векава́ць, вякую, вякуеш, вякуе; незак.
Увесь час жыць дзе‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане, існаваць. [Серадзіха:] — Я меркавала, што мне давядзецца векаваць у зямлянцы, і раптам такая навіна. Гурскі. Нас вывелі ў свет з завуголляў глухіх, А то векавалі б у пана падпаскамі. Лужанін. [Даніла:] Замак, хлопчыку, стары: Многа ўжо вякоў вякуюць Тыя цёмныя муры. Колас.
•••
Век векаваць (звекаваць) — тое, што і векаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́дзісты, ‑ая, ‑ае.
Які паступова, непрыкметна паніжаецца, які мае схіл. Па левую руку на спадзістым беразе стаялі цёмныя кусты. Алешка. Танк, ідучы па спадзістаму дну, стаў паступова апускацца ў ваду. Мележ. / Пра хвалі і пад. Вялізныя спадзістыя валы, падобныя на гарыстыя ўзвышшы, каціліся адзін за адным з прамежкамі амаль што ў паўкіламетра. Лынькоў. // Пакаты. У .. [Пятра Мадэставіча] былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узло́бак, ‑бка, м.
Узвышанае месца на негарыстай мясцовасці. Праз колькі хвілін Чубар выйшаў за вёску і пакрочыў па дарозе, што вяла скрозь бульбяное поле на высокі і шэры ўзлобак, за якім недзе былі Журынічы. Чыгрынаў. // Самы высокі пункт якога‑н. узвышша. На пагорку, на самым яго ўзлобку ляжалі ў беспарадку і стаялі тырчма вялізныя каменныя глыбы. Хадкевіч. Вось людзі, чатыры цёмныя постаці, узышлі на самы ўзлобак, падаліся да яліны. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хіме́ра, ‑ы, ж.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — пачвара, якая дыхае агнём, з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона. // У сярэдневяковым мастацтве — скульптурны відарыс фантастычных істот, якія ўвасаблялі цёмныя сілы, заганы і з’яўляліся часткай скульптурнага аздаблення гатычных сабораў.
2. Кніжн. Неажыццявімая мара; мудрагелістая фантазія.
3. Марская рыба сямейства хімеравых, падобная на акулу, з цыліндрычным тулавам, доўгім хвастом і вялікімі плаўнікамі.
4. Спец. Арганізм, які складаецца з генетычна неаднародных тканак.
[Грэч. chimaira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чорнагало́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае цёмныя або чорныя валасы. Чорнагаловы Віця, нашмат меншы за сястру, першым чынам пачаў расказваць бацьку з маткай, колькі ён узяў добрых грыбоў — баравікоў і колькі падасінавікаў. Ермаловіч. // Які мае чорную галаву (пра птушку, жывёлу і пад.). Уверсе, на галлі, шмыгае чорнагаловая слаўка, скача, папіскваючы, чубатка-сініца, асыпаючы на мяне старыя шыпулькі. Хомчанка.
2. З цёмным, чорным верхам. Чорнагаловыя, ўдалыя, Баравічкі мае любыя! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пясо́к ’пясок, пясчаная глеба’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’пясчанае поле’ (ЛА, 2), песо́к ’тс’ (ТС); укр. пісо́к, рус. песо́к, польск. piasek, чэш. pések, славац. piesok, в.-луж., н.-луж. pěsk, серб.-харв. pijȅsak, славен. pẹ́sek, балг. пя́сък, макед. песок, ст.-слав. пѣсъкъ. Прасл. *pěsъkъ, памянш. да *pěsъ, параўн. пясы́ ’пяскі’ ў фальклоры: “Мяне лісіца нясець… за цёмныя лясы, за жоўтыя пясы” (докш., Януковіч, Слоўнік в. Заборцы, рук.). Суадносна з санскр. pāṃsuka‑ ’пясчаныя буры’, pāṃsu‑ ’пясок, пыл, які нясе вецер’, авест. pąsnu‑ ’тс’ (Фасмер, 3, 249–250; Бязлай, 3, 28; Банькоўскі, 2, 541; БЕР, 6, 132). Малапераканальна Путанец (Rasprave, 25, 302–303) выводзіць з і.-е. *bhes‑ ’церці’ (у выніку асіміляцыі bs > ps: *psēsǔ‑, *psēsǐkǔ > pēsъkъ). Крытычны разгляд версій гл. ESJSt, 11, 639–640.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
напаро́цца, ‑паруся, ‑порашся, ‑порацца; зак.
1. на што. Параніць сябе, наткнуўшыся на што‑н. вострае. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца вокам на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду. Карпюк.
2. перан. Разм. Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. нежаданым, неспадзяваным. Тут навокал раскінуліся сажалкі, трэба было прайсці непрыкметна, каб не напароцца на варту. Чарнышэвіч. Гармата, якая плялася ўслед атрада карнікаў, зусім нечакана.. напаролася на партызанскую міну. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбу́р 1, ‑а, м.
Абл.
1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.
2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.
стаўбу́р 2, ‑у, м.
Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адшчапі́ць, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.
1. Адкалоць, аддзяліць (трэску, лучыну). Толькі ў Мажэйкі куля адшчапіла ў аўтамаце кавалак прыклада, а ў Салаўёва быў прастрэлены рукаў. Шахавец. Маланка адшчапіла .. ніжнюю галіну, і яна павісла ўздоўж камля. Шамякін.
2. Адкрыць, адкінуць (кручок, зашчапку). [Мужчына] адшчапіў кручкі, піхнуў на двор абедзве рамы акна і высадзіў, ледзь не пад дождж, сваю лысіну. Брыль. Ігнась адшчапіў і ўважна агледзеў цёмныя сенцы без столі. Мурашка.
3. Адшпіліць, зняць прышчэпленае. Дзямід Сыч падышоў да Шайтана і адшчапіў карабін. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Употай прыслухоўваючыся, пачуць што‑н. (сказанае другім, для другіх). [Буднік:] — Дужа часта соваў.. [Мікіта] не ў сваю справу нос, любіў падслухаць, дзе хто што гаворыць, паглядаў, хто куды пайшоў. Галавач. / у вобразным ужыванні. Цёмныя ночы тояць нейкі ўрачысты спакой, і неба ніжай нахіляецца да зямлі, каб падслухаць яе адвечную скаргу. Колас. // перан. Улавіць, зразумець чые‑н. пачуцці, думкі і пад. Фурсу здалося, што Вронісь падслухаў яго думкі. Баранавых. Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу падслухаць. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)