бац 1, выкл.
Разм.
1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.
2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.
бац 2, баца, м.
Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вазі́цца, важуся, возішся, возіцца; незак.
1. Катацца. Зімою ў вольны час. [Федзька і Эдзік] вазіліся на санках.., коўзаліся на драўляных самаробных каньках, акутых тоўстым дротам. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Аддаваць многа часу якой‑н. справе; важдацца. Тарас купіў на дарогу пачак папярос за тры капейкі,.. каб не вазіцца з курэннем на холадзе. Колас. — Калі табе з гэтымі гузікамі вазіцца, скідай, я ўмомант прышыю, — рашуча загадвае.. [Алесю] Варвара. Васілевіч. // Гуляць, забаўляцца. [Бацька:] — Славік, мой сын, напэўна, прыбег ужо са школы і вучыць урокі або возіцца са сваімі галубкамі. Кулакоўскі.
3. Зал. да вазіць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́ртачкі, ‑чак; адз. няма.
Разм.
1. Тое, што і жарт (у 1 знач.). Кошцы жартачкі, а мышцы смерць. Прыказка.
2. у знач. вык. Пра вельмі складаную задачу, сітуацыю. — Жартачкі — пракарміць сотні сем’яў! — усхвалявана гаварыў Сцяпура. Новікаў.
3. у знач. вык. Вельмі проста, лёгка. — Ой, дзядзька Нупрэй! — усклікнула цётка. — Вам усё жартачкі, а я як падумаю, што акно прыйдзецца затыкаць падушкай, дык аж сорам перад людзьмі. Рылько.
•••
Не жартачкі — тое, што і не жарт(ы) (гл. жарт). Не жартачкі — ехаць на тры месяцы, можна сказаць, на самастойную працу. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жніво́, ‑а і жні́ва, ‑а, н.
1. Уборка збожжавых культур сярпамі або жатнымі машынамі. Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкай восені. Лынькоў. // Час, пара ўборкі збожжа. Дні за тры да жніва прайшоў дождж, ціхі, без грому.. Жыта пачало хутка паспяваць. Асіпенка.
2. Зжатая збажына; ураджай. Кладуцца снапы ў снапы, — Такога жніва не было! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Зрабіць узмах рукой для ўдару, кідання і пад. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач .. коннікам. Колас. [Сын] спачатку выліў на зямлю мутную ваду, пасля размахнуўся і кінуў у агонь бляшанку. Чыгрынаў.
2. перан. Разм. Зрабіць што‑н. з размахам (у 4 знач.). [Жданковіч:] — Што я пастарэў ужо так, ці рабіць развучыўся? Ды я яшчэ так размахнуся! Шамякін. Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.
2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.
3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́дла, ‑ы, ж.
1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.
2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настая́ць 1, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; ‑стаім, ‑стаіце; заг. настой; зак., на чым і без дап.
Дамагчыся выканання чаго‑н. Настаяць на сваім. Настаяць на выкананні рашэння. □ Дзімін пастаяў, каб на канферэнцыю таксама былі запрошаны работнікі аховы здароўя. Карпаў. Максім цвёрда вырашыў настаяць, каб Вера вярнулася ў Вільню. Машара.
настая́ць 2, ‑стаіць; зак., чаго.
Разм. Ператварыць подсціл у гной (пра хатнюю жывёлу). Кожны чалавек спадзяваўся займець не адну карову і каняку, а сама меней — парку коней ды галавы тры кароў. Як ні кажы, і малака больш у хату і, галоўнае, жывёла настаіць гною. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.
1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.
2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.
3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.
4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тро́йца, ‑ы, ж.
1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.
2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.
3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)