сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йла, ‑а, н.

1. Адгароджанае месца для каровы ў хляве або для каня ў канюшні. Цялушка ўпіралася, не хацела пакідаць цёплага стойла ў хляве. Якімовіч. У канюшні было цёмна, як ноччу. [Даніла] трохі пастаяў у варотах, каб вочы прывыклі да цемені, і рушыў да стойла. Капыловіч.

2. Тое, што і стойбішча (у 3 знач.). На паляне, па ўсім відаць, было даўней стойла. Сачанка. Было гэта, калі яны [пастухі] гналі статак на стойла. Гамолка.

3. Спец. Секцыя ў чыгуначныя дэпо, прызначаная для рамонту аднаго паравоза. Калі Петрык з дзедам прыйшлі ў дэпо, Васіль акурат ставіў машыны ў стойла. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.

1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.

2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушпілі́ць, ушпілю, ушпіліш, ушпіліць; зак., што.

1. Уваткнуўшы ў што‑н. (шпільку, прыколку і пад.), зашпіліць.

2. Разм. Сцебануць каго‑н. Ушпіліць разок пугай.

3. перан. Разм. Прабраць, пакрытыкаваць. І тут Антона не паслухалі. А каб ушпілілі як след, дык цяпер не лайдачыў бы той Галасок. Савіцкі. [Алесь] зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярх[ом] у блізкі свет. Караткевіч. // Даць спагнанне, пакараць. Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго [Марціна]; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.

2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.

3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Правесці (праводзіць) рыхленне міжрадкоўяў прапашных культур.

шарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. каго-што. Чысцячы, церці, вадзіць чым‑н. узад і ўперад па якой‑н. паверхні. Шараваць падлогу. □ Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. Бядуля. Аднойчы .. [Эрна] мыла і шаравала ля павеці бочку. Бочка высокая, дубовая. Ракітны.

2. што аб што, па чым і чым. Церці паверхняй аднаго прадмета аб паверхню другога. Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Але тут цесна, вады мала, І дно аб землю шаравала. Колас. Не страшыдла там, а сом Дно шаруе жыватом. Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лаза́, лоза́ ’кусты і галлё некаторых парод вярбы, вінаграду’ (ТС, ТСБМ, Бяльк., Сл. паўн.-зах.), ’вярба вушастая, Salix aurita L.’ (Кіс.), ’вярба попельная, Salix cinerea’ (Кіс.), лаза белая ’вярба белая, Salix alba L.’ (Касп.). Укр. лоза, рус. лоза, лозина, ст.-рус. лоза ’вінаград’, польск. łoza, ст.-чэш. loza, славац. loza, lodza, славен. lóza, серб.-харв. ло̀за, макед. лоза, балг. лоза, ст.-слав. лоза. Прасл. loza ’гнуткі дубчык, галінка’, пазней ’вярба’, ’вінаградная лаза’. На след першаснай матывацыі наводзяць балг. ло́зя ’віцца, выгінацца, зварочваць’ і літ. lóžinti ’выгінаць, згінаць трохі’ (Слаўскі, 5, 240). Роднаснымі з’яўляюцца літ. lazdà ’кій, арэшнік’, ’націна бульбы, бобу, цыбулі’, lazà ’палка’, ’арэшнік’, лат. lagzda, lazda, lęgzda (аб балт. ‑zd‑, якое адпавядае слав. ‑z‑, гл. Уленбек, KZ, 40, 552–561; Леві, KZ, 40, 422; Слаўскі, SP, 1, 427), ст.-прус. laxde ’тс’, алб. lajthí, lejthí, lethí ’арэшнік’, перс. räz ’лаза’. Магчыма, лаза звязана са слав. lěska ’кій’ (Эндзелін, ИОРЯС, 17, 4, 120). Непераканаўча Бернекер (736): прасл. loza < lasā; неверагодна Махэк (Recherches, 10, 25 і наст.), які параўноўвае лексему з літ. lasà, lèsti ’корм’, ’дзяўбці’; няпэўна звязваць яе са ст.-грэч. ὀ‑λόγινονὀζὦδες (у Гесіхія). Непрымальнымі з’яўляюцца і іншыя версіі, педалічаныя Фасмерам (2, 512–513), Слаўскім (5, 240–241).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нуцца1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Зрэзваючы, крыху пакараціць, зрабіць раўнейшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу [сукенкі]. Корбан.

2. Разрэзаць знізу, з бакоў, не да канца. Выбралі [людзі] тоўстую разгалістую ліпу. Падрэзалі з аднаго боку, перайшлі на другі. Паўлаў.

3. перан. Разм. Пазбавіць сіл, здароўя і пад. Хвароба адрэзала яго.

4. перан. Разм. Сказаць трапнае з’едлівае слова, паставіць каго‑н. у смешнае становішча. Падрэзаць дакладчыка.

5. і чаго. Разм. Нарэзаць дадаткова, яшчэ трохі. Падрэзаць хлеба. Падрэзаць каўбасы.

6. Спец. Зрабіць падрэзку (у 2 знач.).

•••

Падрэзаць крылле (крылы) каму — тое, што і абрэзаць крылле (крылы) каму (гл. абрэзаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсячы́ і падсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. падсек, ‑секла; заг. падсячы; зак., каго-што.

1. Надсячы знізу. Падсекчы пласт вугалю. Падсячы камель сасны. □ [Язэп] падсек дзве.. [бярозы]. Зрабіў лубкі, і першыя кроплі бярозавіку скаціліся па іх у прынесеную пасудзіну. Асіпенка.

2. і чаго. Разм. Насячы дадаткова, яшчэ трохі. Падсячы дроў.

3. перан. Разм. Падарваць асновы чаго‑н., прывесці ў заняпад што‑н. Падсекчы прыбыткі гаспадаркі. □ — Падсякуць, брат, заработкі мне, — казаў.. [Шкель]. Колас. // Рэзкай заўвагай збянтэжыць, паставіць у цяжкае становішча. Падсекчы дакладчыка раптоўным пытаннем.

4. Тузануць вудзільнам лёску ў той момант, калі рыба бярэцца за кручок. Паплавок зноў тузануўся і знік пад вадою. Мішка падсек, і хутка ладная краснапёрка затрапятала ў руках. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)