надзе́йны, ‑ая, ‑ае.
Такі, на якога можна спадзявацца. Надзейная варта. Надзейны памочнік. Надзейны саюзнік. □ [Жан:] — Надзейным людзям даручана здабываць друкарскае абсталяванне. Новікаў. Надзейнаю зменай мы станем у строй Пад ленінскі сцяг наш барвовы. Гілевіч. // Трывалы, моцны. Надзейныя рыштаванні. □ Шнур быў доўгі, метраў са сто, і надзейны, у тры шпагаціны. Брыль. // Які забяспечвае дасягненне мэты, пэўны. Надзейны сродак. □ [Дырэктар:] — [Лясы] былі надзейным прытулкам для.. [партызан] і непераадольнай перашкодай для ворага. В. Вольскі. [Клямт] стаў шукаць больш надзейнага месца. Мележ. // перан. Які забяспечвае поспех. Сяргею здалося, што ён знайшоў надзейны ключ да сэрца старой. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няя́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.
2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.
3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагасі́ць, ‑гашу, ‑гасіш, ‑гасіць; зак., што.
1. Спыніць гарэнне; патушыць. Пагасіць лямпу. □ [Кавалёва] пагасіла агонь і лягла ў пакоіку з дзецьмі. Дуброўскі.
2. перан. Не даць развіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Пагасіць гнеў. □ Хай аднаму мне сэрца коле, Я пагашу ў душы свой боль. Прыходзька. Вейкі прыжмурыліся, пагасілі агонь нянавісці, які нечакана ўспыхнуў у самай глыбіні вачэй. Новікаў.
3. Спыніць дзеянне чаго‑н., ліквідаваць што‑н. Пагасіць паштовую ларку. Пагасіць аблігацыю. □ Асобам, якія маюць запазычанасць па абанементнай плаце, прапануецца неадкладна яе пагасіць. «Звязда».
4. Спец. Зменшыць сілу, дзеянне чаго‑н. Пагасіць парашут.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; заг. насмейся; зак.
1. Разм. Уволю, многа пасмяяцца. І нажартаваўся Міканор, і насмяяўся, гледзячы на малых. Мележ.
2. з каго-чаго, над кім-чым і без дап. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай, злосна пасмяяцца; абразіць. А ў Маланкі камень-сэрца, Як спаткае — пасмяецца! Броўка. Пасмяяліся над самым святым. Захацелася плакаць. Але не, ён не заплача. Паўлаў. [Зоська:] — Баюся я за цябе ісці, кінеш мяне, насмяешся, а чаго добрага і біць будзеш. Скрыпка. Кацёл з гаршка не пасмяецца, бо абодва чорныя. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апаві́ць, апаўю, апаўеш, апаўе; апаўём, апаўяце; зак., што.
1. Абматаць, абкруціць што‑н. чым‑н. Апавіць галаву стужкай. // Размясціць вакол чаго‑н., абкружыць. Здаецца, недарэчным было да гэтых вочак-васількоў, да льняных кудзеркаў, што вянком апавілі твар яе [Ганнін] белы, браўнінг пры поясе, маленькая карабінка за плячыма, кулямётная стужка цераз плячо... Нікановіч. // Аплесці сабой (аб раслінах).
2. перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахугаць; заслаць (дымам, туманам). Лісце алае засыпае роў, Пушчу чорную апавіў туман. Караткевіч. Ціхі ночы спакой усё наўкол апавіў. Гурло. // Ахапіць, абняць (пра пачуцці). Невыразна лёгкі, як дымок, сум апавіў сэрца. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аблі́цца, абальюся, абальешся, абальецца; абальёмся, абальяцеся і абліюся, абліешся, абліецца; абліёмся, абліяцеся; заг. абліся; зак.
1. Абліць сябе чым‑н. Абліцца халоднай вадой. Абліцца чарнілам.
2. перан. Ахапіцца, напоўніцца (святлом, пахамі, адчуваннямі і пад.). — Тут я заўважыў, што неба за лесам аблілося зарывам. Чорны. Нейкім салодкім цяплом на хвіліну аблілося сэрца. Чарнышэвіч.
•••
Абліцца (халодным, сцюдзёным) потам — ад страху, перапалоху пакрыцца потам. Праз хвіліну.. [Сотнікаў] засопся, абліўся сцюдзёным потам і спыніў свае намаганні. Быкаў.
Абліцца слязьмі — горка заплакаць. Засвяці ж ты, вясна, Сваім бляскам для нас Засвяці, калі мы Абліёмся слязьмі. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм.
1. чым. Тое, што і матаць 1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.
2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Засвоіць сэнс, змест чаго‑н.; асэнсаваць. Зразумець тлумачэнне настаўніка. □ Алеся зразумела жарт і пакрыўджана змаўчала. Шамякін.
2. Здагадацца ці даведацца аб чым‑н.; усвядоміць што‑н. Зразумець сваю памылку. □ У Ліды пахаладзела сэрца: яна адразу ўсё зразумела. Сяргей памёр. Шамякін. У хату зайшла маці. Глянула на пабітае акно і адразу ўсё зразумела. Рылько.
3. Пазнаць, распазнаць чалавека, разабрацца ў яго думках, поглядах, учынках. І не ведаў яшчэ Алёша, што ніколі не зразумее ён гэтага чалавека. Чорны.
•••
Даць зразумець гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заказа́ць 1, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.
1. што і па чым. Даць заказ 1 (у 1 знач.) на што‑н. Заказаць абед. □ Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве. Якімовіч. Чырванеючы ад хвалявання.., Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс. Брыль.
2. Разм. Даць наказ, апавясціць. Заказаць абед. □ [Стараста:] — Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу. Колас.
заказа́ць 2, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму-чаму, звычайна з інф.
Уст. Забараніць. Ну, а сэрца, ці сэрцу закажаш, Што зрабіць — ці забыць, ці кахаць. Астрэйка.
•••
(І) дзесятаму заказаць — зарачыся ніколі больш не рабіць чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)