утрэ́сціся, утрасецца; зак.

1. Паменшыцца ў аб’ёме, ушчыльніцца ад трасення (пра што‑н. сыпкае, дробнае).

2. перан. Разм. Уладзіцца, прыйсці да ўдачнага канца. — Чым ты зараз мяркуеш заняцца, Максім? — перапыніла яго думкі Галіна Макараўна.. — У абедзенны перапынак даведаюся ў гаспадыні, ці не можа яна пусціць цябе субкватарантам хоць бы часова, пакуль падвернецца што‑н. лепшае.. — Дзякуй, Галіна Макараўна, неяк утрасецца ўсё гэта. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Спагадай, спачуваннем палегчыць каму‑н. гора, пакуты. Марыя падалася бліжэй да Веры, паб уцешыць яе, не дапусціць да слёз, хоць самой цяжка было не заплакаць. Кулакоўскі. // Перадаваць, абрадаваць чым‑н. Вера выцерла хустачкай вочы і пачала чытаць: — «Дарагія дзеткі, Верачка і Максім! Нас вельмі ўцешыла ваша пісьмо, дзе вы паведамляеце, што ўзялі шлюб». Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

худзі́зна, ‑ы, ж.

1. Знешні выгляд худога ​1. Худзізна [палоннага] ўразіла Ядзю можа больш, чым раны, бруд, зарослы сівой барадой твар. Асіпенка. Нягледзячы на худзізну, .. [жарабок] аказаўся даволі жвавым. Сяркоў.

2. Разм. Пра худога чалавека або жывёлу. Цяпер конь.. [Кастуся] ўжо не быў той здарожанай, хоць і маладой, худзізнай. Чорны. Навалач нейкую знайшла, прымака. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ра, ‑ы, ж.

Паэт. Пасудзіна для піцця віна. А пасля па чары «Цынандалі» Вып’ем за здароўе тых сяброў, Што сягоння ў далёкіх далях Б’юцца за Бабруйск і Магілёў. Панчанка. Хочацца сціснуць далоні, У поглядзе дружбу спаткаць, Поўныя накіпам, звонам Хмельныя чары падняць. Танк. / у вобразным ужыванні. Я з кожным днём раблюся больш цвярозым, хоць з большай смагай чару п’ю жыцця. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаймо́ры, ‑аў; адз. няма.

Абл. Перамёрзлая бульба, якая праляжала ў зямлі ўсю зіму. А каб выжыць, Мы з братам удвух Усю весну Шайморы збіралі. І была даражэй серабра Тая бульба гнілая на полі. Карызна. Успомнім хоць бы словы Н. Гілевіча пра шайморы — перамёрзлую бульбу з адталага бульбянішча, якая ў першую пасляваенную вясну здавалася малалеткам найлепшым прысмакам (паэма «Сто вузлоў памяці»). Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. што. Апрацоўваць моцным жарам перад спажываннем (зерне, арэхі, насенне).

2. каго-што і без дап. Моцна пячы (пра сонца, полымя і пад.). Ці то ад выпітага халоднага квасу, ці то частачка Аскольдавай радасці перадалася нам, ісці ў «Малінавы цвет» было лёгка, хоць сонца пражыла па-ранейшаму. Пальчэўскі. // перан. Мучыць (пра смагу). Хаця дзень быў халаднаваты, а ноч вільготная, рэзкая, Грушэўскага пражыла смага — каб хоць крыху вады ў рот узяць, усё было б лягчэй. Мурашка.

пражы́ць, ‑жыву́, ‑жыве́ш, ‑жыве́; ‑жывём, ‑жывяце́; зак.

1. Прабыць жывым які‑н. час; праіснаваць. Як .. [Гінка] магла пражыць з малым дзіцём без куханаў? Корбан.

2. Прабыць які‑н. час, жывучы дзе‑н. або як‑н. Раечка пражыла ў машыніста Герасіма некалькі дзён, не выходзячы з хаты. Лобан.

3. што. Патраціць на існаванне (грошы, сродкі). Пражыць усе грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпе́рціся, ‑пруся, ‑прэшся, ‑прэцца; ‑промся, ‑працеся; пр. прыпёрся, ‑перлася; зак.

1. Абаперціся аб што‑н., прываліцца да чаго‑н., стаўшы або сеўшы дзе‑н. Прыперціся спінай да дзвярэй. □ Сцяпан кінуўся на двор, доўга чагосьці шукаў там, .. пасля знайшоў: прыпёрся ілбом да мокрага ствала старой ігрушы. Чорны. Падышоў. Сеў на вільготную зямлю, прыпёрся плячамі да шурпатай кары. Пянкрат. // Разм. Прысесці, прымасціцца. — Прыпрыся ж ты, вось хоць тут на зэдліку. Крапіва.

2. Разм. груб. Прыйсці, прыбыць. — Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу, — адказала сястра Магда. — Часам, як з прывязі сарваўшыся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай... С. Александровіч. — І мая дачка, Жэня, старэйшая, там засталася. Сам я толькі здурнеў, прыпёрся з бежанства сюды. Брыль.

3. Разм. Знайсці сабе прыстанішча, прыстроіцца дзе‑н. — За плячыма павінна што-небудзь у чалавека быць, каб заўсёды прыперціся да чаго льга было... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

справядлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае бесстаронна, адпаведна з праўдай, аб’ектыўнымі фактамі. [Пракоп:] — Васіль Міхайлавіч мае заскокі, але справядлівы і не трымае зла. Шыцік. Рэўнасць не дала .. [Юрку] быць справядлівым. Карпаў. [Магнат:] — Ох, боцман. А па службе строгі. Хоць кожны дзень фарбуй антэну — знойдзе прычэпку. Але да ўсіх аднолькава справядлівы. Мыслівец. // Які грунтуецца на правільных, аб’ектыўных адносінах да каго‑, чаго‑н.; аб’ектыўны. Справядлівы ўчынак. □ Выступленне Кацярыны хоць і не зусім справядлівае ў адносінах Вольчынага звяна, усё ж мела поспех у калгаснікаў. Кулакоўскі.

2. Такі, у аснову якога пакладзены патрабаванні справядлівасці. Справядлівы мір. Справядлівая вайна. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». Маленькі народ [В’етнама], перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам. Кавалёў. // Выкліканы пачуццём справядлівасці; абгрунтаваны, законны. Справядлівае абурэнне.

3. Які адпавядае праўдзе, аб’ектыўным фактам; правільны. Справядлівае абвінавачанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забі́ць¹, -б’ю́, -б’е́ш, -б’е́; -б’ём, -б’яце́, -б’ю́ць; -бі; -бі́ты; зак.

1. каго (што). Пазбавіць жыцця або змучыць пабоямі.

З. з ружжа.

Пагражаць з.

З. да паўсмерці.

2. перан., каго (што). Запалохаць, пазбавіць здольнасці супраціўляцца.

З. чалавека маральна.

3. каго (што). Зарэзаць, закалоць на бойні ці на прамысловым паляванні (спец.).

З. свінню на сала.

З. звера.

4. што. Убіць глыбока, да канца; увагнаць.

З. цвік у сцяну.

5. што. Ударамі, рэзкімі штуршкамі загнаць куды-н.

З. гол (загнаць мяч у вароты). З. шар у лузу (на більярдзе).

6. што. Закрыць наглуха, прыбіўшы дошкі і пад.

З. вокны дошкамі.

7. што. Напоўніць да канца чым-н.; закупорыць.

Пясок забіў трубу.

8. зак. да забіваць (у 3 знач.).

Забіць галаву каму чым (разм.) — абцяжарыць памяць чым-н. непатрэбным.

Хоць забі (разм.) — пра немагчымасць што-н. зрабіць.

|| незак. забіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. забо́й, -ю, м. (да 3 знач.).

З. жывёлы.

|| прым. забо́йны, -ая, -ае (паводле 3 знач.; спец.).

З. цэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

яшчэ́.

1. прысл. У дадатак да таго, што было або што ёсць; зноў, паўторна.

Падліць я. малака ў шклянку.

Пасля камандзіроўкі прыеду я. сюды.

2. прысл. Ужо, у мінулым.

Купіў касцюм я. тры месяцы назад.

3. прысл. Да гэтага часу.

Стары я. рухавы.

Бацькі дома я. няма (пакуль няма).

4. прысл. Указвае на наяўнасць дастатковага часу, умоў для чаго-н.

Я. паспею на аўтобус.

Я вам я. спатрэблюся.

Я. малады.

5. прысл. (пры вышэйшай ступені параўнання). У большай ступені.

Ён я. ніжэй сагнуўся.

6. злуч. уступальны. Указвае на верагоднасць умоў ці на іх суадноснасць з чым-н.; хоць.

Я. не паправіўся пасля хваробы, а ўжо думае пра работу.

7. часц. Ужыв. пасля займ. і прысл. для ўзмацнення выразнасці.

Ён нам дапамагаў, я. як дапамагаў!

Акучнік забраў Сяргей. — Які я.

Сяргей?

Яшчэ б (разм.) — было б недарэчы, калі б не...

Я. б ты не быў задаволены!

Яшчэ нічога (разм.) — да некаторай ступені здавальняюча.

Гэта я. нічога.

Яшчэ які (разм.) — такі, што нават дзіўна, цудоўна, выключна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)