гераі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны на подзвіг, на геройства, які праявіў геройства. Гераічны народ. Гераічная армія. □ Гераічнаю дзяржавай Стала Беларусь мая! Астрэйка.
2. Заснаваны на геройстве, звязаны з праяўленнем геройства. Гераічны ўчынак. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. // Багаты на подзвігі, геройскія ўчынкі. Гераічны час. // Які змяшчае ў сабе расказ пра подзвігі герояў. Гераічная аповесць. / у знач. наз. гераі́чнае, ‑ага, н. Гераічнае разумеецца як форма праяўлення заканамернасцей грамадскага жыцця. У. Калеснік.
3. Крайні, які патрабуе надзвычайнае напружання. Гераічныя намаганні. Гераічныя меры.
4. Які мае адносіны да герояў старажытнасці, расказвае пра іх подзвігі. Гераічны эпас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.
1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.
2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.
3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабнуць, зрабіцца менш нацягнутым, заціснутым. Гайкі адпусціліся. Супоня адпусцілася. □ Грузавік — відаць, у ім адпусціліся тармазы — заднім ходам павольна коціцца ўніз да рэчкі. Хомчанка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць гарт ад награвання (пра металічныя рэчы, вырабы).
3. перан. Палагаднець, змякчыцца; стаць больш згаворлівым. [Люба:] Родная матка не мачыха: пазлуе і адпусціцца. Козел.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уст. Зняцца, даравацца (пра грэх, віну і пад.). Гісторыяй асуджаны паны; Ім не адпусціцца віна — Прыпомніцца ім здзек... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вір, ‑у, М у віры; мн. віры, ‑оў; м.
1. Кругавы, лейкападобны рух вады, які ўзнікае ад сутыкнення сустрэчных плыней. Сама рака цякла спакойна, толькі вір управа ад лодкі ўсё бурліў і пераліваўся. Кулакоўскі. // Месца ў рацэ, звычайна глыбокае, з ямай, дзе адбываецца завіхрэнне вадзяной плыні. Завівалася на вірах цёмная вада. Грахоўскі.
2. перан. Бурлівы, імклівы рух чаго‑н. Вір падзей. Вір пачуццяў. □ З першых дзён.. [Люба] з галавой акунулася ў вір студэнцкага жыцця. Васілевіч.
•••
У віру на калу — а) пра няўстойлівае, няпэўнае жыццё; б) далёка, невядома дзе.
Хоць у вір галавою — пра цяжкае, безвыходнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клапаці́цца, ‑пачуся, ‑поцішся, ‑поціцца; незак.
1. Старанна і дзейна займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Маці была ў задуме, а бацька рухава клапаціўся па справах ад’езду. Пестрак. Ля печы клапоціцца маці, І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.
2. Турбавацца, непакоіцца з выпадку чаго‑н. [Назараў] падвёў іх да гардэроба і сам стаў клапаціцца, як лепш і прасцей кожнага апрануць. Гамолка.
3. Праяўляць клопат аб кім‑, чым‑н. Клапаціцца аб грамадскіх справах. □ [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня, ён даглядаў яго лепш, як сябе, клапаціўся пра яго больш, чым пра сваю хату і сям’ю. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́йні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.
2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.
3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.
4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.
•••
У крайнім выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кава́ны і ко́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад каваць (у 1, 2 і 3 знач.).
2. у знач. прым. Зроблены з металу каваннем. Каваны меч.
3. у знач. прым. Абабіты палосамі жалеза. Каваная скрыня. Каваныя драбіны.
4. у знач. прым. З падковамі, падкаваны. Каваныя коні. // З металічнымі падкоўкамі (пра боты, абцасы і пад.). Наперадзе, як ступа, Ішоў млынар Ігнат; Каваным ботам стукаў, Масніцы ўгінаў... Панчанка.
5. перан.; у знач. прым. Дакладны, выразны, пластычны (пра верш, стыль і пад.). Янка Купала з уласцівым яму майстэрствам перакладаў каваныя радкі «Меднага конніца». Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.
1. Жыць дзе‑н. зімой, заставацца дзе‑н. на зіму. Зімаваць на палярнай станцыі. □ На пустых званіцах зімавалі кажаны. Чорны. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць .. [на балоце], бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Колас. // Быць пакінутым на зіму, у племя (пра жывёлу). Зімавала дваццаць авечак.
2. Пераносіць холад, знаходзячыся ў грунце (пра расліны). Яравыя культуры ў нашых раёнах не могуць зімаваць.
•••
Зіму зімаваць — перабываць дзе‑н. зімовы час.
Пазнаць, дзе ракі зімуюць гл. пазнаць.
Паказаць, дзе ракі зімуюць гл. паказаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
джа́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.
1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.
2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіку́н, ‑а, м.
1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.
2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.
3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)