муць, ‑і, ж.

1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай, мутнай; каламуць.

2. перан. Туман, смуга; імгла. Газік коўзаецца тубы-сюды і паволі, як бы вобмацкам, сунецца скрозь густую, жаўтаватую ад святла фар, муць. Дуброўскі. Шэрая мітуслівая муць павісла над галавою, завалакла далеч. Сачанка.

3. перан. Разм. Аб цяжкім душэўным стане. Але што будзе заўтра? Веньямін ведае, што будзе. Боль у галаве і муць на душы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́зіркам, прысл.

Не спускаючы з вачэй (ісці, бегчы і пад. следам за кім‑, чым‑н.). Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой. Шамякін. Ідучы за чалавекам назіркам, мы давялі яго да местачковай вуліцы і ўжо не адставалі ні на крок. Навуменка. [Ігнат] ішоў уніз па сцежцы, а за ім назіркам краўся Барыс. М. Ткачоў. // Паглядаючы час ад часу. Заранік, спыніўшыся каля шчыта з аб’явамі і афішамі, назіркам сачыў за ўваходам у корпус. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да каня, належыць яму. Конская грыва. Конскія падковы. Конскае ржанне. Конская збруя. □ Своеасаблівы і такі знаёмы Пракопу пах хлява і кепскага стойла востра б’е ў нос. Колас.

2. Разм. Вялікі, моцны. Вялізны, з конскімі сківіцамі мужчына носіць за плячамі вінтоўку, глядзіць спадылба, злосна. Навуменка.

3. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Конскае шчаўе. Конская цыбуля. Конскі боб.

•••

Конская сіла гл. сіла.

Конскі капітан гл. капітан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што з дадан. сказам і без дап.

1. Даведацца, пачуць пра што‑н. Збанок у прэзідыум не сеў, ён, мабыць, прачуў ужо, што яго будуць здымаць. Навуменка. Як толькі прачулі гараджане пра няпрошанага госця, яны замкнулі вароты. Шынклер. — Таня, пэўна, з вёскі вярнулася. Можа, там навіны якія прачула, — зноў нясмела прапанаваў Максім. Машара.

2. Пранікнуць пачуццём у сэнс чаго‑н. [Валошын:] Падумайце, прачуйце вашым сэрцам, Што робіце, куды вы ідзяце? Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыдзі́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Які часта і да ўсяго прыдзіраецца, вышуквае ва ўсім недахопы. Ад бяздзеяння, нуды і зайздрасці здаровым таварышам камандзір стаў неспакойным, прыдзірлівым. Брыль. Якая ні прыдзірлівая была пані, але хваліла Васілене за ўмельства. Броўка. Патрабавальная і прыдзірлівая камісія заўважае кожную шчыліну ў дзвярах, дрэнна закітаваную шыбу, няроўна пафарбаваную падлогу. Грахоўскі. // Які мае ў сабе прыдзірку, з прыдзіркай. Каб пазбегнуць прыдзірлівых позіркаў вайскоўцаў, мне прыходзілася на левай руцэ насіць чорную пальчатку. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.

Прымацавацца да чаго‑н. з дапамогай клею або чаго‑н. клейкага. Папера добра прыклеілася. // Прыліпнуць, прыстаць да чаго‑н. З-пад вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых [валасоў] і прыклеілася да ўспацелага лба. Навуменка. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Вось і прыклеілася да .. [Максіма] мянушка «Маўчун». Капусцін. Я і сам ведаў, што сёння вяселле Лаўрэнавага Жэнькі, хлопца, да якога з маленства яшчэ прыклеілася мянушка «Цыца». Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., дадаць да чаго‑н. Прылучыць да кампаніі. □ [Паніч:] Мне гэту сялібу трэба прылучыць да двара. Купала. // Уключыць у склад чаго‑н. (якога‑н. населенага пункта, дзяржавы). Прылучыць новы раён да горада.

2. да чаго. Пазнаёміць з чым‑н., увесці ў што‑н., далучыць да чаго‑н. Упоцемку, не запальваючы святла, хлопцы спрачаюцца, прыкідваюць, каго са знаёмых людзей можна прылучыць да патайной работы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсіх, многіх.

2. Страціць на нейкі час рашучасць, здольнасць разумець, дзейнічаць (ад хвалявання, страху, збянтэжанасці); прыйсці ў замяшанне. Даярак загадчыцамі ферм! Нават самі новыя загадчыцы разгубіліся, даведаўшыся аб прызначэнні. Дуброўскі. [Антон] тады разгубіўся на бюро, не змог па-сапраўднаму паспрачацца, хоць і меў патрэбныя факты пад рукою. Савіцкі. Бацька разгубіўся, як дзіця. Пабялеў з твару, слова не мог вымавіць. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́інства, ‑а, н.

1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)