста.

[Іт. pasta.]

па́ста 2, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Абл. Пасьба. І павыганяла з хлява свінню і трое парасят, каб удваіх з Юркам гнаць іх на пасту. Брыль. Што ж не выйшаў ты на пасту, Ганарлівы наш Мышасты? Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)