нахму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Стаць хмурным, панурым. Бацька нахмурыўся і паказаў рукою на папружку. Лужанін. [Дзіміна] зноў прамаўчала, нахмурылася і механічна паправіла валасы, якія выбіліся з-пад берэта. Карпаў. // Наморшчыцца, насупіцца, выказваючы суровасць, задуменнасць, заклапочанасць (пра лоб, твар, бровы). Твар прэзідэнта нахмурыўся, па вачах, якія раптам звузіліся, можна было бачыць, як упарта працавала яго думка. Гамолка.

2. перан. Зрабіцца пахмурным, змрочным, цёмным (аб прадметах і з’явах прыроды). Возера нахмурылася, і цяжкія хвалі плёскаліся аб бераг. Пестрак. І нахмурылася неба, цёмныя хмары павіслі нізка над зямлёю. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадзе́ць, ‑ее; зак.

Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узды́біцца, ‑біцца; зак.

1. Стаць, узняцца на дыбкі. [Стась] выцяў варанога пад бакі. Жарабец уздыбіўся і памчаў. Грамовіч. Выскаліўшы пеністыя храпы, уздыбіліся коні. Лынькоў. // перан. Развар’явацца. — Я Алесю пра наша каханне расказаў, дык ён аж уздыбіўся, — каб змяніць гутарку, схлусіў Кастусь. Ваданосаў.

2. Падняцца ўгору, падняцца дыбам. Лёд на рацэ ўздыбіўся і пачарнеў, падточаны маладымі водамі з палёў і лугоў. Краўчанка. Вагоны з лязгатам уздыбіліся і паляцелі адзін за адным пад адхон. Няхай. Зрэдку пасівелыя валасы пана Даўнаровіча крыху ўздыбіліся, твар раптам нейк схуднеў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ку́чма1, кучо́мка ’шапка футрам наверх’ (ТСБМ, Нас., ТС, Бяльк., Маш., Сержп. Грам., Нар. лекс., Малч., Мат. АС). Ст.-бел. кучма ’тс’ (з 1590 г.) памылкова разглядаецца як запазычанне праз польскую з венгерскай. Гл. Булыка, Запазыч., 183 услед за Фасмерам (2, 438). Укр. кучма, рус. кучма ’тс’, серб.-харв. ку̏чма, славен. kȗkma ’тс’, польск. kuczma, славац. kučma ’тс’. Кіш (ЭИРЯ, 4, 56) звязвае гэта слова з серб.-харв. ку̏кма ’чуб, хахол’, славен. kȗkma ’тс’, параўн. кучма2 (гл.). Прасл. kučьma < kuka (параўн. кучары). Словаўтварэнне, як у vědьma (SP, 11, 16).

Ку́чма2 ’пра густыя валасы, пра густую зелень’ (ТСБМ, Нас., Сл. паўн.-зах., Гарэц., Некр., Янк. III, Сцяшк.). У гэтым значэнні: укр. кучма, рус. кучма, славен. kȗčma, польск. kuczma. Да кучма1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мазголіць1 ’біць, у прыватнасці, па галаве’, ’уціраць масла ў валасы’, ’брудзіць чым-небудзь тлустым’ (Нас.), мазголіцца ’доўга поркацца з якім-небудзь прадметам’, ’пэцкацца (напр., грызучы косць)’ (Нас.). Разам з мазоліць, мазоліцца (гл.), астр, мазолі́ць (Сл. ПЗБ) належыць да гнязда мазол (гл.), якое з прасл. mozgoliti ’ціснуць, націраць мазоль’, а апошняе ў выніку метатэзы ўзнікла з glomoziti, параўн. чэш. (h)lomoziti, бел. гламаздзіць ’біць па галаве’, гламазда́, гламаздава́ты (гл.) (гл. Махэк₂, 377); Брукнер (346) выводзіць гэту лексему з літ. mãzgas ’супель’, ’почка на дрэве’, а Фасмер (2, 638–639) — з *мъзга. Сюды ж: мазголенне ’важданне, порканне’, ’частыя ўдары па галаве’, ’мазанне валасоў’ (Нас.).

Мазголіць2 ’выдумваць’ (лід., Сцяшк. Сл.). Утворана ад мазгол ’чалавек, з галавой’. Параўн. рус. разан. мозгаль ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смалі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе смалу; у якім многа смалы. Смалісты корч. Смалістыя стружкі. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд, смалістага, здаровага. Колас. Да вёскі дарогу.. [карэспандэнту] паказвалі свежыя смалістыя слупы, што выстраіліся ад самай станцыі. Шахавец. Пад соснамі смалістымі ў бары Курган высокі Лукашу сябры насыпалі. Танк.

2. Які мае адносіны да смалы, уласцівы смале. Смалісты пах хвоі. □ Нават лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі. // Насыпаны пахам смалы. Бор, напоўнены мяккім, Смалістым паветрам, Не звініць, Не шуміць, Не пяе... Свірка.

3. Які складаецца з хваёвых дрэў (пра лес). Па тых лугавых, лясных сцежках хадзіў і я з бацькам у бярозавыя гаі, у смалістыя бары. Бялевіч. Лес быў смалісты, сасновы. Навуменка. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Я сяджу адразу ж за шафёрам і таму часта затрымліваю позірк на яго высокай падстрыжанаю патыліцы. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. [Ілка] шыракаплечы, тоўсты, з доўгімі смалістымі вусамі і кароткай густой барадой. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.

1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.

2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.

3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меланхалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да меланхоліі, меланхоліка, уласцівы ім. Меланхалічны характар.

2. Схільны да меланхоліі (у 1 знач.). Меланхалічны піяніст адкідваў рукой ліпкія валасы.., ледзь-ледзь дакранаўся да клавіш[аў] і, слухаючы мяккія гукі свайго інструмента, жмурыў вочы. Мікуліч. [Адам Бабарэка] вельмі добры і ад гэтай дабраты свае нават крыху меланхалічны. Скрыган. // Выкліканы меланхоліяй, які выражае меланхолію. Меланхалічная задуменнасць зышла раптам з твару, усмешка азарыла яго. Бядуля.

3. Поўны меланхоліі (у 1 знач.); сумны, журботны, тужлівы. Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы бесперапынны меланхалічны, звінючы гук. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечваць рост, развіццё каго‑н. Гадаваць дзяцей. // Разводзіць, вырошчваць (жывёлу, расліны). Гадаваць цяля. Гадаваць сад. // перан. Быць асновай развіцця, існавання чаго‑н. Цвітуць палі ў адзенні новым, Гадуюць новыя сады. Колас. З сонцам гадуе зямля вінаграды. Купала.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і інш.). Гадаваць бараду.

3. перан. Абдумваць у дэталях, выношваць (думку, план і пад.). У кожнага мара свая залатая, Якую мы песцім, гадуем і любім. Панчанка. [Кляновіч] кожны дзень гадаваў у душы нешта такое, што ў плыні афіцыяльнай работы лічыў самым галоўным. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)