загі́б, ‑у, м.

1. Адхіленне або паварот убок. Загіб ракі. □ Лагодным загібам павярнула направа .. пясчаная дарога. Пестрак.

2. перан. Адхіленне ад правільнай лініі паводзін, дзейнасці. Левы загіб. □ — Памылачка правага характару, дый загіб з заскокам у вас. Гурскі.

3. Загнутае месца. У загібах .. [пілоткі] — дзве іголкі: адна з чорнай ніткай, другая з белай. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́скачыць, -чу, -чыш, -чыць; зак.

1. Скочыўшы, пакінуць якое-н. месца.

В. з лодкі.

Выскачыла з галавы (перан.: забылася; разм.). В. замуж (перан.: паспешна або нечакана выйсці замуж; разм.).

2. Скачучы або таропка выбегшы, выехаўшы, з’явіцца адкуль-н.

Заяц выскачыў з кустоў.

В. насустрач.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нечакана выпасці, выскачыць.

Нітка выскачыла з іголкі.

4. Недарэчна, не да месца сказаць, зрабіць што-н. (разм.).

В. са сваёй прапановай.

Выскачыў як Піліп з канапель (прымаўка).

|| незак. выска́кваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. укалоўшы або пры дапамозе шпількі, іголкі і пад. Прыкалоць кветку да валасоў. □ Пасля [салдат] зняў з сваёй пілоткі зорачку, прыкалоў яе хлопцу на кашулю. Гамолка.

2. каго. Забіць або дабіць чым‑н. колючым; закалоць. Прыкалоць кабана. □ Валька, загнаўшы .. [фашыста] ў тупік, прыкалоў штыком. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуцца, -нуся, -нешся, -нецца; -ніся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпасці з чаго-н. ад штуршка, неасцярожнага руху; вышмаргнуцца.

Выцягнулася нітка з іголкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца даўжэйшым, падоўжыцца.

Агонь выцягнуўся доўгай паласой.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размясціцца на вялікай адлегласці ў адну лінію.

Вёска выцягнулася ўздоўж ракі.

4. Вырасці, стаць высокім.

Хлопчык за лета выцягнуўся.

5. Легчы, расцягнуўшыся, выпрастаўшыся.

В. на канапе.

6. Стаць прама, выпраміцца.

В. перад камандзірам.

|| незак. выця́гвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шыпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Іголкі, ігліца ў хваёвых раслін. Пад адной магутнай елкай я знаходжу зручнае месца, каб адпачыць, зграбаю вялікую кучу прэлай шыпулькі і саджуся на яе, нібы на падушку. Хомчанка. — На паўвяршка выцягнуліся, — сказала.. [Васіліна], кратаючы пальцамі маладыя шыпулькі ялінак. Савіцкі. Самая-самая верхавінка маладой сасонкі падобна на вожыка. Вострыя шыпулькі тырчаць угору. Бяспалы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церушы́цца, цярушыцца; незак.

1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.

2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іго́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

1. Прылада для шыцця; завостраны металічны стрыжань з вушкам для ніткі.

Машынная і.

Уцягнуць нітку ў іголку.

2. Тонкі металічны стрыжань з завостраным канцом рознага прызначэння.

Патэфонная і.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў.

Ядлоўцавая і.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл.

Іголкі вожыка.

Як на іголках — пра неспакойны, нервовы стан.

|| памянш. іго́лачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

З іголачкі (разм., адабр.) — пра новае, толькі што пашытае, вельмі моднае.

|| прым. іго́лачны, -ая, -ае і іго́лкавы, -ая, -ае.

Іголачны ўкол.

Іголачнае вушка.

Іголкавая вытворчасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вастрыё, ‑я, н.

1. Тонкі завостраны канец якога‑н. прадмета. Вастрыё іголкі, штыка.

2. Востры рэжучы бок, край якой‑н. прылады; лязо. Вастрыё нажа. □ — Фабрычная? — нібы пацікавіўся я і выцягнуў у старога з-за пояса сякеру, паспрабаваў пальцам вастрыё. Карпюк.

3. перан.; чаго. Самае істотнае ў чым‑н., накіраванае супроць чаго‑н. Вастрыё сатыры. □ Думка пісьменніка сваім ідэйным вастрыём была накіравана супроць царскай палітыкі прыгнечання і дыскрымінацыі беларускага народа. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Яздой або катаннем зрабіць слізкім, коўзкім. Раскоўзаць заснежаную сцежку.

2. Размяць, расцерці, раскідаць, размазаць (нагамі, целам). Пасля таго, як сук абламаўся, чалавек, відаць, сеў на зямлю і сядзеў там, бо было відно, як ён раскоўзаў абцасамі імшыстую зямлю і пассоўваў хвойныя іголкі. Чорны. — Аднойчы я сам чуў, як брыгадзір Мікалай Таўкач паскардзіўся, што ты раскоўзаў ля гумна свежую сцірту саломы. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Абсыпаць з усіх бакоў чым‑н.; пакрыць усяго слоем чаго‑н. сыпучага. Тут вясна асыпала ўсё цветам. Танк.

2. Скінуць лісце, пялёсткі, іголкі і пад.; агаліцца. Асыпаў сад свае пялёсткі.

3. перан.; чым. Шчодра, багата абдарыць чым‑н.; накіраваць на каго‑н. што‑н. у мностве. Асыпаць пахваламі. □ — Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — Сказала [Макрына], мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці. Баранавых.

4. безас. Разм. Пакрыць высыпкай, абкідаць (губы, рот, цела).

асыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да асы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)