залаты́, -а́я, -о́е.
1. гл. золата.
2. у знач. наз. залаты́, -о́га, мн. -ы́я, -ы́х, м. Манета з золата, чырвонец.
3. Колеру золата, бліскуча-жоўты.
Залатыя валасы.
Залатая восень.
4. перан. Шчаслівы, радасны.
З. час.
З. век.
5. перан. Цудоўны, выдатны.
З. чалавек.
Залатыя рукі (умелыя).
6. перан. Дарагі, любімы.
Залатыя мае дзеткі.
○
Залатое сячэнне (спец.) — гарманічная прапорцыя, у якой адна частка адносіцца да другой, як усё цэлае да першай часткі.
◊
Залатая моладзь — пра моладзь з забяспечаных слаёў грамадства, якая вядзе марнатраўнае жыццё.
Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеяння, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі, смелых рашэнняў.
Залатое вяселле (разм.) — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.
Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзю́ба, ‑ы, ж.
1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.
2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.
•••
З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́ба, ‑ы; Р мн. жаб; ж.
1. Бясхвостая чатырохногая земнаводная жывёліна з бародаўчатай слізкай скурай бурага колеру, якая водзіцца ў цёмных сырых месцах; рапуха. У адным месцы рука яго патрапіла на штосьці халоднае і агіднае... гэта была жаба-рапуха. Сачанка.
2. Разм. Тое, што і лягушка. У лагчыне над Нёманам дружна і заложна кракталі жабы. Колас. // Пагардлівае або дакорлівае абзыванне дзяцей. — Жаба ты малая, — з прыкрасцю замармытаў Сцепуржынскі. Чорны.
•••
Грудная жаба (уст.) — сардэчная хвароба, якая суправаджаецца моцным болем у грудзях; стэнакардыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́л 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.
2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.
3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.
апа́л 2, ‑у, м.
Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць 1 (у 2 знач.).
2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.
3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.
1. Тое, што і люстра 1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.
2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́ла, ‑а, н.
Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.
•••
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́рна,
1. Прысл. да чорны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла, асвятлення дзе‑н.; пра перавагу чорнага, цёмнага колеру дзе‑н. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Чорны. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Мележ. // перан. Цяжка, змрочна (на душы, на сэрцы і пад.). А на сэрцы было пуста і чорна, нібы ўзяў хто маленькае Міколкава сэрца і выціснуў з яго ўсю гарачую кроў. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шнуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шнураваць.
2. Р мн. ‑ровак. Шнур або шнурок на якім‑н. адзенні і пад., пэўным чынам размешчаны, працягнуты, а таксама прашнураванае месца. Скрозь слой бруду на блясе цьмяна віднеўся малюнак: бліскучы бот, а побач — чаравік без шнуровак. Карпюк. Шнуроўка колеру зары, Пагляд, што бляск рубінавы, І сарафан агнём гарыць, Каралі — арабініны. Ляпёшкін. // Уст. Частка жаночай сукенкі, якая сцягваецца шнурком; гарсэт. Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)