паэ́зія, ‑і, ж.
1. Мастацкая, пераважна вершаваная, творчасць. Асветленая і сагрэтая полымем рэвалюцыі 1905–1907 гадоў, паэзія Янкі Купалы стала голасам беларускага народа. Палітыка.
2. Творы, напісаныя вершаванай мовай; проціл. проза. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам, хіба толькі аматары паэзіі ўспомнілі невялікую кніжку ў блакітнай вокладцы — першы яго зборнік. Хадкевіч. [Сцёпка:] — І адкуль ты ўзяў, што я паэзіі не люблю? Сапраўдную паэзію ўсе любяць. Колас. // Сукупнасць вершаваных твораў якога‑н. народа, эпохі і пад. Пралетарская паэзія. Рамантычная паэзія.
3. перан. Што‑н. прыгожае, велічнае, узвышанае, што хвалюе, уздзейнічае на пачуцці. Паэзія прыроды. Паэзія працы. □ І гэты ясны дзень, і гэтыя краявіды, поўныя паэзіі, і гэтыя весткі аб новым месцы, сабраныя ў дарозе, — усё гэта памацняла той добры настрой, у якім пад’язджаў Лабановіч да Пінска. Колас.
[Грэч. póiēsis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
негада́ны, ‑ая, ‑ае.
Нечаканы, неспадзяваны; непрадбачаны. Негаданы госць. □ — Паэзіі тут .. не абярэшся! — падхватвае Лабановіч. — Новыя мясціны, новыя людзі, негаданыя прыгоды падарожжа, начлег дзе-небудзь на ўлонні прыроды, касцёр, цёмнае неба і ясныя зоры... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экспрэсі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць экспрэсіўнага. Экспрэсіўнасць мовы. □ Стылі паэзіі і мастацкай прозы, вызначаючыся багаццем выяўленчых сродкаў, вобразнасцю, эмацыянальнасцю і экспрэсіўнасцю, у перыяд фарміравання і развіцця нацыянальных моў атрымліваюць большую папулярнасць і вядомасць у народзе. Шакун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі-хі́ і хі-хі-хі́, выкл.
Ужываецца для выражэння смеху спадцішка або тонкім голасам. А невядомы Ікс (імя ўспамінаць забаронена) Спрабуе — хі-хі! — у храм паэзіі зайсці ў лапцях, Складае вершы на мужыцкі лад. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плённасць, ‑і, ж.
Уласцівасць плённага. А на ліры звонкай струны гімн звінелі Пра красу і плённасць нашае зямлі. Гурло. Плённасць маладнякоўскага ўплыву на творчасць Змітрака Бядулі відаць перш за ўсё ў шырокім жыццёвым дыяпазоне яго паэзіі. Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невымо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка выказаць, перадаць словамі. Жыве яна, песня, тугою і верай, жыве невымоўным, да слёз хвалюючым сумам спрадвечная, і неўміручай паэзіі, проста сама для сябе. Брыль. Невымоўнае, ласкай і адданасцю свяціліся.. [Верыны] светлыя вочы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.
2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.
3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лейтматы́ў, ‑тыву, м.
1. Асноўны матыў (тэма), які паўтараецца на працягу ўсяго музычнага твора.
2. перан. Асноўная думка, якая неаднаразова паўтараецца і падкрэсліваецца. Лейтматывам у паэзіі 20‑х гадоў была тэма Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Гіст. бел. сав. літ.
[Ням. Leitmotiv.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натхні́цель, ‑я, м.
Той, хто натхняе. Арганізатарам і натхніцелем савецкага народа на свяшчэнную вайну супроць нямецка-фашысцкіх акупантаў была выпрабаваная ў баях вялікая Камуністычная партыя. Пятніцкі. Народ быў для Купалы яго паэтычным натхніцелем і самым аўтарытэтным цаніцелем паэзіі. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прад, прыназ. з Т звычайна ў мове паэзіі.
Тое, што і перад. Хлапцы памыліся рупліва, І ўсе з дарэктарам пачціва Пасталі ў рад прад абразамі. Колас. Мінуліся ліхія зімы, Другія зоры прад вачыма, І па-другому б’ецца сэрца. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)