с..., (а таксама са..., су...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае ім значэнні:

1. Убіранне чаго‑н. з паверхні або наогул адкуль‑н., напрыклад: скасіць, спілаваць, ссячы;

2. Рух зверху ўніз; перамяшчэнне туды і назад, напрыклад: сцячы, скінуць, скаціцца, схадзіць (у аптэку);

3. Злучэнне: а) змацаванне, напрыклад: склеіць, скляпаць, сціснуць (пальцы); б) сканцэнтраванне ў адным месцы, напрыклад: сцягнуць (мяшкі), сканцэнтраваць; ссяліць; в) (звычайна з часціцай ‑ся) рух з розных месцаў у адзін пункт, напрыклад: сцячыся.

4. (з часціцай ‑ся). Узаемнасць, напрыклад: спрацавацца, спісацца;

5. Рэзультатыўнасць: а) паўната, інтэнсіўнасць, наступленне якога‑н. стану, напрыклад: стаміцца, спісацца (пра пяро); б) зрасходаванне ў выніку якога‑н. дзеяння, напрыклад: скарміць, скрышыць; в) выраб прадмета ў выніку дзеяння, напрыклад: спячы (пірог), скруціць (папяросу).

II. Утварае форму закончанага трывання некаторых дзеясловаў, напрыклад: спець, станцаваць.

III. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў са значэннем месца, напрамку, прычыны ад ускосных склонаў назоўнікаў, напрыклад: справа, спачатку, спераду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)