спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. спадаць — спасці (у 2, 3 знач.); паніжэнне ўзроўню, сілы, аб’ёму і пад. чаго‑н. Пераважная большасць апавяданняў Коласа напісана ў гады спаду рэвалюцыйнай хвалі. Навуменка. Так, усё ў жыцці мае ўздым і спад, пачатак і канец. Мележ. Жанчыны падхапілі песню .. з узлётамі і спадамі да шэпту. Грахоўскі.

2. Пакаты схіл, спуск з гары, абрыў. Вось і бераг... Жоўты спад і круча. Прад вач[амі] — імклівыя стрыжы. Кірэенка. // Месца, дзе пачынаецца схіл. Толькі ж вельмі пятляе Выстранка, нібы мітусіцца, у хваляванні шукаючы спаду. Брыль.

•••

На спад (ісці, пайсці, хіліцца і пад.) — змяншацца (па сіле, колькасці і пад.).

На спадзе чаго — на схіле, у канцы. Сяргей любіў гэтыя пагодныя, на спадзе лета, дні. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахі́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нахіліць — нахіляць і нахіліцца — нахіляцца.

2. Пастава цела пад вуглом паміж гарызантальнай і вертыкальнай плоскасцю; нахільная пастава. Па нахілу бяроз відаць, што над краінай ідзе бура — моцны ўсходні вецер. Клімковіч. // Спец. Востры вугал, які ўтвараецца якой‑н. плоскасцю з гарызонтам.

3. Схіл, спуск, пакатая паверхня. Асабліва было цяжка беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Маўр. Нахіл быў круты, і прафесар бачыў з акна роўныя верхавіны нізкіх садовых дрэў і над імі, у канцы, рад высокіх ліп. Галавач. Машыну заправілі гаручым, шафёр паспрабаваў, як працуе дызель, і аўтамабіль пачаў павольна апускацца ўніз па нахілу канвеера. Пальчэўскі.

4. перан. Прыхільнасць, схільнасць, цяга да чаго‑н. Гэта быў чалавек больш спакойны і ўраўнаважаны, які, тым не менш, выяўляў пэўны нахіл да газетнай работы. Навуменка. [Бядуля:] — [Максім Багдановіч] першы напісаў аб маёй творчасці артыкул у «Нашай ніве», першым заўважыў мой нахіл у творчасці да народнай казачнасці. Хведаровіч. // Схільнасць да чаго‑н., наяўнасць якіх‑н. задаткаў. Нахіл да прастудных захворванняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скат 1, ‑а, М скаце, м.

Спец. Камплект кол для воза, вагона, паравоза. — Давай работу, давай! — жартаўліва кінуў .. [Багуцкі] групе рабочых, якія мянялі паравозныя скаты. Лынькоў. // Кола аўтамабіля, а таксама камплект гумавых дэталей аўтамабільнага кола. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо скаты былі прастрэлены. Кулакоўскі. Шафёр .. паказаў на задні скат — ён асеў: спусціла камера. Сачанка.

скат 2, ‑а, М скаце, м.

Буйная драпежная марская рыба атрада акулападобных з пляскатым целам і вострым хвастом.

•••

Электрычны скат — скат, у якога на галаве размешчаны органы, што ўтвараюць электрычным разрады.

[Скандынаўскае skata.]

скат 3, ‑а, М скаце, м.

1. Разм. Пакаты спуск. Па скатах пясчаных узгоркаў На Нарачы бераг ідуць рыбакі. Танк. Назва Высокі Бераг добра перадае выгляд берага Нёмана з высокім пясчаныя, скатам. С. Александровіч.

2. Спец. Нахільная падземная горкая выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску руды або пустой пароды самацёкам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́лак ’сухая частка дарогі паміж дзвюма рэкамі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі’ (БРС, КТС); ’вялікі браднік’ (КТС, Шат.); ’невад’ (Бяльк.); ’гужавая лясная дарога; дарога, па якой вазілі (валачылі) таварны лес на рум’ (Яшк.); ’зімняя дарога ў лесе, па якой вывозяць волакам бярвенне’ (Бяльк.); ’рыбацкая сетка — мех’ (З нар. сл.); ’рыбацкая сетка — мех на двух шастах’ (Анік., 59, Янк. I, Крыв.); ’верхні брус будынка, на які накладваюцца кроквы’ (Некр., 219); ’чалавек, які валачэ карабель’ (Др.-Падб.). Рус. во́лок ’сухая частка дарогі, праз якую даводзіцца перацягваць лодкі волакам’; ’гушчар, з якога зрубленае дрэва можна выцягнуць толькі волакам’; ’лясная гужавая дарога’; ’дарога’; ’плыўная сетка — мех’, укр. во́лок ’браднік’; ’вяроўка, з дапамогай якой цягнуць валамі копы сена і г. д.’; ’нерасколаты цурбан, бервяно’, польск. włok ’браднік, невад’, в.-луж. włoka ’шлейф, полаз, башмак плуга; невад’, чэш. vlak ’невад; валакуша; цягнік’, славац. vlak ’цягнік’ балг. влак ’невад’, серб.-харв. vlȃk ’цягнік; невад’, дыял. vlākȁ ’лясная дарога, па якой вывозяць дровы’ (Курціна, Этимология, 1968, 97), славен. vlȃk ’невад’, а таксама vlak, vláka ’шлях, якім перапраўляюць сена, дровы і інш. з гары ў даліну’ (Курціна, там жа). Прасл. volkъ ад *velkti > валачы (гл.) (Фасмер, 1, 341; Махэк₂, 693; Рудніцкі, 1, 468). Роднаснае літ. ãpvalkas ’адзежа, халявы ботаў’, ùžvalkas ’пакрывала’, лат. valksспуск вады; скразняк’, uzvalks ’верхняе плацце’, грэч. όλχός ’баразна’, лац. sulcus ’тс’ (Траўтман, 350; Мейе, Études, 223).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ствол, ствала, м.

1. Надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны, якая трымае на сабе галіны і лісты. Люблю сівых дубоў калоны, І соснаў стромкія ствалы. Грахоўскі. Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў.

2. У архітэктуры — асноўная частка калоны паміж базай і капітэллю.

3. Частка агнястрэльнай зброі ў выглядзе трубы, праз якую праходзіць, атрымаўшы напрамак палёту, куля або снарад. Намерыўся [Бычок] ціскануць на спуск, ды ўсё ж успомніў, што карабін выпадаў з рук, глянуў у ствол: канал і нават мушка былі залеплены зямлёю. Кулакоўскі. На сценах вісяць старажытныя арабскія стрэльбы з даўжэзнымі стваламі і перламутравымі інкрустацыямі на прыкладах. В. Вольскі. // Спец. Гармата (ужываецца як адзінка падліку).

4. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія маюць форму трубы. Ствол пажарнага рукава.

5. Назва некаторых органаў або тканкавых утварэнняў у арганізме, якія маюць выгляд трубкі. Ствол соннай артэрыі.

•••

Пайсці ў ствол — вырасці ў кветканоснае сцябло (пра караняплоды).

Шахтавы ствол — вертыкальная або нахіленая горная выпрацоўка, якая мае выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сход, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. сходзіць — сысці (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім сходзяць, спускаюцца; спуск. Стромы сход.

3. ‑у. Сумеснае пасяджэнне членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву для абмеркавання чаго‑н. Справаздачна-выбарчы сход. Камсамольскі сход. □ Адкрыты сход тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі адбываўся ў хаце-чытальні. Паслядовіч. Член сельсавета Купрэня Робіць па хатах абход: — Просьба з’явіцца ў праўленне — Сёння адбудзецца сход. Смагаровіч. // Члены якой‑н. арганізацыі, якія сабраліся для абмеркавання чаго‑н.; удзельнікі пасяджэння, збору. Сход слухаў дзеда Мікалая. Якімовіч. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых.

4. ‑у. У складзе назваў некаторых выбарных прадстаўнічых устаноў, арганізацыя. Нацыянальны сход. Устаноўчы сход. Заканадаўчы сход.

5. ‑у. Сустрэча якіх‑н. людзей, якога‑н. таварыства. Марына Паўлаўна прыйшла на апошні развітальны сход са сваімі выпускнікамі. Васілевіч. // Разм. іран. Нейкае зборышча каго‑н. На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. Крапіва. Надоечы ў бары На сход сабраліся звяры. Бачыла.

6. ‑у. Збор, скліканне каго‑н. з якой‑н. мэтай. Бандарэнка сходы кліча, Усім аб крыўдзе кажа. Купала.

7. ‑у. перан. Схіл, канец. Дзень, як ветах, на сход ідзе. Барадулін. Час ляціць. На сходзе лета. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)