ра́нні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да рання; ранішні. Узлескам ранняю парою. Туды, дзе хтось траву касіў, На луг стары, да вадапою Усёй сям’ёй ідуць ласі. Прыходзька. У аўтобусе ў ранні час было цеснавата, ехала многа людзей на першую змену. Кулакоўскі. Шыбы акон ружавелі раннім світаннем. Лынькоў. Хутка накінуўшы Белы халат, [Лена] Распачынае свой ранні прыём. Броўка.

2. Які з’яўляецца самай першай, пачатковай парой якога‑н. часу. Ранні вечар. Ранняе дзяцінства. □ З самай ранняй вясны гаманлівыя гракі працавіта расцягвалі мачалістыя валокны [кары] на свае грачыныя гнёзды. Лынькоў. // Які з’яўляецца пачаткам пэўнага працэсу, першай стадыяй развіцця. Ранняе сярэдневякоўе. Ранні рамантызм. // Першы па часе. Ранні госць. □ — Самы ранні ты, Петрусёк, — ласкава сказала .. [школьная старожка], разагнуўшы спіну. Якімовіч. Паўтарэнне купалаўскіх матываў знаходзіў у ранніх вершах Міхася. Васілька Валянцін Таўлай. Бугаёў. Пралескі ранняй чысты цюбік Вазьмі, як лекі, патрымай. Голуб.

3. Які наступае раней, чым звычайна (пра поры года, час сутак і пад.). Ранняя зіма. □ Вясна тым годам была ранняя і цёплая. Кавалёў. // Які адбываецца, праходзіць, з’яўляецца раней, чым звычайна. Ранняя сяўба. Ранняя жаніцьба. Ранняя смерць. □ [Аржанец:] — Усё жыццё ты будзеш рад за сваю раннюю сталасць, за сваю салдацкую маладосць. Брыль. // Які рана вырастае, становіцца спелым. Ранняя гародніна. Раннія яблыкі.

•••

Абагнаць раннюю расу гл. абагнаць.

Малады, ды ранні гл. малады.

Ранняя птушка гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тут, прысл.

1. У гэтым месцы. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Абодва берагі каторай Лазняк, алешнік абступалі. Колас. Мы спыніліся. Далей няма шляхоў нам. Далей Масква. Тут нам стаяць насмерць. Панчанка. [Нахлябіч:] — Ты [Баляслаў] тут? А я думаў, што цябе даўно тут няма. Чорны.

2. У гэты час, у гэты момант, тады. І тут выявілася, што праваднік страціў арыенціроўку. Анісаў. Заплакаў тут горка Міколка. Лынькоў. А тут якраз і гаспадыня, надзеўшы сукню для гасцей, Шыбуе важна, як гусыня, І ветласць сыплецца з вачэй. Колас. // У гэтым, у даным выпадку; пры гэтых абставінах. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.

3. у знач. часціцы. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «як», «які», «дзе», «куды», «калі» ужываецца ў рытарычных пытаннях для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. Якуб Колас адказвае за тое, як напісана кніга, а .. Лазунок — за тое, як яна будзе надрукавана. І як тут пасля гэтага не ганарыцца? Брыль. // У спалучэнні з займеннікам «што» у рытарычных пытаннях ужываецца для ўзмацнення выказанага ім адмоўнага значэння. На што тут словы, калі і так усё зразумела.

4. у знач. часціцы. Выкарыстоўваецца пры пераходзе да якой‑н. тэмы, прыкладу. Ну, тут дзеўка бягом да начальніка. Здзівіла яго, што зноў з’явілася. Ракітны.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

І ўсё тут гл. усё.

Не тут кажучы (казана) гл. кажучы.

Там і тут; тут і там гл. там.

То там, то тут; то тут, то там гл. там.

Тут жа — адразу ж. — Людзі пераязджаюць на Каўказ і распрадаюць маёмасць, — і тут жа [Паліна] параіла [мужу] пазычыць грошай у касе ўзаемадапамогі. Пальчэўскі.

Тут як тут (у знач. вык.) — раптам, адразу, у гэты момант (з’явіцца). Пачаў Варанецкі будаваць фабрыку ўгнаенняў — Бялоцкі тут як тут. Дуброўскі.

Што тут і казаць гл. казаць.

Што я (ты, ён) тут забыў? гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)