стварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. стварыць.

2. Тое, што створана кім‑н.; твор літаратуры, мастацтва. Я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем [скрыпкай]. Кулакоўскі. Мне здаецца, што ў нас ёсць усе падставы іменна такім чынам, прачытаць сягоння геніяльнае стварэнне Шэкспіра. Лужанін.

3. з азначэннем. Жывая істота — чалавек, жывёліна. [Ніна:] — Здаецца, няма нічога прыгажэй і мілей за гэтае малое, харошае стварэнне, — прыціснула яна да сябе, цалуючы, Люду... Васілевіч. Птушка — стварэнне кволае, догляду асаблівага патрабуе. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягно́, а́; мн. сцёгны (з ліч. 2, 3, 4 сцягны́), ‑аў; н.

1. Частка нагі жывёлы або чалавека ад таза да калена. Ногі праваліліся ў снег, аж па сцёгны. Пташнікаў. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. — Харч добры на фабрыцы-кухні, — смеючыся, адказала Зіна і пляснула далонямі сябе па сцёгнах. Грамовіч.

2. Бядровая частка тушы; кумпяк. Добрую плату даў Шпак сваім «лясным сябрам» [кантрабандыстам]. А да ўсяго прывёз гарнец гарэлкі і вэнджанае сцягно на закуску. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укаці́ць, укачу, укоціш, укоціць; зак.

1. што. Закаціць што‑н. круглае або на колах унутр чаго‑н. Укаціць калёсы ў гумно. □ [Касперскі:] А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп... Тут нельга пакідаць. Гурскі.

2. перан.; што каму. Разм. Зрабіць, учыніць (звычайна што‑н. непрыемнае). Укаціць вымову прагульшчыку. Укаціць вучню двойку. □ [Валянціна Міхайлаўна:] — А летась тут, у нас, памятаеце, колькі мы вам [Андрэй Іванавіч] уколаў укацілі. Васілевіч.

3. Разм. Уехаць куды‑н. Добра ціскануў па педалі і праз гадзіну ўкаціў у тую самую алейку з вязамі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.

Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чмуці́ць, чмучу, чмуціш, чмуціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Уносіць беспарадак недарэчнымі, бязглуздымі паведамленнямі; дарэмна трывожыць. [Сцяпан:] — Аб’явіўся недалёка нейкі прапаведнік — баптыст ён там ці які чорт?.. Чмуціць народ, нас [камуністаў] называе антыхрыстамі і — чым хочаш... Пестрак.

2. Уводзіць у зман, дурыць галаву каму‑н. [Настаўнік:] — [Багатыры] чмуцяць вам галовы праз цэрквы і школы, што гэтак і павінна быць, палохаюць вас карамі ў пекле, каб вы былі паслушнымі і пакорнымі. Колас. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалупі́нне, ‑я, н., зб.

1. Шалупіны. Проста на стол была насыпана бульба ў шалупінні, ад якой ішла пара. Арабей. // Адходы пасля ачысткі пладоў, бульбы і пад. Кожную суботу на ішаку.. [гаспадар] прыязджаў па шалупінне да нашай кухні. Даніленка. Як і на вялікдзень, на Юр’я фарбуюць яйкі. У адным чыгунку Ганьчына маці парыць шалупінне ад цыбулі. Васілевіч.

2. перан.; чаго або якое. Што‑н. непатрэбнае, лішняе, што не мае ніякага значэння, з’яўляецца знешнім прыкрыццём чаго‑н. [Міцкевіч] адкідаў бруд і шалупінне папоўскіх нагавораў. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ляскаць.

2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.

3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Атрымаць даныя, звесткі аб чым‑н.; пазнаць што‑н. Радасна было ісці ўсё далей і далей, каб зведаць невядомае, убачыць нябачанае. Колас. Мой кут лясны! Я змалку добра зведаў тваю лістоту, зоры і дажджы. Русецкі.

2. Спазнаць на ўласным вопыце, перажыць. Усяго давялося зведаць [Шымкевічам] у дарозе: і голаду, і холаду, і са смерцю нос у нос сутыкацца. Чарнышэвіч. «Рай» гэты аказаўся бяздонным пеклам і, каб выбрацца з яго, трэба было зведаць самую цяжэйшую з чалавечых пакут — жыццё без радзімы... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гасці́нец 1, ‑нца, м.

Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.

гасці́нец 2, ‑нца, м.

Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)