тэарэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэорыі. Тэарэтычнае абагульненне. Тэарэтычныя пытанні. □ Пытанне аб дзяржаве набывае ў цяперашні час асаблівую важнасць і ў тэарэтычных і ў практычна-палітычных адносінах. Ленін. // Які разглядае, асвятляе пытанні тэорыі, які займаецца пытаннямі тэорыі. Тэарэтычнае мовазнаўства. Тэарэтычная фізіка. // Які выражае схільнасць, здольнасць займацца тэорыяй. Тэарэтычны розум.

2. Звязаны з тэорыяй, які засноўваецца па тэорыі. Тэарэтычнае абгрунтаванне. □ Каб быць навуковай, лексікаграфія павінна апірацца на грунтоўную тэарэтычную аснову. Суднік. Тэарэтычныя асновы знешняй палітыкі Савецкай дзяржавы, яе прынцыпы і мэты распрацаваў У. І. Ленін. «Звязда». // Атрыманы шляхам абстрактна-лагічных аперацый або матэматычных разлікаў. Тэарэтычныя разлікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустата́, ‑ы, ДМ ‑стаце; мн. пустоты, пустот, ж.

1. Якасць і ўласцівасць пустога (у 1–3 знач.); адсутнасць каго‑, чаго‑н. дзе‑н. Абсалютная пустата. □ На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распадлівасці заложнаму гаўканню.. сабакі. Колас.

2. Пустая, нічым не запоўненая прастора. Круг хіснуўся, павярнуўся і вываліўся ў пячору. Віцева рука бесперашкодна прасунулася ў пустату. Шыцік.

3. перан. Стан душэўнай спустошанасці; адсутнасць усякіх імкненняў, інтарэсаў. Пустата была ў сэрцы, у мозгу, ніводнай думкі і ніякага адчування, адна чарната, як у бездані. Шамякін. Хоць сэрца білася моцна, у грудзях была халодная пустата. Самуйлёнак.

4. Спец. Пустое месца ў сярэдзіне суцэльнага матэрыялу, рэчыва.

•••

Тарычэлева пустата — а) беспаветраная прастора ў трубцы барометра над ртуццю (ад імя італьянскага фізіка 17 ст.); б) перан. (жарт.) поўная адсутнасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Хадзіць, ісці, нясмела прыступаючы на карацейшую ці балючую нагу. Андрэйка кульгаў і адставаў, а Коля тое і рабіў, што праз кожную хвіліну спыняўся, каб пачакаць таварыша. Сіняўскі.

2. Быць кульгавым, мець карацейшую ці балючую нагу. [Шолам] з прыроды быў глухаваты.. і кульгаў на правую нагу. Корбан. // перан. Разм. Мець значныя недахопы, быць непаўнацэнным у якіх‑н. адносінах. — Зразумейце вы, што ваша тэорыя кульгае... Выпраўце яе, — спачувальна ўхмыльнулася Зося. Шынклер. Непакоіла дысцыпліна. Яна, як кажуць, пачала кульгаць. Многія з выхаванцаў, што наступілі ў дзетдом у апошні час, былі хлопцы цёртыя. Нядзведскі.

3. Разм. Дрэнна ведаць які‑н. вучэбны прадмет, не паспяваць па якім‑н. прадмеце. Кульгаць па матэматыцы. // Быць недастаткова засвоеным (пра які‑н. вучэбны прадмет). У яго фізіка кульгае.

•••

Кульгаць на абедзве нагі — а) будучы недастаткова дасведчаным у якой‑н. справе, рабіць значныя промахі; б) праходзіць дрэнна, з перабоямі, зрывамі (пра справу, работу і інш.). Дысцыпліна кульгае на абедзве нагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.

2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.

3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.

•••

Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.

Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.

[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]

рэа́кцыя 2, ‑і, ж.

Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)