Му́ліць, му́ляць, драг. му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр. му́лити, рус. му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск. mulać ’муліць’, славен. múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв. му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг. шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл. muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ. šmùlas, лат. šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел. шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус. му́ліць ’выпрошваць’ і літ. maũlyti ’канькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

душы́ць 1, душу, душыш, душыць; незак., каго-што.

1. Пазбаўляць каго‑н. жыцця, сціскаючы горла, насільна спыняючы дыханне. [Ваўкі] часта падкопваліся пад хлявы і душылі авечак. Бядуля. // Наваліўшыся на каго‑н., моцна прыціскаць, прычыняць боль. Паліцэйскія з дзікай лютасцю накінуліся на Петрычука і пачалі біць, душыць яго. Анісаў. // перан. Прыгнятаць, не даваць развівацца чаму‑н. Царызм жорстка душыў культуру прыгнечаных народаў, падаўляў іх імкненне да нацыянальна-культурнага развіцця. Казека.

2. Перашкаджаць дыханню. Душыў каўнер нявыбеленае сарочкі, адчуваліся лёгкія мурашкі ўздоўж потнай спіны. Нікановіч. // Падступаць пад горла, пазбаўляючы магчымасці свабодна дыхаць (пра смех, кашаль і пад.). Кашаль душыць. // перан. Моцна ўзбуджаць (пра пачуццё злосці, гневу і пад.). Нянавісць да Стафанковічаў душыла Любу. Чорны.

3. перан. Прыгнятаць, гнясці, мучыць (пра думкі, перажыванні і пад.). Міколу душыла трывога за брата. Якімовіч. — Нейкая туга на дзеўку навалілася. Нешта душыць яе. Памізарнела, аж страх бярэ, — скардзіцца маці суседкам. Бядуля.

4. Заглушаць, не даючы праявіцца. Нехта ўсхліпвае побач, нехта душыць прыглушаныя слёзы. Лынькоў.

5. перан. Разм. Карміць пастаянна адной і той жа стравай. А гаспадыня ўсё нас бульбай з кіслым малаком душыць. Крапіва.

6. Мяць, расплюшчваць. Душыць ягады. // Расплюшчваючы, знішчаць. Душыць вусеняў. // Збіваючы з ног і падбіраючы пад сябе, калечыць, нішчыць. Танк душыў ворагаў.

душы́ць 2, душу, душылі, душыць; незак., каго-што.

Апырскваць або націраць духамі, адэкалонам. Душыць валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драць, дзяру, дзярэш, дзярэ; дзяром, дзераце, дзяруць; незак., каго-што.

1. Раздзяляць на часткі, на кавалкі; раздзіраць. Драць на шматкі. Драць паперу. □ [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. // Зношваць да дзірак (адзенне, абутак).

2. Выдзіраць, адрываць. Драць мох. Драць мёд. □ [Нямка] я ведаў з самага маленства, колькі гадоў жыў з ім побач, пасвіў коні, драў карэнне на кашы. Кулакоўскі. // Знімаць, аддзяляць тонкімі пласцінамі. Драць дранку. Драць лыка. Драць кару.

3. Драпаць, рабіць драпіны чым‑н. вострым; уздзіраць. Добра, калі зямля трапіцца мяккая, — тады работа ідзе хутка. А сустрэнецца цвёрдая — дзяруць .. [ластаўкі] па чарзе кіпцюрамі, дзяруць і нічога не выходзіць. Пальчэўскі. Сухая лыжка рот дзярэ. З нар. Новая мятла чыста мяце, ды падлогу дзярэ. З нар. // Разм. З сілаю церці, націраць што‑н. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ [Ганька] ліпавым луццем ногі. Васілевіч. / без дап. Пра тупыя інструмент. Брытва дзярэ.

4. Ірваць, забіваць (пра драпежных звяроў, птушак). Каршун дзярэ кураня. □ Сава лятала па начы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы, — Сама там драла іх, сама ж і галасіла. Крапіва.

5. Раздрабняць, церці на тарцы. Драць бульбу на бліны.

6. Ачышчаючы ад шалупіння, рабіць з зерня крупы. Драць ячмень на крупы. // Размолваць буйна зерне, робячы крупы. Драць крупы.

7. і без дап. Разм. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне. Перац дзярэ ў горле. □ Тытунь быў свой, а не куплёны, І драў ён горла, як шалёны. Колас.

8. перан.; і без дап. Разм. Браць за што‑н. празмерную плату, назначаць высокую цану. — Не, ты адказвай, — загарачыўся раптам Міця. — Зацягнуў нас сюды, каб мы па дваццаць капеек з людзей нізавошта дралі. Курто.

•••

Вочы драць — нападаць, зласліва накідвацца на каго‑н.

Вуха (вушы) дзярэ — тое, што і вуха (вушы) рэжа (гл. рэзаць).

Драць (ірваць, надрываць) горла (глотку) — моцна гаварыць, крычаць, пець.

Драць нос — важнічаць, задавацца.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) — браць высокую цану, абіраць, эксплуатаваць.

Казлы драць — ванітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)