бязме́жжа, ‑а, н.
1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.
2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Нізкарослая дравяністая расліна, у якой галіны пачынаюцца амаль ад самай паверхні глебы. Куст бэзу. Куст парэчак. Куст маліны.
2. Травяністая расліна, сцябліны якой растуць пучком. Куст быльніку. Куст суніц.
3. перан. Аб’яднанне якіх‑н. прадпрыемстваў, арцелей і пад.
•••
Какаінавы куст — трапічная расліна сямейства какаінавых, лісце якой утрымлівае какаін і іншыя алкалоіды; кока 2.
Глядзець (пазіраць) у кусты гл. глядзець.
У кусты (хавацца, уцякаць і г. д.) — далей ад адказнасць ад непасрэднага ўдзелу ў справе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лама́ка, ‑і, м. і ж.
Разм.
1. ДМ ‑мацы, ж. Старая або сапсаваная рэч. [Салавей:] — А з чаго страляць будзеце? [Сымон:] — Такія-сякія ламакі знойдуцца, там мо і чаго лепшага расстараемся. Грахоўскі. // ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж.; перан. Нязграбны, няздатны (пра чалавека, жывёлу, звычайна старых). [Каваль:] — Ну, і што там [у тэлеграме] патрабуюць ад такога старога ламакі, як я? Паслядовіч.
2. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мацы, Т ‑ай (‑аю), ж. Чалавек, які крыўляецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ламані́на,
Разм.
1. Тупыя працяглыя болі ў касцях, суставах, мышцах. Хоць і адчувалася яшчэ ламаніна ў касцях і кружылася галава, але Рыгор узяўся за справу. Барашка.
2. перан. Знішчэнне, разбурэнне чаго‑н. старога, традыцыйнага; ломка. [Ячны:] — Я гэта, брат, чытаў нядаўна «Цаліну» і думаў, — няўжо і ў нас, калі калгас будзем рабіць, такая самая ламаніна пачнецца, як там?.. Брыль. // Неспакой, беспарадак, мітусня, выкліканыя нечаканай пераменай. Брат раптам ажывіўся і гаварыў далей: — Ламаніна там нейкая ідзе... І што цікава,.. што ламаніну.. распачалі жанчыны. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.
2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.
3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лахма́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае доўгую, густую поўсць; касматы. З кустоў, віляючы хвастом, выйшаў вялікі лахматы сабака. Скрыпка. // Зроблены са скуры з доўгай і густой шэрсцю. Лахматая шапка. Лахматы каўнер. // Разм. З доўгім ворсам (пра тканіны, а таксама вырабы з такіх тканін). Лахматая матэрыя. Лахматы ручнік.
2. З доўгімі і густымі ўскудлачанымі валасамі. Стары цыган Ляксей ляжаў пад сасною, палажыўшы лахматую галаву на корань. Каваль. // перан. Разм. Густы, кучаравы; з няроўнымі галінкамі, лістамі (пра расліны). Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.
2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.
3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.
[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляпі́цца, лепіцца; незак.
1. Быць пластычным, мець здольнасць прыляпляцца, прыклейвацца. Пластылін добра лепіцца. // перан. Разм. Прыставаць, вязацца, чапіцца. Кажуць, .. здарылася нейкая бяда, глядзі, да яе лепіцца ўжо новая. Дадзіёмаў.
2. Размяшчацца, цесна прымыкаючы да каго‑, чаго‑н., не пакідаючы свабоднага месца. Хлопцы-падлеткі, .. як кулікі, ляпіліся ля самай вады. Чарнышэвіч. Густа лепяцца паабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі. Колас.
3. Стварацца, рабіцца з пластычных матэрыялаў.
4. Зал. да ляпіць (у 1, 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́сціць, зашчу, засціш, засціць; незак., каго-што.
Разм. Засланяць, затуляць сабой. [Бярозы] засцяць густым галлём, засланяюць неба над вуліцай і над Сузонавым дваром. Галавач. [Дождж] сеяўся як праз сіта і вільготнай імглой аасціў дрэвы, засціў нізкае восеньскае неба. Лынькоў. // перан. Засланяць, ставіць на задні план. Хай адгэтуль далёка Да жаданага шчасця, Вобраз твой яснавокі Мне пакуты не засцяць. Вітка. Як сустрэцца, дзяўчо, нам пашчасціла? Чым і як ты наўкола ўсё засціла? Дзяргай.
•••
Засціць вочы — перашкаджаць добра бачыць. Каршукоў задыхаўся. Буйныя гарачыя слёзы засцілі вочы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)