шапаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шапацець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Як і штогод, вясна прыйшла ў магутным шуме паводак, у серабрыстым звоне ручаёў, у несціханых трэлях жаваранкаў, у шаўкавістым шапаценні першай зеляніны на пожнях. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́рханне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шархаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Чулася моцнае шарханне венікам па бруку. Бядуля. Язэп неяк адразу пачуў гэтае нямоглае шарханне; вось толькі што не было яго і раптам паявілася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. шоргаць (у 1–3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Ляснік] пайшоў па слядах і неўзабаве пачуў шорганне касы. Шчарбатаў. [Марыля] таксама прыслухоўваецца да шоргання рубанка і раз за разам паглядае на мужа. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нашэ́мацца ’многа надзець на сябе’, пашамкаць ’нацягнуць’ (ТС). Утворана паводле распаўсюджанай семантычнай мадэлі экспрэсіўных дзеясловаў ’многа надзець’ < ’марудна варухацца, выдаваць ціхія гукі’, параўн. нашукацца, натужацца ’тс’ і пад., у якасці зыходных дзеясловаў могуць выступаць шэмкацца ’корпацца’, шамкаць ’корпаць’ (ТС) і гукапераймальны комплекс там‑ (там‑), параўн. шэмеляхнуць ’перакуліць’, шамятиць ’ціха есці’ і пад., прадстаўлены, магчыма, і ў славенскім адпаведніку našemiti ’прыбраць, безгустоўна упрыгожыць, надзець маску’ ад šemiti ’прыбіраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рскаць (то́рскыць) ’штурхаць’ (Юрч. Вытв.), сюды ж то́рснуць ’штурхнуць’ (Юрч.), то́рснуцца ’штурхануцца’ (Юрч. СНЛ), торсь — пра грубае штурханне (мсцісл., Нар. лекс.). Параўн. укр. то́рсати ’торгаць, рухаць, штурхаць, трэсці’, торсону́ти ’моцна штурхаць’, чэш. trsati ’дрыгаючыся, танцаваць’, ’дабываць рэзкія, кароткія гукі з музычных інструментаў’. Ад гукапераймальнага тор3 з нарашчэннем ‑с‑, параўн. пялёх/пялёсь пра пялёсканне (мсцісл., Нар. лекс.), торк/торсь — пра штурханне (там жа) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашчэ́ць ‘выдаваць рэзкія гукі, скрыпець, бразгатаць’ (Гарэц., Сл. ПЗБ), ‘гаварыць хутка, гучна’ (мёрск., Нар. лекс.). Гл. трашчаць; няма падстаў разглядаць як запазычанне з літ. traškė́ti ‘трашчаць’ з заменай літ. ‑šʼkʼ‑ на ‑шч‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 133), паколькі адзначаны дзеяслоў у такой форме характэрны для ўсяго паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы (Мацкевіч, Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове, Мінск, 1959, 28) і вядомы іншым славянскім мовам, параўн. польск. trzeszczeć ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.

2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.

3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

1. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Людміла Сяргееўна паглядзела на неба і ціхенька праспявала: «Колькі ў небе зор...» Радкевіч. // Вымавіць нараспеў. — Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас. Карпаў. — А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць, — праспявала Вікторыя Аркадзеўна. Паслядовіч. // Утварыць пявучыя гукі. Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць. Гурскі. Прыгожа праспяваў ражок стрэлачніка. Васілёнак.

2. Спяваць некаторы час. Ноч перад тым, як пакінуць Дзяляцічы, амаль усю праспявалі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзярка́ты, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі, надрыўны, з хрыпатой (пра гукі, голас і пад.). Панурыя, змораныя, мокрыя да пены каровы рыкалі на ўвесь лес. Доўга вісела дзяркатае, сухое рэха. Пташнікаў. Раз-пораз з недалёкай таварнай станцыі даносіліся дзяркатыя гудкі паравозаў. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́хлы, ‑ая, ‑ае.

Які заціх, перастаў гучаць або чуцца. Вечарам у Дзень перамогі на ўзлессі за мястэчкам успыхнуў вялізны касцёр і пошчакам панесліся па заціхлым лесе гукі піянерскага горна. Нядзведскі. Заціхлы матыў песні аб запаветнай кветцы ўзнікае зноў. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)