прапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. прапаў, ‑пала; заг. прападзі; зак.

1. Згубіцца, знікнуць невядома куды (з прычыны крадзяжу, нядбайнасці і пад.). Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая. Чорны. [Хведар:] — У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Чарот.

2. Перастаць з’яўляцца дзе‑н.; знікнуць. Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тое месца. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! С. Александровіч. [Дзед:] — Гэй, Ляксей! Дзе ты прапаў? Пайшлі... Шуцько. // Адправіцца, пайсці куды‑н., не вярнуцца, знікнуць, не даўшы пра сябе знаць. Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому і прапала немаведама дзе. Скрыган. Сам Андрэй вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Пальчэўскі. // Знікнуць з поля зроку; перастаць быць бачным ці чутным. Пятро ўбачыў стагі. Ён глядзеў на іх, пакуль яны не прапалі з вачэй, — за маркотна-мройным даляглядам. М. Стральцоў. У канцы сяла гукі гармоніка перамяшаліся з сабачым брэхам і прапалі. Лобан.

3. Знікнуць, страціцца. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў. Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух. Дамашэвіч.

4. Загінуць; памерці. — Пазбавішся кавалка хлеба, прападзеш нізавошта. Шынклер. Так і прапалі абодва браты праз зайздрасць чалавечую. Скрыган. // Загінуць, здохнуць (пра скаціну). [Даміра:] — За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парася не прапала. Асіпенка. // Спыніць рост, завянуць, засохнуць (пра расліны). — Ну, пра гэта можна пасля пагаварыць, — заўважыла Маша. — А вось скажыце, Лаўрэн Карпавіч, чаму ў калгасе «Сейбіт» лён прапаў? Гроднеў.

5. Трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча. — Прапаў!.. — ледзь чутна толькі прамовіў Сяргей і змоўк, апусціўшы нізка галаву... Нікановіч.

6. Прайсці без карысці. Тры з паловай гады падпольнай працы, працы ў самых складаных і цяжкіх умовах, не прапалі дарэмна. Гурскі.

•••

Без вестак прапасці — бясследна знікнуць (пра чалавека).

Пішы прапала гл. пісаць.

Прападзі ты пропадам! — выказванне моцнага раздражнення, злосці з прычыны чаго‑н.

(І) след прапаў гл. след.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́сці, па́стэ, па́сты ’упасці, быць пераможаным’, ’апусціцца’, ’здохнуць’, петрык. ’пахудзець’ (ТСБМ, Шатал., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; кам., Шатал.), па́сціся ’кінуцца пад ногі (аб сабаку)’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр. па́сти (паду́), рус. пасть, падать, польск. paść, н.-луж. padaś, в.-луж. padać, ст.-чэш. і зах.-чэш. pásti (padu), чэш. padati, славац. padať, славен. pásti (padem), серб.-харв. па̏сти (па̏днем), макед. падне ’ўпасці’, ’зайсці (аб сонцы, месяцы)’, паѓа ’падаць’, ’заходзіць’, балг. падна, ст.-слав. пасти (падѫ) ’пасці, падаць’. Прасл. pasti (padǫ) (з і.-е. *pōd‑); паводле Махэка₂ (425), прасл. аснова pad‑ узнікла ў выніку налажэння асновы ped‑ (ст.-інд. pādayatē ’падае, ідзе’, авест. avapasti‑ ’падзенне’, pasta‑ ’які загінуў’, ст.-в.-ням. gi‑feʒʒen ’упасці’) і pōl‑ (літ. pùlti, púolu, лат. pult, puolu, ст.-в.-ням. fallan, суч. fallen ’падаць, пасці’). Мюленбах-Эндзелін (3, 206) збліжаюць з под, з лац. pēs, pedis ’нага’, ст.-грэч. πώς, гоц. fōtus ’тс’.

Пасці́1, пасьць, пасті́, па́стэ ’пасвіць’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’сцерагчы’ (Мат. Гом.), пасці́ во́ка ’назіраць, цешыцца’ (КЭС, лаг.), па́сьціся ’пасвіцца’ (Бяльк.), па́стысь ’лётаць за ношкай’ (Нікан.). Укр., рус. пасти́, польск. paść, палаб. post, н-., в.-луж. pasć, чэш. pásti, славац. pásť, славен. pásti, серб.-харв. па̏сти, макед. пасе, балг. паса, ст.-слав. пасти, пасѫ. Прасл. pasti ’пасці’ з’яўляецца інфільтрацыяй італ. pas‑ ’тс’, а італ. pāstōr‑io‑s ’пастух’ дало прасл. мове pastyrь (гл. пасты́р), выцесніўшы ў гэтым значэнні балтыйскія па паходжанню goniti, gonъ (параўн. ст.-прус. guntwei, лат. giñti, ganýti, лат. dzît, ganît ’гнаць’, ’пасці’, літ. gãnas, лат. gans ’пастух’) (Мартынаў, Язык, 64–65). Іншыя версіі, якія выводзяць прасл. лексему з і.-е. *pā(s)‑ гл. у Міклашыча (232), Голуба–Копечнага (256), Брукнера (398–399), Фасмера (3, 215), Скока (2, 614–615), ці з *poH‑s‑/‑sk‑ (Іванаў, Общеиндоевр., прасл. и анатол., 172–174). Каралюнас (Балто-слав. сб., 281–288) даводзіць, што адпаведнікамі прасл. pasti з’яўляюцца лац. pāscō, тах. A pās‑, В pāsk‑ і хец. paḥš‑, а таксама літ. pósėti ’шанаваць (ідалы)’, põselėti, púoseleti ’карміць (клапатліва даглядаючы)’, ’пялегаваць’, лат. pâsêt ’(празмерна) карміць’, pãsêt ’пялегацаць, песціць, шкадаваць, ахоўваць, адстойваць’, pàst ’пялегаваць, клапаціцца’.

Пасці́2, пасьці́ ’амаль’ (бялын., Янк. 3.; Юрч., Бяльк.). З рус. почти, якое з’яўляецца формай 2‑й ас. загаднага ладу дзеяслова почитать (Праабражэнскі, 2, 118; Фасмер, 3, 349), пры гэтым ‑чтʼ‑ > ‑чцʼ‑ > ‑сʼцʼ‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пастьI сов.

1. (упасть) уст. упа́сці; (повалиться) павалі́цца;

2. (подохнуть — о скоте) здо́хнуць, мног. паздыха́ць, падо́хнуць, акале́ць, загі́нуць;

3. (на кого, что) прям., перен. упа́сці; (лечь) ле́гчы; (выпасть на чью-л. долю) вы́пасці, прыпа́сці;

жре́бий пал на меня́ су́джана было́ мне, вы́пала на маю́ до́лю;

4. (прийти в упадок) заняпа́сці, падупа́сці; (снизиться) зні́зіцца; (уменьшиться) зме́ншыцца;

5. (погибнуть) высок. па́сці, загі́нуць;

пасть в бою́ загі́нуць у баі́;

6. (о крепости, осаждённом городе) па́сці; (сдаться) зда́цца;

7. (быть свергнутым) па́сці;

диктату́ра па́ла дыктату́ра па́ла;

8. (в общественном мнении) па́сці;

ни́зко пасть в глаза́х (чьих-л.) канчатко́ва стра́ціць пава́гу;

мора́льно пасть мара́льна па́сці;

пасть на по́ле бра́ни загі́нуць на ра́тным по́лі (на по́лі бо́ю, на по́лі бі́твы);

пасть же́ртвой зрабі́цца (стаць) ахвя́рай;

пасть духом па́сці (заняпа́сці) ду́хам.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

памерці, сканаць, згінуць; загнуцца, зайсціся, акалець, апруцянець, спруцянець, выпруціцца, апрэгчыся, скапыціцца, здырдзіцца (разм.); легчы, злегчы, палегчы, дайсці, дацца (перан.); пасці, заснуць, спачыць, адысці (перан., выс.); здохнуць, падохнуць (перан., зняваж.) □ не стаць, расстацца са светам, пакінуць гэты свет, пайсці на той свет, падацца на той свет, прыняць смерць, аддаць жыццё, развітацца з жыццём, паплаціцца жыццём, заплаціць жыццём, разлучыцца з душой, аддаць богу душу, загавець душой, не ўказаць духу, спусціць дух, аддаць галаву, палажыць галаву, пакласці галаву, злажыць галаву, скласці галаву, налажыць галавой, навярнуць галавой, звярнуць галаву, скруціць галаву, зламаць галаву, страціць галаву, не знасіць галавы, не вынесці галавы, адказаць галавой, згарнуць рукі, сашчапіць рукі, налажыць на сябе рукі, выцягнуць ногі, працягнуць ногі, сысці на вечны спакой, сысці ў зямлю, легчы мёртвым, легчы ў зямлю, легчы ў зямлі, легчы ў труну, легчы ў дамавіну, легчы трупам, легчы касцьмі, палегчы касцьмі, пайсці ў магілу, узяць шлюб з зямлёй, сысці з зямлі, заручыцца з богам, даць дуба, паехаць да Абрама на піва

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)