уры́ўкамі, прысл.

Час ад часу, нерэгулярна. З-за шырокага дзядзінца ўрыўкамі даляталі да нас развясёлыя.. гукі гармоніка. Нікановіч. [Некаторыя вучні] таксама вучыліся ўрыўкамі, прапускалі заняткі. Колас. // Адрываючыся ад якіх‑н. спраў, прыхваткамі. [Вера] ўрыўкамі між вучобай у сярэдняй школе дапамагала паддойваць кароў сваёй цётцы. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хруста́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хрусталю (у 1 знач.), уласцівы яму. Хрустальны бляск. // Звязаны з вырабам хрусталю. Хрустальны завод. // Зроблены з хрусталю. Хрустальная ваза.

2. перан. Празрысты. Хрустальныя каплі расы. // Чысты, звонкі, як у хрусталю (пра гукі). Хрустальны звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́рканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. цыркаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Адтуль [з кароўніка] чулася звонкае, па-свойску для Алеся любае цырканне сырадою ў пустое яшчэ вядро. Брыль. У расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаст, ‑у, М ‑сце, м.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. шастаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Прайшло больш за месяц, як адгучаў апошні шаст касы, а на дварэ стаяў толькі пачатак жніўня, цёплага і лагоднага, як усё гэта лета. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусце́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца густым або больш густым (у 1 знач.). Юзя тым часам ужо мінула дарогу, увайшла ў лес, які ўсё больш гусцеў. Бажко.

2. Станавіцца больш канцэнтраваным, густым (у 2 знач.). Цеста гусцее. // Траціць блякласць, станавіцца больш яркім (пра колеры, фарбы і пад.). Ледзь прыкметна гусцее блакіт неба.

3. Станавіцца больш шчыльным, малапранікальным для зроку, святла. За акном гусцеў змрок цёплага летняга вечара. Мележ.

4. Паўтарацца больш часта, праз меншыя прамежкі часу. Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Спачатку гукі былі рэдкія, нясмелыя, потым пачалі гусцець, перасыпаліся срэбрам. Бядуля.

5. Станавіцца больш нізкім, прыглушаным (пра гукі, голас).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Звонкі, прарэзлівы, гучны. Прачнуўся Арцыховіч ад зычнага голасу днявальнага, які падаваў каманду на пад’ём. Алешка. Школа гаманіла, дрыжала ад зычных дзіцячых галасоў ужо месяцы тры. Ракітны.

2. Які ўтвараецца пры праходжанні моцнага струменю паветра праз перашкоду ў якім‑н. месцы моўнага апарату (пра гукі мовы). Зычны гук. / у знач. наз. зы́чны, ‑ага, м.; зы́чная, ‑ай, ж. Звонкія зычныя. Глухія зычныя. Цвёрдыя зычныя. Зацвярдзелыя зычныя.

•••

Альвеалярныя зычныя — зычныя гукі, пры вымаўленні якіх кончык языка дакранаецца да верхніх дзяснаў, напрыклад, беларускія «ж», «ш».

Санорныя зычныя — зычныя («р», «л», «м», «н»), пры вымаўленні якіх голас пераважае над шумам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.

2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Найграваць (на струнным шчыпковым музычным інструменце), брынкаць. [Антон] паклаў сабе на калені мандаліну, на якой толькі што ціха трэнькаў, і слухаў далёкае пагрукванне. Савіцкі. У хаце ёсць мандаліна, на якой даволі прыстойна трэнькаюць. Навуменка.

2. Гучаць, утвараць адрывістыя, брынклівыя гукі (пра шчыпковыя музычныя інструменты). У кухні перасталі трэнькаць струны мандаліны. Карпюк. // Звінець. Гараць кастры, усюды гамонка, галасы, коні пасвяцца пад ляском і трэнькаюць званкамі. Ракітны. // Утвараць гукі, падобныя на брынканне струн (пра птушак, насякомых). За абедам збіралася ўся сям’я. Дзеці сварыліся з-за кавалкаў мяса. Дамавіта трэнькаў цвыркун пад печчу. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)