Піць1, пэ́тэ, пы́ты ’глытаць вадкасць’, ’выпіваць спіртныя напіткі’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж пітво́, піццё, піцье ’напітак’ (Касп., ТС), пі́цё ’выпіўка’, піццё ’пойла’ (Сл. ПЗБ), піток, піце́ц ’аматар выпіць’, піткі́ ’які прыемна піць’ (ТСБМ, Янк. 3., Мік., Гарэц.); піць ’склёўваць зерне ў каласах (пра птушак)’ (ТС), ’кляваць проса з мяцёлкі’ (Юрч. СНЛ). Укр. пи́ти, рус. пить, польск. pić, н.-луж. piś, в.-луж. pić, чэш. píti, славац. piť, славен. píti, серб.-харв. пи̏ти ’піць’, макед. пие ’тс’, ’курыць тытунь’, балг. пия ’тс’. Прасл. piti < і.-е. *pïH‑tēi̯ > ці *péi̯H‑tēi > pōi̯ > *pojiti > паіць: ст.-грэч. πῑνω ’п’ю’, лесбійск. πώνω, заг. лад. πῖθι, лац. bibo < *pibō ’п’ю’, алб. pi ’тс’, ірл. ibim, ст.-інд. píbati ’(ён) п’е’, pītás ’выпіты’, pítiṣ ’піццё’, ст.-прус. poi​eti ’піце!’, літ. puota ’выпіўка’, лат. pōtus ’выпіты; п’яны’ (Міклашыч, 246; Траўтман, 228; Фрэнкель, Balt. Spr., 37; Бязлай, 3, 44). Значэнне ’выціскаць сок з зярнят, вішань і пад. (пра птушак)’ — другасная беларуска-польская ізасема, гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 147–148.

Піць2 ’нос’ (пін., Сл. Брэс.). Скарочаная форма ад пі́паць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.

1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.

2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».

3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піць, п’ю, п’еш, п’е; п’ём, п’яце; пр. піў, піла, піло; заг. пі; незак.

1. што і без дап. Глытаць якую‑н. вадкасць. Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. Цётка Тэкля піла маленькімі глыткамі, смакуючы. Корбан. Прыпарвала. Хлопцы знялі шапкі. Хацелася абаім піць. Гартны. // Убіраць у сябе, удыхаць. — Стыне сэрца ад захаплення... Паветра, як малако: п’еш і ўсё мала. Гартны.

2. без дап. Ужываць у вялікай колькасці спіртныя напіткі; праводзіць час, п’ючы гарэлку, віно. Сустракаючыся са сваякамі і знаёмымі, Міхась шмат піў — часта з раніцы да позняй ночы. Сіўцоў.

3. за каго-што. Выпіваць спіртныя напіткі ў гонар каго‑, чаго‑н. Кульнулі чарку за Мальвіну, Другую за гаспадара, І госцю выпала пара, Пілі за славу, за айчыну. Колас.

•••

Не з хараства ваду піць — не самае галоўнае хараство, прыгажосць.

Піць (смактаць, ссаць) кроў — мучыць, прыгнятаць каго‑н., здзекавацца з каго‑н.

Піць мёртвую — піць запоем.

Піць нагбом — піць з вялікай пасудзіны, нахіліўшы яе.

Як піць даць гл. даць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да хаты. Хатняе акно. □ Скрозь хатнія дзверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гарэцкі. // Прызначаны для хаты, для бытавых патрэб. Хатні тэлефон. Хатнія туфлі. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў, каб сынам зберагчы. Калачынскі. Але асабліва любіў.. [настаўнік] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду, майстраваў.. полкі і полачкі, табурэткі і лаўкі. Якімовіч. // Звязаны з доглядам хаты, з сямейнымі клопатамі. І я люблю прытулак хатні — Парадак поўны, прыгажосць. Агняцвет. Пазней мы даведаліся, што Люба выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Бяганская. / у вобразным ужыв. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць.. [Вользіну] застылую душу. Шамякін. // Прыгатаваны ў хаце, у хатніх умовах. П’е з конаўкі жанчына Халодны хатні квас. Куляшоў.

2. Прыватны, сямейны. Хатняе выхаванне. □ Каб зарабіць на пражыццё, Змітрок Бядуля становіцца хатнім настаўнікам, вучыць местачковых дзяцей пісаць і чытаць. Каваленка.

3. Просты, свойскі. Марына не бачыла ў .. [Собіча] такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты. Скрыган. — Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. Караткевіч.

4. Які расце, гадуецца пры хаце, у хаце. Хатнія жывёлы. □ Заўсёды шмат мела.. [доктарыха] садовых і хатніх кветак. Чорны. // Які водзіцца ў хаце. Цяжкія раны наносіць драўляным пабудовам хатні грыб. Гавеман.

5. у знач. наз. ха́тнія, ‑іх. Члены сям’і. Калі.. [Андрэй] быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. Колас. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч.

•••

Хатні скарб — каштоўнасці, пажыткі, маёмасць.

Хатняе заданне — заданне вучням, якое неабходна выканаць дома.

Хатняя гаспадыня гл. гаспадыня.

Хатняя работніца гл. работніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)