ссо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ссох, ‑ла; зак.
1. Высахнуць, завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава ссохла. □ Яблыні вунь як даглядае гаспадар і то возьмуць часам і ссохнуць. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Знудзіцца, стаць худым ад перажыванняў, турбот і пад.; зачахнуць. Цяпер-то я [Андрэй] зразумеў, што Міша любіць Таню і любіць шчырэй, чым я. Хлопец зусім ссох па ёй. Чарнышэвіч.
3. Страціць свежасць; сасмягнуць (пра губы). [Сымон:] — Ты [Ганна] стамілася, галубка, Ссохлі губкі. Ты ў агні. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабля́клы і пабле́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў яркія фарбы, выцвіў, паліняў. Пабляклы здымак. □ У старэнькай, пабляклай ад шматразовага мыцця сукенцы прыйшла .. [Вера] у новы калектыў. «Звязда». У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, кульгавы, сутулаваты чалавек, у паблеклым армейскім адзенні. Мележ. На паблеклым ад страты крыві твары заільсніўся дробны пот. Паслядовіч.
2. Які памерк, пабляднеў. У густым, пабляклым небе, як жар у прысаку, палала жоўтае сонца. Дуброўскі. [Лясніцкі] убачыў .. паблеклыя зоркі, адна з якіх, здавалася, прычапілася за самую верхавіну рабіны.. Шамякін.
3. Які звяў, страціў свежасць (пра расліны). Ёсць своеасаблівае хараство і ў асенніх фарбах, яны не ўсюды шэрыя і пабляклыя, як здаецца. Краўчанка. // перан. Які страціў прыгажосць, свежасць, бляск. Бабка доўга ўзіраецца пабляклымі вачыма ў неба, нешта сама сабе шэпча і ўздыхае. Даніленка. Паблеклыя вочы .. [маці] глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава. Брыль.
4. перан. Які страціў сваю сілу, выразнасць, яскравасць. Ласка кахання сапраўднага, Як вітанне сонейка ранняга. Яна гоніць ад сэрца спакой Сваёй цёплай пяшчотнай рукой. Бо спакой — гэта вечар кахання, Гэта водбліск пабляклых надзей. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́клы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў яркасць фарбаў, афарбоўкі; няяркі. [Шапка] была зашмальцаваная, з аколышам невыразнага, бляклага колеру. Хадкевіч. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка. Быкаў. Неба было халоднае, бляклае, быццам нехта сінькі капнуў у яго і яна тонка-тонка распусцілася па ўсім купале. Лобан. // Які страціў свежасць; вялы; бледны. Аднастайны ландшафт. Выгаралыя на сонцы светла-жоўтага колеру бляклыя травы. Сяргейчык. // перан. Без бляску, без румянцу; бледны, выцвілы. Бляклы твар. □ У вачах Тосі — бляклых і змрочных — адбіўся спалох. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́йнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спакойнага. Свежасць твару, кругласць шчок, спакойнасць вачэй, зграбнасць стану, сілу — усё тое, што яна з гадамі непрыкметна, паволі траціла на сваёй дарозе жыцця, усё гэта да крупінкі, да крошачкі знаходзіла ў сваіх дзецях. Дамашэвіч.
2. Адсутнасць шуму, спакой, цішыня. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку. Гартны.
3. Спакойны стан чалавека, адсутнасць хвалявання, трывогі. У маці знікла ранейшая спакойнасць, самавітасць. Асіпенка. Збліжала яго з Быстровым спакойнасць і вытрымка ў баі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Не бачаны раней, невядомы; нявывучаны. Калі [сябры] наблізіліся, бачаць: Зусім нязнаны край зямлі. Танк. Ногі просяцца ў далеч нязнаных дарог, Свежасць ніў удыхнуць хочуць грудзі. Арочка. / у знач. наз. нязна́нае, ‑ага, н. І тады за сябрам следам Стаў чацвёрты гаварыць: — Да ўсяго патрэбны Веды, Каб нязнанае скарыць. Кірэенка.
2. Такі, якога не давялося перажыць, зведаць; нязведаны. З канвертам у руках.. [Алаіза] хадзіла па пакоі, адчувала, як нейкая нязнаная дагэтуль радасць поўніць яе. Арабей. Міця адчуваў сябе трывожна. Нязнанае, нязведанае раней пачуццё непакоіла яго і хвалявала. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.
2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяць, звяну, звянеш, звяне; зак.
1. Стаць вялым, бляклым; завяць. Кветкі звялі ад спякоты. Трава звяла. // перан. Страціць свежасць; змарнець. Хоць Барташэвічу і было больш за шэсцьдзесят год, усё ж ён яшчэ быў пругкім чалавекам, а жонка ў зорак пяць год звяла, як кветка ў спёку. Гурскі.
2. перан. Зрабіцца вялым, млявым. Цягавіты стары, каб прыйшлося, перамог бы яшчэ сваю ўтому пасля цяжкай дарогі і прайшоў бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кіламетраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім звяў. Чорны. І ногі і рукі ў Івана звялі. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узросту гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
застая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.
1. Доўга прастаяць без работы, без руху (часцей пра каня). Коні застаяліся, астылі — іх цяжка было стрымліваць. Кулакоўскі.
2. Спыніўшыся, доўга прастаяць на адным месцы (думаючы, разглядаючы што‑н. і пад.). Застаяцца перад карцінай. □ Як прыйшла я на ток малаціць — У задуменні застаялася. Багдановіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Доўга стаяць, не перасыхаючы, не сцякаючы (пра ваду). У каляінах застаяліся брудныя лужыны. Новікаў. // Страціць свежасць, сапсавацца, знаходзячыся доўга ў нерухомасці (пра ваду, паветра). У калодзежы многа вады, але яна застаялася, гнілая. Жычка.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Разм. Застацца на доўгі час не выкарыстаным. Цікавыя кнігі па паліцах не застаяцца. Летам асвяжальны напітак у магазіне не застаіцца. □ У лясніцтве кут парожн[і] .. Не застаіцца, не згуляе, Паноў к сабе ён прыцягае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.
2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)