палу́ндра, выкл.

У мове маракоў і партовых грузчыкаў — вокрык, які ўжываецца ў значэнні «беражыся, падае зверху» або наогул перасцерагае аб небяспецы. Вокліч, як выстрал: «Палундра!» — Катэр злятае за борт. Звонак. // у знач. наз. палу́ндра, ‑ы, ж. Жартаўлівая назва маракоў наогул. [Сашка:] — Ты, палундра, чуеш? Як бы мне прышвартавацца да вашай праграмы? Гроднеў.

[Ад гал. val onder — падзенне ўніз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераначава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Застацца дзе‑н. на начлег; правесці дзе‑н. ноч. Пераначаваць у лесе. □ — Ці нельга ў вас пераначаваць падарожнаму чалавеку? — запытаў жабрак і дадаў: — Вечар блізка, а вёскі нідзе не відаць... С. Александровіч. Маленькі балоты астравок, на якім мы збіраліся толькі пераначаваць, стаў нашым часовым лагерам. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́карчаваць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

1. Выцягнуць, вырваць, выкапаць з карэннем. Выкарчаваць пні, хмызняк. □ Ад лазы — адно званне. Яе выразалі і выкарчавалі яшчэ летась. Пташнікаў. // Ачысціць ад пнёў, карчоў. Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны. Чорны.

2. перан. Знішчыць, выкараніць, вывесці. Выкарчаваць бюракратызм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́свіст, ‑у, М ‑свісце, м.

Асобая манера свісту; свіст. Ты чуеш посвіст? Гэта клічуць сябры нас. Машара. Рэдка калі пачуеш тут дапытлівы цокат вавёркі, вясёлы посвіст сініцы. Паслядовіч. // Пра свісцячыя гукі, якія суправаджаюць хуткі рух чаго‑н. У паветры не сціхаў посвіст куль, а неўзабаве пачулася яшчэ і выццё мін. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бічава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.

Біць, хвастаць бізуном, бічом. / Аб падобным уздзеянні чым‑н. на што‑н. Да крыві мне грудзі, твар Шторм бічаваў балюча. Танк. // перан. Выкрываць недахопы, рэзка крытыкаваць. З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет», «На шашы». Лойка. Гаруе Насця і бічуе Сама сябе за свой парыў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.

Разм.

1. Тое, што і разгаварыцца. Слова за словам і мы разгаманіліся, як даўнія знаёмыя. Нядзведскі. Зелянюк пачуў гамонку, выйшаў пацікавіцца, паслухаць, разгаманіўся сам і нарэшце перацягнуў усіх да сябе. Зарэцкі.

2. Гаворачы, падняць шум. — А цяпер крычы, Грыша, мацней, каб маці пачула, — загадаў яму Дзіма. — Чуеш, як твае сваякі разгаманіліся. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскарчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што.

Расчысціць, выкапаўшы пні, дрэвы, кусты. [Казакі] аблюбавалі сабе далёкае ад людскіх паселішчаў месца, раскарчавалі глыбока ў лесе паляну і паставілі там першыя дзве хаты. Сачанка. Праз гады два мы раскарчавалі, расчысцілі пляцы і на той захламленай, дзікай пляцоўцы стаў дзівосны аазіс. Дубоўка. // Выкарчаваць, выцерабіць. Людзі здолелі раскарчаваць лес, выцерабіць поплаў — зрабіць зямлю. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшэ́рхнуць, ‑не; пр. падшэрх, ‑ла; зак.

Разм. Падсохнуць крыху ад марозу. [Параска:] — Я садамі ішла. Па садах сушэй. Ужо трохі зямля падшэрхла. Лобан. «Пад раніцу падшэрхла зямля». І слова гэтае «падшэрхла».. так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Скрыган. / у безас. ужыв. На вуліцы падшэрхла нанач, і.. боты месцамі грукалі па голай зямлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Прывыкнуць да якога‑н. паху. Ад смуроду нельга было прадыхнуць, нягледзячы на сцюдзёную пару. Гэта варылі касцяную муку.. А людзі ўжо прынюхаліся, пахла ім талеркаю смачнага супу. Гарэцкі.

2. Старанна, уважліва панюхаць, імкнучыся распазнаць які‑н. пах. Пахла смажанай цыбуляй, гарачым салам і, калі добра прынюхацца, нават і рыбай. Брыль. — Прынюхайся. Ты нічога не чуеш? — запытаўся ў Васіля, які вадзіў коней. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)