цьмя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь прыкметы, ледзь бачны; няяркі (пра святло, агонь і пад.). Цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Панчанка.

2. Цёмны, пацямнелы. Жаўранкі не баяцца такога дажджу, як сёння. Іх не відаць у цьмяным небе, а толькі песня звініць. Брыль. Мабыць,.. [жанчына] не спала ўжо некалькі начэй, — пра гэта сведчылі цьмяныя кругі пад вачыма. Васілёнак. // Без бляску, без выразнага колеру. [Андрэйка] ўзяў цьмяны каменьчык, пацёр яго аб шчаку, і той адразу нібы ажыў, заблішчаў. Бяганская. Калі на падаконніках і дзвярах фарба стала цьмянай, ёй можна надаць бляск. «Беларусь». // Невыразны, няясны. Цьмяны экземпляр машынапісу. □ З канверта вываліўся цьмяны здымак, зроблены фатографам-аматарам. Даніленка.

3. перан. Без бляску, невыразны (пра вочы, погляд). Вочы .. [маці] цьмяныя, калісьці шэрыя, ажыўляла прыкметная трывога і надзея. Мележ. Перад .. цьмяным, несвядомым позіркам [першабытнага чалавека] рассцілаліся тыя ж самыя голыя схілы скал. В. Вольскі.

4. перан. Без яснага, выразнага сэнсу; незразумелы. Цьмяная фармуліроўка. □ З далёкай Нямеччыны прыходзілі цьмяныя чуткі аб надыходзячай там рэвалюцыі. Лынькоў. // Ледзь улоўны, слабы; нязначны. Першы перавод прынёс у дом не толькі грошы, але і цьмяны пробліск надзеі. Пальчэўскі. Яшчэ здалёк Іна пазнала Артура, яе першае каханне, яе мару і цяперашнюю цьмяную надзею. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены святла, асвятлення. Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Па адным, па двое, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-такі дамоў. Мядзёлка.

2. Які па колеру блізкі да чорнага; проціл. светлы. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Колас. — У мяне сёння другі шчаслівы дзень у жыцці... — загадкава ўсміхнулася Волька, ускінуўшы на мужа вялікія цёмныя вочы. Васілевіч.

3. перан. Невясёлы, змрочны, пануры. [Зося:] Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвіл[іну]. Гартны.

4. перан. Які не адпавядае маралі, нормам паводзін, што ўстаноўлены грамадствам. Пасля ўчарашніх панібрацкіх адносін Яшкі з шайкай Мішкі Малыша Максім усё больш пераконваўся, што Яшка — цёмная асоба. Машара. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас. [Назарэўскі:] — Як адбылася ўся гэтая цёмная справа, я сам папрасіўся сюды паехаць. Чорны.

5. перан. Непісьменны, некультурны; адсталы. Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце, стаў камуністам. Чарнышэвіч.

6. перан. Няясны, незразумелы. Цёмны сэнс выказвання. Цёмныя месцы старажытнага рукапісу.

7. у знач. наз. цёмная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных, карцэр. Тады па загаду пана Снядэцкага нас [сялян] схапілі, пасадзілі ў цёмную. Праз тры дні вывелі нас на вуліцу. Каваль.

•••

Цёмная вада гл. вада.

Ад цёмнага да цёмнага — з ранку да вечара.

Цёмнае царства гл. царства.

Цёмны лес для каго гл. лес.

Цёмныя сілы гл. сіла.

Як у цёмным лесе гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да туману ​1 (у 1 знач.); які ўтвораны туманам, складаецца з яго. Туманная смуга. □ Агорнуты прастор світаннем сінім, У туманным моры плаваюць кусты. Панчанка. // Спец. Які выкарыстоўваецца ў час туману (пра сігнал). Туманны сігнал. // Ахутаны, засланы туманам. Над туманным лесам, балотам, Дзе калісь хлапчуком-падпаскам Скакаў з каровамі кадрылю я, Сёння горда плывуць самалёты... Чарот. Вунь птушкі звіняць над туманным балотам. Бядуля. Пяюць рыбакі пра туманныя далі, Пра слаўны багаты ўлоў. Хведаровіч. // З туманамі, туманам. Туманны вечар. □ У мутнай шэрані туманнай раніцы вырысоўваліся дзве постаці. Самуйлёнак. Раніца была туманная. Сонца ўзыходзіла ціха, туман разыходзіўся паволі. Чорны. Летась увосені, Алесь, — у дзень туманны, з балотам, слотай і сумам на сэрцы — бачыў я, як над нашымі Ганчарамі, невядома адкуль узяўшыся, праляцелі тры марскія чайкі. Брыль. // Насычаны туманам. Туманная сырасць. □ На станцыі, дзе чырванела воданапорная вежа, узняўся сіні дым і адтуль даляцела прыглушанае туманнай адлегласцю рэха гудка. Гаўрылкін.

2. Расплыўчаты, няясны; бачны як праз туман. Туманны сілуэт. □ [Саша] глядзела ў далячынь, дзе відны былі хаты, але нічога не бачыла, акрамя туманнага вобраза партызана. Шамякін. Туманнае святло аблівала каморку, скрадаючы ўбогасць яе абсталявання. Гартны. // перан. Няпэўны, невыразны (пра ўяўленні, пачуцці і пад.). Туманнае мінулае. □ [Адам Блецька] .. поўніўся туманнымі надзеямі. Чорны.

3. перан. Які мае няясны сэнс; незразумелы (пра выказванні, словы і пад.). Туманнае паняцце. Туманны стыль. Туманны выраз. □ Размаўляючы .. [Сяргей і Наталля Пятроўна] міжвольна і непрыкметна пераходзілі ад адной тэмы на другую, ад абмеркавання простай і яснай жыццёвай падзеі да абстрактных філасофскіх разважанняў, часам даволі туманных. Шамякін. Нічога туманнага няма на жыццёвым шляху Васіля, нічога супярэчлівага. Кулакоўскі.

4. перан. Пазбаўлены акрэсленага выразу, думкі; задуменны (пра вочы, погляд). Туманнымі вачамі .. [Змітрок] глядзеў на столь, па сцены. Ваданосаў. // З няяснай свядомасцю. [Андрэй:] — Калі дырэктар пачне хадзіць да кожнага рабочага на вяселле, яму не застанецца часу кіраваць заводам. Ды і галава будзе вечна туманная. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)