загуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Пачаць гуляць (у 2, 3, 4 і 6 знач.).

2. Празмерна захапіцца гулянкай, папойкамі. Пазаўчора ў Гайку «фэст» быў. І хто толькі выдумаў гэтыя «фэсты»! Вось і не могуць спыніцца... Загулялі... Шамякін.

•••

Загуляць на вяроўках — апынуцца на вісельні, быць павешаным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распіса́цца, -пішу́ся, -пі́шашся, -пі́шацца; -пішы́ся; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым-н.

Р. у дзённіку сына.

2. перан. Сваімі ўчынкамі, паводзінамі пацвердзіць што-н. у адносінах да сябе.

Р. ў сваёй бездапаможнасці.

3. з кім і без дап. Зарэгістраваць свой шлюб (разм.).

4. Пачаўшы пісаць, захапіцца (разм.).

Так распісаўся, што не спыніць.

|| незак. распі́свацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. распі́сванне, -я, н. (да 2 знач.) і распі́ска, -і, ДМ распі́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разма́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Пачаўшы марыць, захапіцца марамі, забыцца ў іх. Каб соладка размарыцца, вясковаму хлапчаняці дастаткова было прыціхнуць каля плоту. Брыль.

размары́цца, ‑мару́ся, ‑мо́рышся, ‑мо́рыцца; зак.

Разм. Знемагчыся (ад спёкі, духаты або стомы). Нейкі дзядзька, як заўсёды стомлены, размарыўся ў царкве дрымотай і заснуў у зацішным кутку. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Разм.

1. Пачаць вельмі бурна гуляць, захапіцца гульнёю; разгуляцца. Дзіця ўзгулялася. / у перан. ужыв. [Янка:] — У рацэ рыбе так узгулялася, што быццам у гаршку вада кіпіць. В. Вольскі.

2. перан. Дасягнуць у якім‑н. дзеянні значная сілы, інтэнсіўнасці. Узгуляўся вецер. □ Ой, жудасна-халодная Узгулялася зіма. Купала. Нібы вясною, узгулялася сонца. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улюбі́цца, улюблюся, улюбішся, улюбіцца; зак.

Закахацца ў каго‑н. [Люднікаў:] Дык чаго ты плакала, можа, улюбілася ў каго? [Ніна:] Я не ўлюбілася. Кучар. // Захапіцца чым‑н., паддацца хараству чаго‑н. Улюбіцца ў кнігі. □ Ленінград! Я ўлюбіўся ў тваю прыгажосць! Ставер. Але мы, улюбіўшыся насмерць у шляхі, пракладзеныя ў заўтра, навучылі песню разумець, што ў змаганні і загінуць варта. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскіда́цца, -аюся, -аешся, -аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі.

Печ раскідалася.

2. перан. Разладзіцца, расстроіцца.

Вяселле раскідалася.

3. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго.

Рэдкія бярозкі раскідаліся на пагорку.

4. Раскінуць рукі, ногі (у сне).

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной; разм.).

6. Захапіцца кіданнем чаго-н. (разм.).

7. Нарадзіць дзіця (разм.).

8. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым.

|| незак. раскіда́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і раскі́двацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адда́цца, -да́мся, -дасі́ся, -да́сца; -дадзі́мся, -дасце́ся, -даду́цца; зак.

1. каму-чаму і на што. Аддаць сябе ва ўладу пераможцы, здацца; пакарыцца не супраціўляючыся.

А. на чужую волю.

2. каму-чаму. Цалкам прысвяціць сябе каму-, чаму-н.; захапіцца чым-н, паглыбіцца ў што-н. (думкі, мары).

А. навуцы.

3. каму. Уступіць у палавую сувязь з кім-н.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Адгукнуцца, адазвацца, адбіцца; выклікаць сабою якое-н. пачуццё.

У гарах аддалося рэха.

Боль аддаўся ў паясніцы.

5. безас. Будзе аддадзена, заплачана.

Некалі аддасца.

|| незак. аддава́цца, -даю́ся, -дае́шся, -дае́цца; -даёмся, -даяце́ся, -даю́цца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прысмакта́цца, ‑смакчуся, ‑смокчашся, ‑смокчацца; зак.

Смокчучы, упіцца ў што‑н., моцна прыстаць да чаго‑н. П’яўка прысмакталася. Дзіця прысмакталася да грудзей. // перан. Разм. Прыстаць да чаго‑н., захапіцца чым‑н. Прыходзіцца па некалькі разоў перачытваць тое самае, нават і сумнаватае. Не дзіва, што прысмокчашся да Гогаля!.. Брыль. // перан. Разм. Прыдадзіцца да каго‑, чаго‑н. дзеля ўласнай выгады. — Вы, часам, не з тых недабітых афіцэраў Балаховіча, што рашылі да пары да часу прысмактацца да Савецкай улады? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві; дарагі, блізкі сэрцу. Любімая дачка. □ Шчаслівай дарогі, таварыш любімы, заўсёды, усюды з табою радзіма! Дубоўка.

2. Якому аддаецца перавага перад іншымі; асабліва дарагі каму‑н. Любімы настаўнік. Любімая справа. □ Чырванеючы ад хвалявання і рашучасці, Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс «Бярозку». Брыль.

3. у знач. наз. любі́мы, ‑ага, м.; любі́мая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

•••

Наступіць на любімы мазоль гл. наступіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разагна́цца, разганюся, разгонішся, разгоніцца; зак.

1. Павялічваючы скорасць свайго руху, давесці яе да найбольшай велічыні. Вось.. [бусел] трошкі разагнаўся, узмахнуў разы тры крыламі, і паволі падняўся ў паветра. Васілевіч. [Вадзімку] тут не было дзе і пабегаць. Толькі разгоніцца, а перад ім лава, ці ўслон, ці палаці. Сабаленка.

2. Захапіцца сваім заняткам, увайсці ў азарт. Гледзячы на гэтую Бабейкаву сядзібу, Ваўчок не любаваўся яе раскошай, а з трывогай думаў: «Ох і разагнаўся чалавек!» Хадкевіч.

•••

Не разгонішся — пра немагчымасць зрабіць што-небудзь у існуючых абставінах, умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)